Кальвінскі збор (Кухцічы)
Рэфармацкі храм | |
Кальвінскі збор | |
---|---|
| |
53°26′35″ пн. ш. 27°09′22″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Пасёлак | Первамайск |
Канфесія | кальвінізм |
Архітэктурны стыль | рэнесанс з элементамі барока і класіцызму |
Заснавальнік | Мацей Кавячынскі |
Будаўніцтва | 1560-я — 1570-я |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000628 |
Стан | Занядбаны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кальвінскі збор — помнік ахітэктуры Рэнесансу XVI ст. у пасёлку Первамайск (былая сядзіба Кухцічы). Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца, што кальвінскі збор у Кухцічах узведзены ў 1560—1570-я гг. па фундацыі вядомага кальвініста і паплечніка С. Буднага, тагачаснага ўладальніка маёнтка Мацея Кавячынскага[1].
У XVIII ст. храм быў рэканструяваны і набыў барочныя і класіцыстычныя рысы. Гэтак была дабудавана алтарная частка, амаль роўная з уваходнай у плане, але нізейшая.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Архітэктура храма нагадвае іншы рэфармацкі храм у Смаргоні. Асноўны аб'ём гэтага кампактнага мураванага збудавання, накрытага конусападобным шатровым дахам, мае складаную пры рэалізацыі ў будаўніцтве пры тагачасных метадах дванаццацігранную форму ў плане. Гэтая геаметрычная форма кафалікона сімвалізуе гармонію Сусвету, што з'яўляецца адной з галоўных тэм рэфармацкіх храмаў. Да асноўнага аб'ёма прымыкаюць купалападобныя ўваходная і алтарная частка. Вуглавыя сучляненні асноўнага аб'ёму прарэзаны прамавугольнымі з паўцыркульнымі звяршэннямі аконнымі праёмамі, сцены апсіды - круглымі люкарнамі. Уваходная частка вылучаецца пілястравым порцікам з ляпнымі геральдычнымі выявамі над уваходам і трохвугольным франтонам, па баках фланкіравана дзвюма круглымі вежачакамі, якія некалі вялі на вежу-званіцу. Вежачкі не маюць перавязкі з прытворам - гэта дазваляе сцвярджаць, што яны былі прыбудаваны ў хуткім часе пасля ўзвядзення храма. Усе часткі храма аб'яднаны агульнай цягай карніза.
Падмуркі выкананы ў тэхніцы змяшанай муроўкі з цэглы і валуноў. Сцены ўзведзены ў тэхніцы раўнаслойнай муроўкі з цэглы (27—27,5х13—13,5х6,5—7 см) на вапнава-пясчанай рошчыне, аналагічная цэгла выкарыстана пры будаўніцтве Троіцкага касцёла ў Клецку (сяр. XVI ст.) і Петрапаўлаўскага касцёла ў Новым Свержні (2-я пал. XVI ст.). Вежы ўзведзены ў тэхніцы тычковай муроўкі з цэглы (?х13,5—15х6,5—7 см). Рошчына па складу блізкая да ўжытай у сценах храма.
Інтэр'ер
[правіць | правіць зыходнік]Унутраная прастора асноўнага аб'ёма ўяўляе круглую залу, перакрытую самкнутым купалам, які да нашага часу не захаваўся. Сцены раскрапаваны канеліраванымі пілястрамі і завершанымі прафіляванымі карнізамі з сандрыкамі. Уваходны аб'ём перакрыты крыжовым скляпеннем, а алтарная частка — цыліндрычным з распалубкамі. Апошняя раскрыта ў асноўны аб'ём лучковай аркай, як і хоры, размешчаныя на другім паверсе прытвора.
Пад алтаром размяшчаецца пахавальня ўладальнікаў маёнтка.
Падлога першапачаткова была выкладзена ў шахматным парадку тэракотавымі і зялёнымі паліванымі пліткамі (18×18×3 см)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Ткачоў М., Калядзінскі Л. Помнікі гісторыі // Чырвоная зорка. — 1978. — № . — 13 сакавіка. — С.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Кушнярэвіч А.К. Культавае дойлідства Беларусі XIII — XVI стст.: Гістарычнае і архітэктурна-археалагічнае даследаванне. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 150 с. — С. 115 — 117. — ISBN 5-343-01403-8.
- Саборы помняць усе : готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. Габрусь ; фота У. А. Багданава. — Мінск: Беларусь, 2007. — 165, [1] с. : фат. — Бібліягр.: с. 160-164. с. — ISBN 978-985-01-0714-5.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кальвінскі збор (Кухцічы)
- Кальвінскі збор (Кухцічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Кальвінскі збор (Кухцічы) на сайце Radzima.org