Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Плюсы)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
55°48′48″ пн. ш. 27°02′50″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Плюсы |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Віцебская дыяцэзія |
Дэканат | Браслаўскі |
Архітэктурны стыль | неараманскі |
Дата пабудовы | пачатак XX стагоддзя |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000209 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — мураваны каталіцкі храм у в. Плюсы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя з цэглы і бутавага каменю. Да гэтага тут існаваў невялікі філіяльны храм Браслаўскай парафіі, заснаваны ў 1770 годзе і капітальна адрамантаваны ў 1860 годзе. Паводле некаторых звестак, ён быў мураваным.
У парафіі на пачатку мінулага стагоддзя працавалі наступныя святары: кс. Малахоўскі, кс. Казімір Сяндоўскі, кс. Пётр Вайцякунас (памёр у 44 гады, пахаваны на мясцовых могілках), кс. Ігнацы Мантвіла, кс. Станіслаў Мажэйка, кс. Ян Жук, кс. Казімір Радзішэўскі і кс. Францішак Білша, вывезены савецкімі ўладамі.
У 1941—1944 гадах будынак быў пашкоджаны, моцна пацярпела адна з вежаў будынка. Пасля вайны храм ператварылі ў школу, потым у краму. Вернуты прыхаджанам у 1989 годзе. Адрамантаваны парафіянамі пад кіраўніцтвам ксяндза пралата Трубовіча і ксяндза Францішка Апячонка, і перададзены вернікам для сакральных мэтаў у 1991 годзе.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Пабудаваны па каноне трохнефавай двухвежавай базілікі памерамі 33,5х18,8х34 м, з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Трохчасткавы фасад фланкіраваны дзвюх’яруснымі чатырохграннымі вежамі са спічастымі шатрамі. Па цэнтры фасад завершаны 2-гранным атыкавым шчыпцом з круглай люкарнай наверсе і 5-пралётнай аркадай унізе. Арачны ўваходны праём аформлены прамавугольным парталам.
Архітэктура храма заснавана на форме паўцыркульнай аркі, якая пакладзена ў малюнак уваходнага партала, трыфорыума над ім, біфорыума вежаў. Другі ярус галоўнага фасада вылучаны аркатурным фрызам, завершаным 2-гранным шчытом з акном-ружай. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў 2-абломных цагляных ліштвах і лапаткамі ў прасценках, апяразаны зубчастымі фрызамі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 155.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 295—296.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Плюсы)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Плюсы) на сайце Catholic.by (бел.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Плюсы) на сайце Radzima.org
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Плюсы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)