Красненскі бор
Кра́сненскі бор — лясны масіў у Смаргонскім раёне, за 5 км на паўднёвы захад ад г. Смаргонь, на тэрыторыі Смаргонскага лясгаса. Плошча 860 га. Рэльеф узвышаны, пагорысты, ускладнены западзінамі, лагчынамі, равамі. Глебы галоўным чынам дзярнова-падзолістыя і супясчаныя, сустракаюцца тарфяна-глеевыя. На яго тэрыторыі некалькі невялікіх ручаёў, якія ўпадаюць у р. Гервятка. У складзе лясоў (96 %) пераважаюць хвойнікі (61 %) і ельнікі (39 %) пераважна кіслічнага і зеленамошнага тыпаў з добра развітым падлескам з ляшчыны і рабіны. Сярод драўняных парод і ў падлеску распаўсюджаны шыракалістыя (дуб, ліпа, клён, ясень), з глебапокрыўных — дуброўнае разнатраўе (брызгліна, бружмель, падалешнік, пралеска, снітка і інш.). Астатнія 4 % тэрыторыі заняты нізіннымі асаковымі балотамі, якія месцамі параслі бярозай пушыстай і часткова выкарыстоўваюцца пад сенажаць. Месца адпачынку і турызму.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Красненский бор // Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 4.: Картография — Миноговые / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2007. — 768 с. — ISBN 978-985-11-0385-6