Музыка Сярэдневякоўя
Тэрмін музыка Cярэднявечча ахоплівае перыяд у еўрапейскай гісторыі музыкі ад падзення Рымскай Імперыі (V стагоддзя) да пачатку XV стагоддзя, калі на змену прыйшла эпоха Адраджэння. Агульнымі рысамі гэтага перыяду з’яўляецца моцная сувязь з рэлігіяй, перавага аднагалосся, аскетызм, акапэльныя спевы і перавага мадальных ладоў. На эпоху Сярэднявечча прыпадае дзейнасць Гвіда д’Арэца, які першым прапанаваў сістэму сальмізацыі, што зрабіла дакладным запіс нот.
Крыніцы даследавання
[правіць | правіць зыходнік]Звесткі пра сярэднявечную музыку грунтуюцца на яе рукапісах, якія захаваліся да нашага часу. Стварэнне музычных рукапісаў было дарагой справай як з-за дарагавізны пергаменту, так і працаёмкасць працэсу перапісвання, таму толькі багатыя інстытуцыі маглі сабе дазволіць стварэнне такіх манускрыптаў, у асноўным гэта былі цэрквы і манастыры. Гэтымі інстытуцыямі захоўваліся ўзоры як духоўнай, так і свецкай музыкі, аднак захаваныя рукапісы не адлюстроўваюць разнастайнасць папулярнай музыкі таго часу. Запісаная музыка пачатку эпохі выглядае аднагалоснай і рытмічна роўнай, г.зн. тэкст спяваецца ва ўнісон без інструментальнага суправаджэння.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Еўропа
[правіць | правіць зыходнік]Паступова, хоць і павольна, узбагачаюцца змест музыкі, яе жанры, формы, сродкі выразнасці. У Заходняй Еўропе з VI-VII стагоддзяў. Складваецца строга рэгламентаваная сістэма аднагалоснай (манадычнай) царкоўнай музыкі на аснове дыятанічных ладаў (грыгарыянскі спеў, найбуйнейшымі прадстаўнікамі якога з’яўляюцца Ноткер і Туаціла), якая аб’ядноўвае рэчытацыю (псалмодыя) і спевы (гімны). На мяжы 1-га і 2-га тысячагоддзяў зараджаецца шматгалоссе. Фарміруюцца новыя вакальныя (харавыя) і вакальна-інструментальныя (хор і арган) жанры: арганум, матэт, кандукт, затым меса. У Францыі у XII стагоддзі ўтвараецца першая кампазітарская (творчая) школа пры Саборы Парыжскай Маці Божай (Леанін, Перацін). На мяжы Адраджэння (стыль ars nova у Францыі і Італіі, XIV стагоддзя) у прафесійнай музыцы аднагалоссе выцясняецца шматгалоссем, музыка пачынае патроху вызваляцца ад выключна практычнай функцыі (абслугоўванне царкоўных абрадаў), у ёй узмацняецца значэнне свецкіх жанраў, у тым ліку песенных (Гільём дэ Машо). Сярэднявечнай музыцы Еўропы прысвяцілі свае працы шматлікія музыкаведы (у тым ліку П'ер Абры).
Усходняя Еўропа і Азія
[правіць | правіць зыходнік]ва Усходняй Еўропе і ў Арменіі развіваюцца свае музычныя культуры з самастойнымі сістэмамі ладаў, жанраў і формаў. У Візантыі, Балгарыі, Кіеўскай Русі, пазней Ноўгарадзе было расквіта культавы знаменны распеў, заснаваны на сістэме дыятанічных гласаў, які абмяжоўваўся толькі чыста вакальнымі жанрамі (трапары, стыхіры, гімны і інш.) і выкарыстоўваў адмысловую сістэму запісу нот (крукі).
У гэты ж час на Усходзе (Арабскі халіфат, краіны Сярэдняй Азіі, Іран, Індыя, Кітай, Японія) фарміруецца феадальная музычная культура новага тыпу. Яе прыкметы — шырокае распаўсюджанне свецкага прафесіяналізму (як прыдворнага, так і народнага), які набывае віртуозны характар, абмежаванне вусновай традыцыяй і манадычнымі (мелодыя без акампанементу) формамі, якія дасягаюць, аднак, высокай дасканаласці ў мелодыцы і рытміцы, стварэнне вельмі ўстойлівых нацыянальных і міжнацыянальных сістэм музычнага мыслення, якія аб’ядноўваюць у сабе строга вызначаныя віды ладаў, жанраў, інтанацыйных і кампазіцыйных структур (мугама, макамы, рагі і інш.).
Інструментарый
[правіць | правіць зыходнік]Інструменты, на якіх выконвалася сярэднявечная музыка захаваліся да нашых дзён, хоць і ў розных формах. Флейты вырабляліся пераважна з дрэва, а не металу (як зараз) і былі як падоўжнымі так і папярочнымі, падобнымі да сучасных блок-флейт. Папулярнымі былі пан-флейты, якія таксама вырабляліся з драўніны.
Распаўсюджаны былі шчыпковыя струнныя інструменты, такія як лютня, псалтэрыён, а таксама цымбалы, на якіх да XIV стагоддзя таксама ігралі зашчыпваннем струны і толькі пасля XIV стагоддзя, калі была вынайдзенай тэхналогія вытворчасці металічных струн, ударамі палачак.
Першым зафіксаваным ў Еўропе смычковым інструментам стала колавая ліра, якая патрапіла з Візантыі. Існавалі таксама струнныя інструменты без рэзаніруючага корпуса, падобныя да сучаснай арфы, існавалі таксама і раннія версіі скрыпак і трамбонаў.
Сістэмы натацыі
[правіць | правіць зыходнік]Сярэднявечча з’яўляецца эпохай, калі сфарміраваліся сістэма натацыі і асновы музычнай тэорыі, якія ляглі ў аснову далейшага развіцця еўрапейскай музыкі.
З развіццём і ўскладненнем літургіі, а таксама з імкненнем Рыма цэнтралізаваць царкоўныя службы актуалізавалася і патрэбнасць у фіксацыі царкоўных песнапенняў з тым, каб не толькі палегчыць іх запамінанне[1], але і перадаваць на вялікія адлегласці[2]. Першым крокам да вырашэння гэтай праблемы стала ўвядзенне розных знакаў, якія запісваліся над тэкстам, гэтыя знакі называліся неўмамі, а натацыя стала называцца неўменнай.[3] Гэты тып натацыі пачаў выкарыстоўвацца ў 8-9 стагоддзях, а большасць даследчыкаў згаджаюцца, што іх бліжэйшыя папярэднікамі з’яўляюцца грэчаскія і раманскія граматычныя знакі, якія пазначалі важныя моманты дэкламацыі — уздым і спад у інтанацыі.[4] Такімі двума класічнымі знакамі былі actus, /, які адлюстроўваў павышэнне інтанацыі і gravis, \, якія абазначаў паніжэнне. Аднак неўменная натацыя не паказвала абсалютнай гукавышыннасці, а таксама не адлюстроўвала і рытмічныя працягласці.[5]
Важную ролю ў рэфармаванні натацыі адыграў Гвіда д’Арэца (першая палова XI стагоддзя), які ўвёў сістэму сальмізацыі, 4-х лінейны нотны стан з літарным пазначэннем вышыні гуку на кожнай лініі, і ключ. Гэты спосаб атрымаў назву харальнай натацыі, якая выкарыстоўвалася для запісу грыгарыянскіх харалаў. Нарэшце з XIII стагоддзя харальная натацыю выцясняе мензуральная, якая дазваляла фіксаваць не толькі вышыню, але і працягласць гукаў. Сярод першых яе стваральнікаў — Іаан дэ Гарландзія , Франка Кёльнскі , Вальтэр Одзінгтан, Еранім Мараўскі . На Русі ў гэты час атрымаў распаўсюджанне знаменны распеў, які запісваўся з дапамогай безлінейных знакаў — «знамён» (сцягоў) або «крукоў».
Зноскі
- ↑ Albert Seay, Music in the Medieval World (Englewood Cliffs: Prentice-Hall, 1965), 40.
- ↑ Albert Seay, Music in the Medieval World (Englewood Cliffs: Prentice-Hall, 1965), 41.
- ↑ Richard H. Hoppin, Medieval Music (New York: Norton & Company, 1978) 57.
- ↑ Carl Parrish, The Notation of Medieval Music (London: Faber & Faber Limited, 1958) 4.
- ↑ Richard H. Hoppin, Medieval Music (New York: Norton & Company, 1978), 89.