Мікалай Міхайлавіч Нікольскі
Мікалай Міхайлавіч Нікольскі | |
---|---|
руск.: Николай Михайлович Никольский | |
| |
Дата нараджэння | 1 (13) лістапада 1877 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 19 лістапада 1959[1] (82 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | антраполаг, гісторык, этнограф, асірыёлаг, выкладчык універсітэта, усходазнавец |
Навуковая сфера | гісторыя |
Месца працы | БДУ, Інстытут гісторыі АН БССР |
Навуковая ступень | Доктар гістарычных навук (1934) |
Навуковае званне | Акадэмік АН БССР (1931), член-карэспандэнт АН СССР (1946) |
Альма-матар | |
Член у |
|
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мікала́й Міха́йлавіч Ніко́льскі (1 (13) лістапада 1877, Масква — 19 лістапада 1959) — расійскі і беларускі савецкі гісторык, усходазнавец. Акадэмік АН БССР (1931), член-карэспандэнт АН СССР (1946). Доктар гістарычных навук (1934). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1938).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і М. В. Нікольскага, арыенталіста з сусветным прызнаннем. Скончыў гімназію (1896) з залатым медалём. Паступіў на філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы зацікавіўся гісторыяй Старажытнага Усходу, найперш Палесціны. У 1901 г. апублікаваў дыпломную работу «Іудзея пры Макавеях і Асманеях» па гісторыі Іудзеі. Па сканчэнні Маскоўскага ўніверсітэта, атрымаў месца выкладчыка ў Маскоўскай жаночай гімназіі імя В. Ф. Пратапопавай. У час рэвалюцыі 1905 г. на кватэры М. М. Нікольскага была бальшавіцкая яўка, сам ён распаўсюджваў нелегальныя газеты. Захапленні рэвалюцыйнымі плынямі, аднак, не заміналі навуковай кар’еры.
Цікавасць да гісторыі Старажытнай Палесціны абумовіла ў М. М. Нікольскага і цікавасць да пачаткаў хрысціянства і іншых рэлігій гэтага рэгіёна. Да пачатку 1-й сусветнай вайны выходзяць працы «Цар Давід і псалмы», «Старажытны Ізраіль», «Ранняе хрысціянства», «Вавілон і Біблія». Тады ж пачынае даследаваць і гісторыю старажытных Вавілона і Егіпта. У 1918 г. была надрукавана адна з найбольш вядомых яго работ «Ісус і першыя хрысціянскія абшчыны».
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. працаваў настаўнікам у савецкай працоўнай школе, выкладчыкам Сацыялістычнай акадэміі грамадскіх навук у Маскве. У 1918 г. перабраўся ў Смаленск, дзе быў адкрыты дзяржаўны ўніверсітэт, быў прафесарам Смаленскага ўніверсітэта, з восені 1919 г. — рэктарам.
У 1921 г. па запрашэнні першага рэктара новастворанага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У. І. Пічэты пераязджае ў Мінск. У верасні 1921 г. Вучоным Саветам БДУ М. М. Нікольскі зацверджаны на пасаду прафесара па кафедры гісторыі рэлігіі. У 1922 г. адказваў за арганізацыю новага, педагагічнага, факультэта. М. Нікольскаму, як аўтарытэтнаму навукоўцу, было даручана кіраваць разглядам заяў аб прыёме на працу ў БДУ ад тых, хто жадаў працаваць у Мінску на выкладчыцкай пасадзе. Між іншых, у верасні 1923 г. на працу ва ўніверсітэт дзякуючы М. Нікольскаму быў прыняты этнограф І. А. Сербаў. У кастрычніку 1923 г. на пасяджэнні дэканата педфака была разгледжана рэкамендацыя на працу выкладчыкам беларускай мовы К. М. Міцкевіча (Я. Коласа), М. М. Нікольскі прасачыў, каб Праўленне БДУ прыняло станоўчае рашэнне па гэтым кадравым пытанні і неабходная папера трапіла на пацвярджэнне Галоўпрафадукацыі БССР.
Таксама М. М. Нікольскі, як намеснік дэкана, займаўся забеспячэннем кватэрамі выкладчыкаў, якіх запрашаў, удзельнічаў у камісіі па абкладанні студэнтаў платай за вучобу, каб падтрымаць існаванне факультэта і ўніверсітэта ў цэлым, фарміраваў экспазіцыю ўніверсітэцкага музея гісторыі, культуры і рэлігіі. У экспазіцыі, вядома, цалкам адлюстроўваліся навуковыя інтарэсы М. Нікольскага — першабытная культура, рэлігія, Егіпет, Вавілон, Асірыя і г.д.
Калегія Наркамасветы БССР 16 мая 1924 г. зацвердзіла М. Нікольскага на пасадзе дэкана педагагічнага факультэта БДУ. Мусіць першым, што зрабіў Нікольскі на гэтай пасадзе, было запрашэнне ў Мінск выдатнага хіміка з Кіева М. А. Прыляжаева, таксама вельмі важнай справай было адстойванне маёмасці і аўдыторнага фонду ад перадачы іх Цэнтральнай партыйнай школе.
У адным са сваіх выступленняў, 30.10.1922 г. у БДУ, М. М. Нікольскі выказваў захапленне новымі магчымасцямі для даследчыкаў, каб вывучаць рэлігію як з’яву сацыяльную, праз даследаванне і крытыку, а не праз дагматыку і апалогію. У 1922 г. выходзіць і яго буйная праца па гісторыі ранняга хрысціянства «Сусветны і сацыяльны пераварот па ўяўленнях ранняга хрысціянства» — аналіз раннехрысціянскай эсхаталогіі (вучэння аб канцы свету), дзе М. М. Нікольскі рэалізоўвае матэрыялістычны погляд на гісторыю, аднак у працы Ісус — гістарычная асоба, храналогія кніг Новага запавету — сапраўдная.
У 1920-я і ў пачатку 1930-х гадоў М. М. Нікольскі выдаў шэраг сваіх прац па гісторыі хрысціянства і іудзейскай рэлігіі. Паказальна, што яго кніга «Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі» была выдадзена ў Мінску у 1931 г. на беларускай мове, а на рускую мову была перакладзена толькі ў 1974 г. у серыі «Навукова-атэістычная бібліятэка». З 1930-х гадоў М. М. Нікольскі фактычна перастаў даследаваць праблемы ранняга хрысціянства, аднак у гэты час выйшла яго кніга «Гісторыя рускай царквы».
У 1931 годзе абраны акадэмікам АН БССР. Сканцэнтраваўся на вывучэнні праблем гісторыі Старажытнага Усходу. З пачатку стварэння гістарычнага факультэта БДУ ўзначаліў кафедру гісторыі Старажытнага Свету і Сярэдніх вякоў, а пасля яе падзелу ў 1938 г. — кафедру гісторыі Старажытнага Свету. Шмат увагі надаваў працы з аспірантамі, студэнтамі. Аўтар падручніка па гісторыі Старажытнага Свету для школы, потым разам з С. І. Кавалёвым і А. В. Мішуліным яшчэ аднаго, якім у школах СССР карысталіся некалькі дзесяцігоддзяў, і які па ўзроўні пераўзыходзіў многія навейшыя падручнікі.
У 1937—1953 гг. М. М. Нікольскі ўзначальваў Інстытут гісторыі АН БССР.
У 1930-1950-я гады М. М. Нікольскі даследаваў праблемы абшчыннага ладу, рабства, культуры Старажытнага Міжрэчча. У дыскусіі савецкіх навукоўцаў аб рабаўладальніцкім ладзе Старажытнага Усходу не пайшоў звычайным тады шляхам фармацыённага падыходу, паводле якога рабаўладальніцкага цывілізацый старажытнасці Захаду і Усходу не розніўся. Даследаваў сацыяльную гісторыю Міжрэчча, Фінікіі, асабліва праблему ўласнасці на зямлю, яго вывады аб дзяржаўнай уласнасці на зямлю ў асобе валадара на Старажытным Усходзе паказалі прынцыповае адрозненне ад прыватнай зямельнай уласнасці ў Грэцыі і Рыме, а таксама і паміж рабствам у антычных і ва ўсходніх цывілізацыях старажытнасці.
У 1948 г. выйшла манаграфія М. М. Нікольскага «Эцюды па гісторыі фінікійскіх абшчынных і земляробчых культаў», яе рукапіс ён вывез у партызанскі атрад з акупіраванага Мінска ў 1943 г. Манаграфія прысвечана больш не рэлігіям Фінікіі, а асаблівасцям сацыяльнага ладу гарадоў Фінікіі.
М. М. Нікольскі стаяў на чале кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, дзе была сфарміравана навуковая школа вывучэння старажытнай гісторыі і гісторыі рэлігій, кафедра дагэтуль з’яўляецца цэнтрам у гэтай галіне ў Рэспубліцы Беларусь. Створаная М. М. Нікольскім навуковая школа па сутнасці мела два кірункі: ранняе хрысціянства і Старажытны Усход. У навуковай творчасці акадэміка абодва кірункі былі цесна звязанымі. Затым яны пачалі раздзяляцца і зараз існуюць фактычна як асобныя навуковыя школы, хоць іх інтарэсы і праблематыка перакрыжоўваюцца і спалучаюцца.
У гонар акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава, кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў з 1995 года раз у два гады праводзіць міжнародную навуковую канферэнцыю. Яна пачынаецца 13 лістапада — у дзень нараджэння М. М. Нікольскага, і называецца «Лістападаўскія сустрэчы».
Публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]- Міфалогія і абрадавасць валачобных песень / М. М. Нікольскі ; Беларуская акадэмія навук, Інстытут гістарычных навук
- Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі : Зб. фальклор. твораў / Акад. навук БССР, Ін-т гісторыі, Секцыя этнаграфіі і фальклору; [Склалі: Э. В. Галубок, А. К. Калечыц] ; Пад рэд. [і з прадм.] М. М. Нікольскага
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Никольский Николай Михайлович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Археографический ежегодник за 1982 год. — М., 1983.
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 12. — Мн., 1975.
- Ботвинник М. Н. М. Никольский. — Мн., 1967.
- Гуленко В. И. «Как мы пришли к партизанам» (Воспоминания Н. М. Никольского) / В. И. Гуленко, М. Ф. Шумейко // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 3 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2008. — С. 155—165.
- Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Да 70-годдзя ўтварэння) / М. П. Касцюк і інш. — Мн., 1999.
- Никольская Р. А. Николай Михайлович Никольский. Воспоминания // Выток і гістарычнай навукі БДУ: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава і 70-годдзю гіст. фак. БДУ / пад рэд. А. А. Яноўскага. Мінск, 2005. С. 16-25.
- Нікольскі Мікалай Міхайлавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 538. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Нікольскі Мікалай Міхайлавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. — Мінск, 1986. — Т. 3.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- Труды Белорусского Государственного Университета в Минске. — 1922. № 2—3.
- Труды Белорусского Государственного Университета в Минске. — 1922. № 1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. — Мн., 1994.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. — Мн., 1996.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. — Мн., 1999.
- Яноўскі А. А. Гартаючы архіўныя старонкі (М. М. Нікольскі і У. М. Перцаў на пачатку дзейнасці БДУ) // Вытокі гістарычнай навукі БДУ: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава і 70-годдзю гіст. фак. БДУ / пад рэд. А. А. Яноўскага. — Мн., 2005. — С. 9-16.
- Яноўскі А. А. І прафесар, і кіраўнік: некаторыя радкі з біяграфіі Мікалая Міхайлавіча Нікольскага // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 3 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэдактар) і інш. — Мн.: БДУ, 2008. — C. 166—174.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалай Міхайлавіч Нікольскі ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Нарадзіліся 13 лістапада
- Нарадзіліся ў 1877 годзе
- Нарадзіліся ў Маскве
- Памерлі 19 лістапада
- Памерлі ў 1959 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта
- Члены АН СССР
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Члены-карэспандэнты АН СССР
- Выкладчыкі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта
- Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ
- Крытыкі Беларусі
- Даследчыкі славянскага паганства
- Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 2-га склікання