Насельніцтва Намібіі
Намібія мае насельніцтва ў 2,6 млн чалавек. Большую частку насельніцтва складаюць банту (авамба, герэра і інш.) і кайсанскія народы (бушмены, нама). Пустынны клімат робіць Намібію адной з найменш шчыльна заселеных краін свету.
Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Прырост насельніцтва цягам апошніх дзесяцігоддзяў імкліва запавольваўся: паміж перапісамі 1991 і 2001 гадоў сярэднегадавыя тэмпы росту складалі 2,6 %, у 2001-2011 — 1,4 %. Прычынай гэтаму стала распаўсюджанне СНІДу — каля 15 % жыхароў Намібіі носяць ВІЧ. Поспехі ў барацьбе з хваробай прывялі да вяртання да высокіх тэмпаў росту: за 2018 год намібійцаў стала больш на 1,91 %.[1] Сярэдняя працягласць жыцця складае 64 гады, што ў параўнанні з суседзямі выглядае някепска.
Расава-этнічны склад
[правіць | правіць зыходнік]![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/57/Children_in_Namibia%281_cropped%29.jpg/220px-Children_in_Namibia%281_cropped%29.jpg)
З двух с паловай мільёнаў жыхароў краіны каля 85 % — чарнаскурыя, 10 % — мулаты, 5 % — нашчадкі еўрапейскіх імігрантаў. Асноўную этнічную супольнасць складаюць народы банту: авамба (50 %), герэра (7%), тсвана, лозі, чоквэ, еен. Авамба, самы шматлікі этнас, традыцыйна жывуць на поўначы, зрэшты, цяпер шмат іх і ў гарадах па ўсёй краіне. Найбуйнейшыя кайсанскія народы — нама, сан і дамара
Ад часу еўрапейскай каланізацыі засталіся немцы (іх 35 000), афрыканеры (104 000), партугальцы (з Анголы), а таксама перасяленцы з Кітаю (каля 40 000). Нярэдкія ў асяроддзі каланістаў шлюбы з тутэйшымі жанчынамі прывялі да фарміравання этнічных супольнасцяў "каляровых" і "бастараў", якія размаўляюць на мове афрыкаанс. Нягледзячы на значную міграцыю белых пасля абвяшчэння незалежнасці, сёння ў Намібіі пражывае найвялікшая пасля ПАР еўрапейская дыяспара ў трапічнай Афрыцы.
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e9/Swakopmund_ev-luth_Kirche_1.jpg/220px-Swakopmund_ev-luth_Kirche_1.jpg)
Афіцыйнай мовай з'яўляецца англійская, але ёй валодае каля 7 % насельніцтва. Рэгіянальнымі мовамі Намібіі з'яўляюцца: афрыкаанс, нямецкая (як гутарковыя мовы яны ўжываныя больш за англійскую), куангалі, лозі, тсвана, нама, герэрская і ашывамба.
Рэлігійны склад
[правіць | правіць зыходнік]![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/cb/Namibia_Population_Density_%282011%29.svg/220px-Namibia_Population_Density_%282011%29.svg.png)
50 % насельніцтва краіны — лютэране, што стала вынікам дзейнасці нямецкай і фінскай хрысціянскіх місій у каланіяльны час. 30 % — 40 % прытрымліваюцца іншых хрысціянскіх канфесій, збольшага таксама пратэстанцкіх, 10 % — 20 % — анімісты.
Размяшчэнне і рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]Паводле шчыльнасці насельніцтва (3 чал.н а кв.км.) сярод суверэнных дзяржаў Намібія пераўзыходзіць толькі Манголію. Гусцей заселена поўнач краіны, дзе клімат больш спрыяльны для сельскай гаспадаркі, а таксама сталічны рэгіён Кхомас. Палова намібійцаў жыве ў гарадах, што робіць краіну адной з найбольш урбанізаваных у трапічнай Афрыцы. Траціна гараджан пражывае ў Віндхуку (404 000 у 2018). Іншыя вялікія гарады: Рунду, Уолфіш-Бэй, Свакапмунд (63, 62, 44 тыс. адпаведна, перапіс 2011)[2].