Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Пружаны)
Славутасць | |
Свята-Аляксандра-Неўскі сабор | |
---|---|
52°33′21,25″ пн. ш. 24°27′26,59″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Пружаны |
Канфесія | праваслаўе |
Епархія | Брэсцкая |
Тып будынка | Сабор |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Міхайлоўскі, Залатароў |
Дата заснавання | 1866 |
Будаўніцтва | 1865—1866 гады |
Рэліквіі і святыні |
абраз «Маці Божай, якая плача» «Незгаральны абраз Божай Маці» мошчы Аляксандра Неўскага |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзейны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Аляксандра-Неўскі сабор — праваслаўны сабор у горадзе Пружанах Брэсцкай вобласці, збудаваны ў гонар св. князя Аляксандра Неўскага. Асвячэнне адбылося 22 кастрычніка 1866 года.
У храме знаходзіцца абраз «Багародзіца, якая плача», які лічыцца цудадзейным.
Узвядзенне
[правіць | правіць зыходнік]У сувязі з падзеямі паўстання 1863 года царызм адводзіў вялікую ролю ў далейшай русіфікацыі края праваслаўнай царкве. На яе падтрымку было накіравана 10 % ад кошту ўсяе канфіскаванай маёмасці ўдзельнікаў паўстання. Ва ўсіх губернскіх і павятовых мястэчках былі створаны камітэты па будаўніцтве праваслаўных цэркваў. У Пружанах ён быў арганізаваны ў 1865 годзе на чале з кіраўніком горада і павета капітанам Элісам.
Вырашана было будаваць царкву ў гонар нябёснага абаронцы Расіі Святога Аляксандра Неўскага як падзяку расійскаму імператару Аляксандру II за скасаванне прыгоннага права і паншчыны. Праект стварыў гарадзенскі губернскі архітэктар Міхайлоўскі, які карыстаўся альбомам праектаў Свяцейшага Сінода. У 1864 годзе першую цагліну ў падмурак храма паклаў у дзень святых Пятра і Паўла брэсцкі епіскап, вікарый Літоўскай епархіі Ігнацій (Жалязоўскі).
Цэгла на будаўніцтва паступала бясплатна з канфіскаванага ў Валенція Швыкоўскага цагельнага завода ў Палянове, а таксама з недабудаванага касцёла. Сродкі на будоўлю збіраліся па ўсёй імперыі, а кожны сялянскі двор Пружаншчыны мусіў здаць на пабудову па 50 капеек і на адзін дзень выдзеліць на дапамогу мужчыну.
Іканастас быў створаны лепшымі майстрамі Пецярбургу Козеравым і Срабраковым паводле праекту архітэктара Сычова. Ён таксама распрацаваў нарыс бакавых ківотаў. Абразы для яго былі напісаны ў пецярбургскім Свята-Уваскрасенскім і маскоўскім Новадзявочым манастырах.
Званы для сабора былі прывезены з заводу пецярбургскага купца Пікіева. Рызніца, посуд, кнігі і іншае царкоўнае начынне падараваны маскоўскім купецтвам.
Адкрыццё храма было запланавана на верасень 1866 года да дня памяці Аляксандра Неўскага, аднак неспадзяванка змусіла перанесці ўрачыстасць на месяц: падчас транспартавання быў пашкоджаны іканастас, зроблены ў Пецярбургу, і праз шчыліны ў яго трапіла вада, таму яго давялося наноў склейваць і пакрываць пазалотай[1].
22 кастрычніка 1866 года епіскап брэсцкі Ігнацій (Жалязоўскі) асвяціў храм[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першым настаяцелем сабора стаў протаіерэй Андрэй Чарвякоўскі[3], за ім — мітрафорны протаіерэй Мікалай Жуковіч (10.01.1827—29.07.1908). Пахаваны ў капліцы на праваслаўных могілках Пружан.
У 1891 годзе сабор атрымаў у падарунак ад гарадской думы абраз са святымі, аднайменнымі членам царскай сям’і.
9 красавіка 1934 года з абразом тыпу «Укрыжаванне» адбыўся цуд: з вачэй Божай Маці пачалі капаць слёзы. З тае пары штогод 9 красавіка і ў Светлую пятніцу Велікоднага тыдню вернікі адзначаюць свята празванай цудадзейнай «Пружанскай Галгофы» (або «Багародзіцы, якая плача»).
Акрамя гэтага, сюды перанесены «Незгаральны абраз Божай Маці», які ацалеў падчас пажару ў Прачысценскай царкве ў часе Другой сусветнай вайны, а таксама «Уладзімірскі абраз Маці Божай», які абнавіўся ў аднаго з жыхароў Сланімцоў[4].
Па нямецка-савецкай вайне быў распрацаваны план забудовы Пружан, паводле якога непасрэдна ля сабора было запланавана ўзвядзенне пяціпавярховае жылое хаты. У гэтым разе вернікі былі б пазбаўленыя царкоўнага пагосту, а храм быў бы заслонены пабудовай. Супрацьстаянне вернікаў пабудове цягнулася месяц: на званіцы сабора дзяжурыла прыхаджанка Марыя Мардань, якая пачынала званіць, ледзь заўважыўшы набліжэнне будаўнічае тэхнікі. На заклік з усіх канцоў горада сыходзіўся праваслаўны люд, не даючы пачаць будаўніцтва, падаючы нават пад коўш экскаватара. Урэшце рэшт будаўніцтва жылога дома пачалося па-за межамі царкоўнага двара[1].
У 1990-я гады жыццё парафіі актывізавалася, адбыўся маштабны рамонт царквы, пабудаваная нядзельная школа, паўстаў новы чыгунны плот.
Ад студзеня 2006 года ў саборы знаходзіцца частка мошчаў дабравернага князя Аляксандра Неўскага[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю.
Храм — прамавугольная ў плане трохнефная базіліка, пакрытая двухсхільным дахам. Алтарная частка вышынёй 14 м 60 см з паўавальнай трох’яруснай апсідай, другі і трэці ярусы вырашаныя як ратонда. Верхні ярус — светлавы барабан з круглымі вокнамі і купалам.
Сцены аперазаныя шырокім антаблементам, раскрапаваны пілястрамі ў прасценках высокіх арачных аконных праёмаў у кілепадобных ліштвах. Уваходы ў будынак з трох бакоў падкрэсленыя франтонамі.
Званіца з 9 званамі заводу пецярбургскага купца Пікіева завяршаецца купалам з навершнікам. У XXI стагоддзі — вышынная дамінанта старое часткі горада.
Ваконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркульнымі арачнымі заканчэннямі маюць кілепадобныя абоймы.
Зала падзеленая 6 квадратнымі ў плане слупамі на 3 нефы. Цэнтральны неф, перакрыты цыліндрычным зводам, падоўжаны паўкруглай апсідай з іканастасам, спраектаваным у 1880 годзе архітэктарам Залатаровым. Бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі зводамі.
Настаяцелі
[правіць | правіць зыходнік]- Андрэй Чарвякоўскі
- Мікалай Жуковіч
- Флавіян (Дзмітрыюк)
- Мікалай Уваскрасенскі
- Іосіф Балюк (да 2007)
- Міхаіл Наско (ад 2007)
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Два прыдзелы: у імя святога Аляксандра Неўскага і ў імя абразу Божай Маці «Жываносная крыніца».
Набажэнствы ладзяцца ў пятніцы, нядзелі і святочныя дні. Дзейнічае нядзельная школа, ладзяцца катэхізацыйныя гутаркі з дарослымі, утворанае праваслаўнае сястрынства імя «Плачучага абразу Божай Маці».
Галерэя выяваў
[правіць | правіць зыходнік]-
Царква ў Першую сусветную вайну
-
Выгляд царквы з паветра
-
Выгляд з боку алтарнае часткі
-
Фасад
-
Памятная таблічка на тле ўваходу
Цікавосткі
[правіць | правіць зыходнік]У 1923—1925 гадах абавязкі рэгенту царкоўнага хору выконваў Рыгор Шырма[5].
Зноскі
- ↑ а б г. Пружаны. Собор во имя Св. блгв. Кн. Александра Невского, 1866 (руск.)(недаступная спасылка). Православие.By (29 лютага 2012). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2015. Праверана 29 лістапада 2012.
- ↑ а б Пружаны. Собор во имя Александра Невского (руск.). Сінадальны паломніцкі аддзел Беларускай праваслаўнай царквы (11 студзеня 2012).
- ↑ Святыни Брестской епархии (руск.). Русский православный календарь. Приход Свято-Петропавловского собора г. Минска (29 лістапада 2011). Праверана 14 мая 2012.
- ↑ Священник Собора Св. Александра Невского иерей Игорь, Мрыхин. История православной церкви г. Пружаны (руск.). Средняя школа №3 г. Пружаны (28 лістапада 2001). Праверана 31 кастрычніка 2011.
- ↑ Евгений Днепровский.. Красный псаломщик (руск.). Гістарычная брама №1 (25) 2010 (11 студзеня 2012).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 36—37.
- Наталля Пракаповіч. Летапіс духоўнасці: праваслаўная архітэктура Пружаншчыны // Рэха Берасцейшчыны. — кастрычнік 2010. — № 1 (4). — С. 4—5. Архівавана з першакрыніцы 26 студзеня 2019.
- Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — ISBN 5-85700-017-3.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Пружанскі сабо Аляксандра Неўскага // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 601. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Пружаны)
- Сабор Аляксандра Неўскага на сайце Radzima.org
- Фатаздымкі на «Глобусе Беларусі»
- Энцыклапедыя «Дрэва» (руск.)
- Пружанскі абраз Божай Маці, якая плача Архівавана 5 верасня 2005. (руск.)
- Фотаальбом на Pruzhany.com
- Гісторыя праваслаўнай царквы г. Пружаны (руск.)
- Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Пружаны) на сайце «Архіварта»