Перайсці да зместу

Секулярызацыя (гісторыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Секулярыза́цыя (фр.: sécularisation ад познелац.: saecularis — свецкі) — адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканамічнай магутнасці і палітычнай ролі царквы ў дзяржаве.

Гістарычны нарыс

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню тэрмін «секулярызацыя» быў ужыты ў XVII стагоддзі і азначаў перадачу зямельных уладанняў з царкоўнага ў свецкае кіраванне. Сам працэс праходзіў і раней: пры ўтварэнні цэнтралізаваных нацыянальных дзяржаў з дапамогай секулярызацыі свецкая ўлада вызвалялася ад царкоўнага заступніцтва і ўмацоўвала дзяржаўныя фінансы за кошт духавенства.

На Беларусі ажыццяўлялася ў XVIII — пач. XX ст. у Расійскай імперыі ўрад Кацярыны II адабраў  (руск.) у праваслаўнай царквы населеныя маёнткі ў 1760-я гг. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і уплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць расійскай улады.

Канфіскацыі ў 17701790-я гг. закранулі частку царкоўных маёнткаў (больш за 40 тысяч рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 годзе быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 год у паезуіцкіх маёнтках на тэрыторыі заходняй і цэнтральнай Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў.

Ва ўсходняй Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Расійскай імперыі паводле Указа 1820 года. Палажэннем Кабінета міністраў і Указам Сената ад 13 красавіка 1822 года 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной.

Карэнны пералом у адносінах царызму да царкоўнай маёмасці ў заходніх губернях настаў пасля паўстання 1830—1831 гадоў з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19 ліпеня 1832 ад ліквідацыі некамплектных, што не мелі поўнага складу манахаў, рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 годзе на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губерні ў 1833 і 1834 гг. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе ў рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі 1834 года ў пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы.

25 снежня 1841 года падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзяржаўную маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага праваслаўнага і іншавернага духавенства заходніх губерняў; 10 мая 1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28 лютага 1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 годзе ў 5 беларускіх губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губерню. Асноўная маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо праваслаўная царква мела параўнальна невялікую колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найбольшую колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў.

Рэшткі царкоўных уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Зноскі

  1. Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
  2. К. Маркс, Капитал, т. 1, 1973, с. 725—73