Скірмантава
Аграгарадок
Скірмантава
| ||||||||||||||||||||
Скі́рмантава[1] (трансліт.: Skirmantava, руск.: Скирмантово) — аграгарадок у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Путчынскага сельсавета.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва адыменная, ад двухасноўнага балцка-літоўскага імя Skir-mant'as. У літоўскай антрапаніміі вядомыя адпаведныя іменныя асновы Skir- i Mant-. Вядомы шляхецкіх род Скірмунтаў літоўскага паходжання. Яшчэ адно Скірмантава было вядома каля Ашмянаў (каля цяперашняй чыгуначнай станцыі "Ашмяны"), яшчэ каля Ашмянаў два тапонімы Скірманцішкі.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Скірмантава размешчана за 18 км на паўночны захад ад райцэнтра, горада Дзяржынска і за 32 км на паўднёвы захад ад Мінска. Праз вёску праходзіць аўтадарога Вярцінкі — Івянец.
Каля вёскі знаходзіцца Дзяржынская гара (да 1958 года — Святая гара) — найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядома з другой паловы XVI стагоддзя, у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княтсва Літоўскага. У 1588 годзе ўпамінаецца грунт Скірмантаўскі ў інвентары маёнтка Койданава, да якога ён адносіўся.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі. У 1800 г. вёска, 9 двароў, 71 жыхар, уладанне Радзівілаў, у Мінскага павета. У сярэдзіне XIX стагоддзя належала памешчыкам Язвінскім, уладальнікам маёнтка Скірмантава. У 1858 годзе ў вёсцы 35 рэвізскіх душ. У 1897 годзе ў Койданаўскай воласці, 20 двароў, 130 жыхароў, хлебазапасны магазін, пастаялы двор (2 двары, 8 жыхароў) і маёнтак (27 жыхароў). У 1916 годзе пачала дзейнічаць школа (1-класнае народнае вучылішча). У 1917 годзе ў вёсцы было 35 двароў, 195 жыхароў, у маёнтку — 4 жыхары.
З 20 жніўня 1924 года ў Нарэйкаўскім 2-м (18 снежня 1925 года перайменаваны ў Нарэйкаўскі) сельсавеце (з 25 ліпеня 1931 года да 14 мая 1936 года Нарэйкаўскі нацыянальны польскі сельсавет) Койданаўскага (29 чэрвеня 1932 года перайменаваны ў Дзяржынскі) раёна Мінскай акругі, з 31 ліпеня 1937 года Заслаўскага, з 4 лютага 1939 года зноў Дзяржынскага раёнаў, з 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці. У 1926 годзе ў вёсцы — 34 двары, 159 жыхароў, у аднайменным пасёлку — 12 двароў, 50 жыхароў. У 1930-я г. арганізаваны калгас.
Падчас Другой Сусветнай вайны з 28 жніўня 1941 года да 6 ліпеня 1944 года акупіравана нацыстамі. Трагедыя здарылася тут 30 (па іншых звестках — 29) ліпеня 1943 года. Па дарозе ў вёску Каўшова гітлераўцы сустрэлі групу людзей. Гэта былі яўрэі, уцекачы з Мінскага гета, якія некаторы час хаваліся ў жыхароў Скірмантава. Вяскоўцы далі ім прытулак, апранулі, накармілі і з сабой паклалі хлеба. Бежанцам не ўдалося дайсці ў партызанскі атрад, хлеб у іх карнікі забралі, перад гэтым выпытаўшы, дзе яны яго ўзялі.
Вярнуўшыся ў Скірмантава, нацысты загадалі людзям збірацца ў калгасных гумнах і хляве — сказалі, што будуць правяраць дакументы. Як толькі жыхары прыйшлі, пабудовы падпалілі. У тых, хто спрабаваў уцякаць, стралялі. Хаты абрабавалі, скаціну павыганялі з хлявоў. Адна за адной пачалі ўспыхваць жылыя хаты і гаспадарчыя пабудовы, неўзабаве ад вёскі нічога не засталося. Усе 38 двароў пераўтварыліся ў пажарышча, а людзі загінулі. Раіса Паўлаўна Куніцкая цудам выжыла — здолела ўцячы ў лес і расказаць пра трагедыю вёскі.
Дакладная колькасць загінулых не высветлена. На помніку, устаноўленым на брацкай магіле, пазначана, што «тут пахаваны 144 мірных грамадзян в. Скірмантава». Па ўспамінах сведак, якія ўдзельнічалі ў пахаванні гэтых бедных людзей, ахвяр было больш. У многіх сем’ях жылі сваякі, якія з-за вайны пазбавіліся свайго жылля, некаторыя хавалі ў сябе бежанцаў, таму арыентавацца толькі на мясцовых жыхароў, кажучы пра колькасць загінулых, няправільна. Па звестках партызан, у Скірмантаве загінула не менш як 180 чалавек[2].
Пасля вайны вёска адноўлена. Вёску адраджалі чужыя. У 1956 годзе на магіле ахвяр фашызму ў цэнтры в. Скірмантава пастаўлены абеліск. Каля Дома культуры ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск на ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Да 8 красавіка 1957 года вёска ў складзе Вертнікаўскага сельсавета[3].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1960 год — 53 жыхары.
- 1991 год — 479 жыхароў, 143 двары.
- 1999 год — 689 жыхароў.
- 2004 год — 510 жыхароў, 168 двароў.
- 2009 год — 617 жыхароў, 170 гаспадарак.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У 2009 г. дзейнічалі сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, магазін. З 1984 г. працуе краязнаўчы музей.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Віталь Антонавіч Таўкачоў (нар. 1934) — фізік, акадэмік НАН Беларусі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Скірманто́ва
- ↑ zviazda.by
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 красавіка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 5.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011. — 464 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0554-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Скірмантава