Старобінскае радовішча
Старобінскае радовішча — адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійных і каменнай солей, знаходзіцца ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Адкрыта ў 1949, распрацоўваецца з 1963 года.
Прымеркавана да паўночна-заходняй краявой часткі Прыпяцкага саляноснага басейна. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй. Сістэмай разломаў плошча радовішча падзелена на 3 тэктанічныя блокі: Заходні, Цэнтральны (1-, 2-, 3-е шахтавыя палі) і Усходні (4-е шахтавае поле). Па ўнутрысалявых гарызонтах радовішча ўяўляе сабой асіметрычную прыразломную сінкліналь субшыротнага распасцірання.
Саляносная тоўшча (магутнасць 50—800 м і больш) складзена з пачкаў карбанатна-гліністых парод (4—40 м) і каменнай солі (3—45 м). Развіты 4 калійныя гарызонты (I. II, III, IV), распрацоўваюцца I, II і III. II гарызонт (глыбіня залягання 368—700 м, магутнасць 1,4—2,9 м) уключае 2 сільвінітавыя слаі і прамежкавы слой каменнай солі. III гарызонт (глыбіня залягання 350—1100 м, магугнасць 2—28 м) складзены з 2 сільвінітавых (ніжні распрацоўваецца) і сярэдняга глініста-карналітавага пластоў.
Калійныя солі бессульфатнага тыпу прадстаўлены мікра-, дробна- і сярэднезярністымі сільвінітамі. Маюць 23—29% хлорыстага калію, 0,1—0,2% хлорыстага магнію, 3,9—5,6% нерастваральных рэшткаў. Агульныя балансавыя запасы калійных солей па катэгорыях А+В+С1 — 2,65 млрд. т, па катэгорыі С1 — 0,57 млрд. т. Балансавыя запасы каменнай солі па катэгорыях А+В+С1 — 0,77 млрд. т. Штогод здабываецца каля 25 млн. т калійных і 0,5 млн. т каменнай солей. Вытворчасць калійных угнаенняў у 2000 годзе склала 3,4 млн. т (у пераліку на 100% аксіду калію). Радовішча з'яўляецца сыравіннай базай ААТ «Беларуськалій».
Распрацоўка радовішча выклікала шэраг экалагічных праблем, звязаных з негатыўным уздзеяннем калійнай вытворчасці на навакольнае асяроддзе: асяданне зямной паверхні над горнымі вырабаткамі, падтапленне, забалочванне і затапленне зямель, засаленне глебы і падземных вод, намнажэнне цвёрдых галітавых і вадкіх глініста-салявых адкладаў калійнай вытворчасці.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Высоцкі Э. А. Старо́бінскае радо́вішча калі́йных і каме́ннай со́лей // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 161. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).