Стэфан Ураш I

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стэфан Ураш I
Стефан Урош I
Сцяг 4-ы Кароль Сербіі
1243 — 1276
Папярэднік Стэфан Уладзіслаў
Пераемнік Стэфан Драгуцін

Нараджэнне 1220
  • невядома
Смерць 1 мая 1277[1]
Месца пахавання
Род Няманічы
Бацька Стэфан Першавенчаны[d][3]
Маці Ганна Дандала[d]
Жонка Алена Анжуйская
Дзеці Брнча[d], Стэфан Драгуцін[3], Стэфан Ураш II Мілуцін[d][3] і Q85999528?
Веравызнанне Сербская праваслаўная царква
Дзейнасць кіраўнік, Eastern Orthodox monk
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера урад[2], палітыка[2] і monkish life[d][2]
Аўтограф Выява аўтографа
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Стэ́фан У́раш I Вялікі (сербск.: Стефан Урош I; каля 1229 — 1 мая 1277) — кароль Сербіі (12431273) з дынастыі Няманічаў. Захапіў трон у 1243 годзе, зрынуўшы свайго брата Стэфана Уладзіслава. Яго доўгае кіраванне стала перыядам актыўнага эканамічнага развіцця краіны. Садзейнічаў уздыму горназдабыўной прамысловасці, у прыватнасці, заахвочваў будаўніцтва сярэбраных і свінцовых рудняў. Актыўны знешні гандаль прывёў да войнаў Сербіі з Дуброўнікам у 12531254 і 12651268 гадах, якія завяршыліся перамогай сербаў. У 1268 года распачаў няўдалую экспедыцыю супраць Венгрыі, падчас якой быў узяты ў палон і быў вымушаны выплаціць выкуп за вызваленне. Умелае выкарыстанне варожасці паміж кланамі дазволіла Урашу далучыць заходняе Захум’е і паступова саслабіць пазіцыі князёў бакавой галіны дынастыі Няманічаў. Цэнтралізатарская палітыка караля прывяла ў 1276 годзе да мецяжу яго сына Стэфана Драгуціна. Войскі Ураша былі разбіты аб'яднанымі сіламі паўстанцаў і венграў у бітве пры Гацка. У выніку Ураш адрокся ад прастола і сышоў у манастыр, пабудаваны ім у Сопачанях, дзе неўзабаве памёр.

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Стэфан Ураш быў малодшым сынам Стэфана Першавенчанага, народжаным ад яго невядомай другой жонкі[4] ці трэцяй — Ганны Дандала [5].

У перыяд кіравання Стэфана Першавенчанага Сербія была суверэннай дзяржавай, аднак яго старэйшыя сыны апынуліся не ў стане падтрымліваць гэта становішча: Стэфан Радаслаў патрапіў у залежнасць ад дэспата Эпіра Феадора Камніна, а яго пераемнік Стэфан Уладзіслаў — ад балгарскага цара Івана Асеня II. У 1243 годзе сербская знаць зрынула Уладзіслава і пасадзіла на трон малодшага з сыноў Стэфана Першавенчанага — Стэфана Ураша. Пасля недоўгачасовай барацьбы Ураша з Уладзіславам браты прымірыліся, і новы кароль даў яму ў кіраванне княства Зэта [6].

Развіццё дзяржавы[правіць | правіць зыходнік]

Гірная справа[правіць | правіць зыходнік]

Кіраванне Стэфана Ураша стала часам актыўнага эканамічнага развіцця краіны. Кароль запрасіў у Сербію з Трансільваніі шахцёраў, якія ўцяклі туды ад манголаў, і дазволіў ім будаваць сярэбраныя і свінцовыя рудні, а таксама падаў самакіраванне. Наўзамен горназдабытчыкі выплачвалі ў казну падатак у 8-10 % ад здабытай руды, што дазволіла наладзіць чаканку сярэбранай каралеўскай манеты[7][8].

Гандаль і фінансы[правіць | правіць зыходнік]

Манета Стэфана Ураша I

Стэфан Ураш I таксама спрыяў адраджэнню гандлю на сербскіх землях, прыцягваючы купцоў не толькі з Дуброўніка і Котара, але і з усёй Далмацыі і нават Італіі. 1 жніўня 1243 года Ураш выдаў хартыю, якая пацвярджала гандлёвыя прывілеі і падатковыя палёгкі гандляроў з Дуброўніка[6]. Асноўнай пагрозай для гандлю былі разбойнікі [9]. Для забеспячэння бяспекі купцоў, паломнікаў і асоб высакароднага паходжання кароль сфарміраваў спецыяльныя ўзброеныя атрады. Інтарэсы купцоў таксама былі забяспечаны гандлёвымі пагадненнямі, у якіх Ураш браў на сябе абавязацельства пакрываць матэрыяльныя страты, панесеныя ад рук рабаўнікоў[10].

Кароль спрыяў перасяленню ў краіну замежных каланістаў, галоўным чынам, занятых у гандлі. Каланісты былі падсудныя спецыяльным законам: так, іх спрэчкі з сербамі вырашаліся змяшанымі трыбуналамі, якія складаліся ў роўных суадносінах з сербаў і каланістаў. Перасяленцы таксама мелі права вызнаваць каталіцтва, але не маглі яго распаўсюджваць[11].

Ураш практыкаваў продаж купцам права збіраць падаткі і мыты. Гэта дазваляла атрымліваць гарантаваны аб'ём падаткаў, аднак узмацняла напружанасць у народзе, паколькі купцы-зборшчыкі нярэдка злоўжывалі сваімі правамі і абіралі насельніцтва. Тым не менш прыбытак, атрыманы ад здабычы руды і гандлю сур'ёзна ўмацаваў эканамічнае становішча сербскіх кіраўнікоў. Гэтыя грошы далі ім сродкі для прыцягнення наёмных войскаў, вызваліўшы арыстакратыю ад службы ў арміі, аднак у доўгатэрміновай перспектыве гэта апынулася пагібельным для каралеўскай улады[11].

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Войны з Дуброўнікам[правіць | правіць зыходнік]

Паслабленне паўднёвых і ўсходніх суседзяў Сербіі дазволіла Урашу сканцэнтравацца на падпарадкаванні заходняга Захум'я і абароне межаў з Венгрыяй[11].

У 1252 годзе сербскі кароль уступіў у канфлікт з Дуброўнікам. Перадумовамі канфлікту было пытанне аб тым, хто павінен збіраць падаткі з каталіцкага насельніцтва, якое пражывала ў прыморскіх раёнах, — архібіскуп Дуброўніка ці біскуп Бара, які належаў Сербіі[6]. Спрэчка была вынесена на суд Папы. Ураш і былы кароль Уладзіслаў падтрымалі Бар[12]. Хронікі Дуброўніка паказваюць на варожае стаўленне Ураша да горада, лічачы, што кароль наўмысна выклікаў канфлікт, спрабуючы ўсталяваць кантроль над Дуброўнікам або, прынамсі, прыслабіць пазіцыі венецыянцаў у Сербіі. Войскі Дуброўніка выйшлі за межы гарадскіх сцен, аднак да бітвы справа не дайшла[13]. Ужо ў 1253 годзе Дуброўнік уступіў у саюз з балгарскім царом Міхаілам Асенем I з мэтай звяржэння Стэфан Ураша[6]. Улады горада таксама ўступілі ў перамовы з каралём Венгрыі і ў 1254 годзе выплацілі яму даніну, верагодна, разлічваючы на яго падтрымку ў чаканай вайне. Ход распачатых баявых дзеянняў дакладна не высветлены. Балгары, верагодна, адступілі, дайшлі да ракі Лім і спустошылі Біела-Поле. Ураш заключыў з імі ўвосень 1254 года сепаратны мір, які аднавіў статус кво[13]. У тым жа 1254 годзе Ураш і Дуброўнік былі вымушаны заключыць мір і пакрыць адзін аднаму нанесеную шкоду. У абмен на права весці міжнародны гандаль Дуброўнік абавязаўся плаціць сербскаму каралю 2 000 залатых манет у год[6].

Сербія каля 1265 года

Другая вайна з Дуброўнікам пачалася ў 1265 годзе. Ураш абвінаваціў гараджан у дачыненні да рабаванняў прыбярэжных сербскіх тэрыторый, прадастаўленні прытулку сербскім дэзертырам і падтрыманні адносін з варожай сербам Венецыяй[14]. Па выніках кароткатэрміновага канфлікту ў 1268 годзе паміж бакамі быў падпісаны мірны дагавор[14][15].

Сербія і Дуброўнік перажылі яшчэ адзін кароткі канфлікт у 1275 годзе. Ён здарыўся на фоне спрэчак Котара з Дуброўнікам. Котар быў у складзе Сербіі, і, хоць жыў па ўласных законах, прызнаваў вяршэнства сербскага караля, таму Ураш выступіў на яго боку. Канфлікт быў хутка вырашаны і не меў сур'ёзных наступстваў[16][17].

Адносіны з Венгрыяй[правіць | правіць зыходнік]

Да сутыкненняў на мяжы 1267 і 1268 гадоў паміж Венгрыяй і Сербіяй доўгі час не ўзнікаў сур'ёзных канфліктаў. У 1260 годзе сербы падтрымалі венгерскага караля Белу IV у барацьбе з Чэхіяй а праз чатыры гады Стэфан Ураш удзельнічаў у вяселлі маладога венгерскага прынца Белы [18]. Мяжа паміж Венгрыяй і Сербіяй у той час праходзіла, верагодна, на поўнач ад Заходняй Маравы каля Раўны[16].

У канцы 1267 ці ў пачатку 1268 года[19] Стэфан Ураш атакаваў венгерскую правінцыю Мачва. Прычыны ўварвання невядомыя. Мэтай экспедыцыі магло быць як жаданне сербаў умацаваць паўночную мяжу, так і простае рабаванне. Сербская армія спустошыла Мачву [16], аднак увесну 1268 года пацярпела паражэнне ад махаўскага бана Белы Расціслававіча, падтрыманага яго дзедам, каралём Белам IV. Стэфан Ураш разам са сваім зяцем і саноўнікамі быў узяты ў палон. Ён быў вымушаны заплаціць выкуп за сваё вызваленне[18]. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, гарантыяй міру паміж дзвюма краінамі стаў шлюб старэйшага сына Ураша, Драгуціна, і ўнучкі венгерскага караля, Кацярыны. Іншыя, аднак, лічаць, што вяселле адбылося раней за 1268 год[16]. Паводле меркавання некаторых гісторыкаў, Ураш таксама быў вымушаны прызнаць сюзерэнітэт караля Венгрыі [18].

Усходняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Крэпасць Магліч, пабудаваная Стэфанам Урашам у 12431276 гадах.

На часы валадарання Стэфана Ураша прыйшоўся росквіт Нікейскай імперыі. У 1246 годзе Іаан III Дука Ватац адабраў у балгараў Фракію і Македонію, а ў снежні таго ж года захапіў Салонікі. У выніку новай вайны ў 1252 годзе грэкі занялі заходнюю Македонію і Албанію[20]. Рот моцы грэкаў прывёў да ўмяшання сіцылійскага караля Манфрэда, які стаў аказваць падтрымку Эпірскаму дэспатату і Ахейскаму княству[21]. Сербія тым часам была не ў стане процідзейнічаць нікейцам[22]. Ураш спрабаваў адкрыта не канфліктаваць з імі, аднак у 1258 годзе здолеў заняць Скоп’е, Прылеп і Кішава, якія належалі грэкам[21]. У 1259 годзе саюзныя войскі сіцылійцаў, эпірцаў і ахейцаў былі разбіты ў бітве пры Пелагоніі. У 1261 гады імператар Міхаіл VIII Палеалог увайшоў у Канстанцінопаль і, такім чынам ліквідаваўшы Лацінскую імперыю, аднавіў Візантыю[23].

У наступныя гады Ураш з'яўляўся саюзнікам Візантыі. Хронікі Дуброўніка гавораць, што адной з прычын вайны 1265 года было тое, што Дуброўнік меў сувязі з Венецыяй, якая была праціўнікам сербска-візантыйскага саюза[13]. У 1268 годзе да двара Ураша прыбылі візантыйскія паслы для перамоў наконт шлюбу яго малодшага сына і дачкі імператара Ганны. Шлюб у канчатковым выніку не адбыўся з-за супрацьстаяння сербскай знаці[24].

Сітуацыя зноў змянілася з узыходжаннем на сіцылійскай прастол Карла Анжуйскага, які намерыўся аднавіць Лацінскую імперыю. Карл Анжуйскі распачаў дыпламатычныя высілкі, каб стварыць антывізантыйскую кааліцыю[25]. У 1273 ці нават у 1272 гадах Ураш пад уплывам сваёй жонкі Алены Анжуйскай далучыўся да гэтай кааліцыі[26], разлічваючы павялічыць свае ўладанні за кошт Візантыі[27]. Сярод яго саюзнікаў апынуліся кароль Сіцыліі, ахейскі князь, эпірскі дэспат, балгарскі цар і кіраўнік Фесаліі Іаан Дука, чыя дачка Алена была выдадзена за малодшага сына Ураша Мілуціна[28].

Узмацненне каралеўскай улады і наступны заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Манастыр Сопачані, пабудаваны Стэфанам Урашам I

З мэтай умацавання сваёй улады Стэфан Ураш здушыў сепаратызм рэгіёнаў. Ён ліквідаваў тытул «кароль Захум'я, Трэбінья і Дуклі» і стаў называць сябе «каралём усіх сербскіх і прыморскіх земляў»[16]. Недахоп крыніц не дазваляе прасачыць паступовае заваяванне заходняй Сербіі — Захум'я. Меркавана, высокая ступень аўтаноміі мясцовай знаці прывяла да канфліктаў унутры яе, чым скарыстаўся Ураш. Іграючы на інтарэсах мясцовых арыстакратаў, ён дамогся падзення аўтарытэту мясцовага кіраўніка Радаслава і яго нашчадкаў, што ў выніку прывяло да таго, што знаць прызнала вярхоўную ўладу сербскага караля[16].

На працягу ўсяго перыяду свайго кіравання Стэфан Ураш падтрымліваў цесныя адносіны з Сербскай Праваслаўнай царквой, хоць і тут праяўлялася яго схільнасць да цэнтралізацыі ўлады. У 1263 годзе ён спрыяў прызначэнню архіепіскапам Сербіі свайго брата Савы, а пасля яго смерці — вучня Савы, афонскага манаха Іаана. Іаан быў настолькі блізкі да караля, што пакінуў сваю пасаду пасля звяржэння Ураша[24]. Стэфан Ураш заснаваў у 1260-х гадах манастыр Сопачані. Фрэскі ў царкве манастыра з'яўляюцца вянцом сербскага жывапісу XIII стагоддзя. Яны адлюстроўваюць рэлігійныя сцэны, а таксама членаў каралеўскай сям'і. Кароль таксама распарадзіўся пабудаваць капліцу Праабражэння ў афонскім манастыры Хіландар[24] і даў заданне манаху Даменцыяну напісаць Жыццяпіс Святога Савы і Жыціе Святога Сімяона[29].

З мэтай цэнтралізацыі ўлады ў каралеўстве Стэфан Ураш не стаў вылучаць удзелы сваім сынам. Старэйшы з іх, Драгуцін, застаючыся пры каралеўскім двары, пры падтрымцы свайго цесця, венгерскага караля Іштвана V, імкнуўся, аднак, атрымаць сабе ў кіраванне частку каралеўства. Ураш пярэчыў гэтаму, і некаторыя навукоўцы лічаць, што ён нават прыняў рашэнне перадаць правы на прастол малодшаму сыну Мілуціну. Нарэшце, у 1276 годзе Драгуцін адкрыта запатрабаваў ад бацькі саступіць яму частку каралеўства. Ураш прыйшоў у лютасць, і Драгуцін, асцерагаючыся за сваё жыццё, паўстаў, паклікаўшы на дапамогу свайго цесця. Навукоўцы разыходзяцца ў меркаваннях аб прычынах паўстання. Дыніцэ лічыць, што яно было выклікана імкненнем Драгуціна да ўлады. Маўраматыс гаворыць, што ў 1276 гады Ураш, без уліку меркавання Драгуціна, прызначыў сваім пераемнікам Мілуціна, што і выклікала паўстанне[24]. Каб прыцягнуць паслядоўнікаў, Драгуцін абяцаў шырокія прывілеі сербскай знаці. Армія Ураша і аб'яднаная армія паўстанцаў і венграў сустрэліся каля гарадка Гацка. Каралеўскія войскі былі разгромлены, а Стэфан Ураш адрокся ад прастола і сышоў у манастыр Сопачані, прыняўшы пострыг пад імем Сімяон. Там жа ён памёр 1 мая 1277 года і быў пахаваны[14].

Стэфан Ураш I быў кананізаваны Сербскай Праваслаўнай царквой. Яго жыццё апісана архіепіскапам Даніілам II у Жыціі сербскіх каралёў і архібіскупаў[30].

Вобраз[правіць | правіць зыходнік]

Візантыйскі дыпламат, які жыў у 1268 годзе ў Сербіі, пакінуў наступнае апісанне сербскага двара: Вялікі кароль, як яго называюць, вядзе настолькі простае жыццё, што яно было б ганебным для сярэдняга вяльможы ў Канстанцінопалі. Венгерскі зяць караля працуе з калаўротам у бедным адзенні[24].

Каралева Алена Анжуйская з сынам Мілуцінам

Джон Файн так характарызуе кіраванне Стэфана Ураша I: Ураш, які ў 1243 годзе прыняў карону Сербію пасля Уладзіслава, уяўляецца самым адораным з трох братоў. У абарону двух іншых можна сказаць, што Ураш меў перавагу над імі, паколькі яго кіраванне супала з распадам дзвюх раней магутных суседзяў Сербіі — Эпірскага дэспатата і Балгарыі. Пры Урашы Сербія стала значнай сілай на Балканах[13].

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

У 1250 годзе Стэфан Ураш I ажаніўся з Аленай Анжуйскай[31], ад якой меў чацвярых дзяцей:

Радавод[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Stefan Uroš I // https://pantheon.world/profile/person/Stefan_Uroš_I Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б в г д е Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. а б в Lundy D. R. The Peerage
  4. Стевановић, М. Краљ Милутин. p. 223.
  5. Cawley, Charles. Medieval Lands.
  6. а б в г д Wasilewski, Т. Historia Jugosławii. p. 112., Wasilewski, Т. Historia Słowian. p. 99.
  7. Wasilewski, T. Historia Jugosławii. p. 113., Wasilewski, T. Historia Słowian. pp. 108–109.
  8. Podhorodecki, L. Jugosławia. Zarys dziejów. p. 77.
  9. Адзін з візантыйскіх паслоў, адпраўленых да Ураша, пісаў, што аднойчы раніцай ён прачнуўся і ўбачыў, што ўначы яго коні былі выкрадзены. Цыт. паводле: Rapacka, J. Rzeczpospolita Dubrownicka. p. 43.
  10. Rapacka, J. Rzeczpospolita Dubrownicka. p. 43.
  11. а б в Fine, J. The Late Medieval Balkans. p. 200.
  12. Ćirković, S. The Serbs. p. 48.
  13. а б в г Fine, J. The Late Medieval Balkans. p. 201.
  14. а б в Cawley, Ch. Medieval Lands.
  15. Паводле меркавання Дж. Файна, менавіта з 1268 года Дуброўнік быў абавязаны плаціць штогадовую даніну ў 2 000 залатых манет у дзень Святога Дзімітрыя, у абмен на якую атрымаў вызваленне ад выплаты мыт.
  16. а б в г д е Fine, J. The Late Medieval Balkans. p. 203.
  17. . К. Стэпан лічыць гэты канфлікт чарговай няўдалай спробай сербаў узяць Дуброўнік пад свой кантроль (Słownik władców świata, s. 536)
  18. а б в Ћирковић, С. Срби у средњем веку. p. 96.
  19. S. Ćirković (Срби у средњем веку, с. 96); J. Fine прапануе дату 1268 год (The Late Medieval Balkans, p. 203).
  20. Ostrogorski, G. Dzieje Bizancjum. pp. 350–351.
  21. а б Ostrogorski, G. Dzieje Bizancjum. p. 356.
  22. Ostrogorski, G. Dzieje Bizancjum. p. 358.
  23. Ostrogorski, G. Dzieje Bizancjum. pp. 356–357.
  24. а б в г д Fine, J. The Late Medieval Balkans. p. 204.
  25. Ostrogorski, G. Dzieje Bizancjum. p. 361.
  26. Fine, J. The Late Medieval Balkans. p. 185.
  27. Runciman, S. Nieszpory sycylijskie. p. 149.
  28. Runciman, S. Nieszpory sycylijskie. p. 150.
  29. Rapacka, J. Dawna literatura serbska i chorwacka. p. 36.
  30. Rapacka, J. Dawna literatura serbska i chorwacka. p. 38.
  31. а б Cawley, Ch. Medieval Lands.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]