Перайсці да зместу

Суперартыкон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема суперартыкона
Суперартыкон ЛИ-207 (СССР)

Суперартыко́н[1] — тэлевізійная перадавальная электронна-прамянёвая трубка з назапашваннем электрычных зарадаў. Адна з найбольш распаўсюджаных да сярэдзіны 1970-х гадоў перадавальных тэлевізійных трубак. Упершыню апісана ў 1946 годзе амерыканскімі вучонымі А. Разэ, П. Веймерам і Х. Лоу, канструкцыя мішэні ў 1939 годзе прапанавана савецкім навукоўцам Г. В. Браўдэ (руск.: Г. В. Брауде)[2].

Прынцып дзеяння

[правіць | правіць зыходнік]

Аптычны відарыс праз сістэму лінз праецыруецца на паўпразрысты фотакатод, з якога, у залежнасці ад асветленасці, выбіваюцца электроны, якія факусіруюцца і паскараюцца. Трапляючы на мішэнь, яны выбіваюць з яе другасныя электроны і ствараюць патэнцыяльны рэльеф, адпавядаючы размеркаванню асветленасці аб’екта здымкі. З адваротнага боку мішэні рухаецца электронны промень, частка электронаў якога трапляе на мішэнь, астатнія вяртаюцца, утвараючы зваротны электронны промень, мадуляваны ў адпаведнасці з патэнцыяльным рэльефам на мішэні. Трапляючы на анод электроннага пражэктара, гэтыя электроны выбіваюць з яго другасныя электроны, трапляючыя далей ў электронны памнажальнік, з калектара якога здымаецца электрычны сігнал, адпавядаючы структуры патэнцыяльнага рэльефу на мішэні (асветленасці аб’екта здымкі).

Перавагі і недахопы

[правіць | правіць зыходнік]

Суперартыкон валодае вялікай адчувальнасцю, стабільна працуючы ў шырокім дыяпазоне асветленасці (пачынаючы ад 10–7—10–8 люкс)[2].

Да недахопаў суперартыкона можна аднесці «каметныя хвасты» за ярка асветленымі аб’ектамі. Суперартыконы мелі вялікія памеры, вагу і спажываемую магутнасць, складанасць настройкі і інш.

Дзякуючы высокай адчувальнасці, суперартыконы выкарыстоўваліся ў прафесійнай відэатэхніцы і пасля з’яўлення відыконаў.