Чакма
Чакма () | |
Агульная колькасць | 679000 (2019) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Бангладэш — 431000 |
Мова | чакма |
Рэлігія | будызм |
Блізкія этнічныя групы | бенгальцы, асамцы, рахінджа |
Чакма (саманазва: ) — народ на ўсходзе Бангладэш, на паўночным усходзе Індыі і ў М'янме. Нягледзячы на тое, што чакма з’яўляюцца мангалоідамі, яны размаўляюць на індаеўрапейскай мове. Агульная колькасць (2019 г.) — 679 000 чалавек[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Самі чакма лічаць сябе нашчадкамі старажытных шак'я, ад якіх паходзіў Гаўтама Буда, і называюць месцам, з якога пачалі рассяляцца, тэрыторыю сучаснага індыйскага штата Трыпура. Большасць вучоных атаясняюць іх з нашчадкамі тыбета-бірманскіх народаў, якія раней жылі на поўначы сучаснай М'янмы. Брытанскія каланіяльныя даследчыкі пачатку XX ст. звычайна атаяснялі продкаў чакма з народам тхіт, які ў 1546 г. зрабіў напад на поўнач Аракана. Лічылася, што тхіт былі пераможаны і пераселены на заходнія ўзгор'і Араканскіх гор. Аднак на партугальскіх картах назва, звязаная з чакма, узгадвалася ў раёне Чытагонга ўжо ў сярэдзіне XVI ст.
Блытаніну ўносіць тое, што чакма размаўляюць на індаеўрапейскай мове, блізкай да бенгальскай і асамскіх дыялектаў. Тым часам сучасныя генетычныя даследаванні паказваюць, што чакма істотна адрозніваюцца ад суседзей-бенгальцаў[2] і бліжэй да бірманскіх народаў[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVI ст. або ў XVII ст. на паўднёвым усходзе сучаснай дзяржавы Бангладэш склалася манархічная дзяржава чакма, дзе галоўнай рэлігіяй з’яўляўся будызм. У 1666 г. Вялікія Маголы пашырылі свае ўладанні на ўсходзе, пасля чаго ўступілі ў канфлікт з дзяржавай чакма. Ён скончыўся ў 1713 г. замірэннем і ўсталяваннем гандлёвых зносін. У 1787 г. Брытанская Ост-Індская кампанія прымусіла чакма выплочваць даніну і атрымала права ўводзіць свае войскі ў кантралюемыя імі землі. Наўзамен манархі чакма атрымлівалі аўтаномію ва ўнутраных справах. У 1881 г. брытанцы рэфармавалі кіраванне ў горных раёнах. Тэрыторыя, якая падпарадкоўвалася манархам чакма, была скарочана. Значная частка народа апынулася па-за яе межамі. Самі манархі былі падпарадкаваны дзяржаўнаму камісару.
У 1947 г. паўднёвыя землі чакма трапілі ў склад Усходняга Пакістана, пераўтворанага ў 1971 г. у Бангладэш, дзе чакма сталі этнічнай і рэлігійнай меншасцю. Яны пакутваюць ад гвалту і зямельных канфліктаў з боку бенгальцаў-мусульман[4][5]. Частка насельніцтва была вымушана пераязджаць у Індыю. У выніку працоўнай міграцыі значная абшчына склалася ў горадзе Дака, сталіцы Бангладэш. У 1972 г. у Мізараме была створана аўтаномная рада чакма.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Да сярэдзіны XIX ст. чакма займаліся пераважна падсечна-агнявым земляробствам на схілах гор. Пазней з’явіліся сталыя рысавыя палеткі і камерцыйныя пасадкі бавоўніку. Чакма не трымаюць кароў і не ўжываюць малако. Мяса і рыбу ядуць нягледзячы на рэлігійныя забароны. Распаўсюджаны алкагольныя напоі з рысу і паленне тытуню.
Чакма селяцца на ўзгор'ях паабапал рэк. Жытлы блізкіх сваякоў складаюць першасную абшчыну бары. Некалькі бары складаюць дробнае паселішча пара. Пара тэрытарыяльна аб’ядноўваюцца ў раскіданыя вёскі грам. Каркасныя хаціны будуюць з бамбуку на платформах. Частка платформы прызначана для гаспадарчых патрэб. Распаўсюджаны летнія веранды. Вакол бары узводзяць нізкі плот.
Грамадства падзяляецца на 150 родаў годж і далей — на сваяцкія аб’яднанні гуты. Шлюбы знутры аб’яднання і рода забаронены. Вяселлі арганізуюцца бацькамі жаніха са згоды будучых мужа і жонкі. Прынята ўносіць выкуп за нявесту. Вясельная абраднасць вызначаецца будысцкімі рытуаламі. Маладая сям'я пераязджае ў бары мужа. Мужчына лічыцца галоўным у сям'і. Адлік сваяцтва толькі па мужчынскай лініі.
Фальклор прадстаўлены гістарычнымі паданнямі, казкамі, песнямі, народнымі танцамі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова чакма мае індаарыйскае паходжанне, блізкая да бенгальскай і асамскай. Арыгінальная пісьмовасць на аснове старажытнай пісьмовасці брахмі. Толькі ў індыйскім штаце Трыпура з 2014 г. чакма маюць магчымасць атрымоўваць школьную адукацыю на роднай мове. У Бангладэш дарослыя часцей пішуць бенгальскімі літарамі. Гутаркорвая мова захоўваецца пераважна ў месцах шчыльнага пражывання.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Вернікі спавядаюць будызм традыцыі Тхеравада, шануюць некаторых індуісцкіх багоў. Пахавальны абрад — крэмацыя.
Зноскі
- ↑ Chakma
- ↑ Allele Frequencies of 10 Autosomal STR Loci from Chakma and Tripura Tribal Populations in Bangladesh
- ↑ Genetic Structure of Tibeto-Burman Populations of Bangladesh: Evaluating the Gene Flow along the Sides of Bay-of-Bengal
- ↑ Hundreds of Homes of Indigenous Buddhists in Bangladesh Burned Down by Bengali Settlers
- ↑ What do Buddhists in Bangladesh have to do with the Rohingya crisis anyway?