Іасафат Кунцэвіч

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
св. Іасафат (Кунцэвіч), ікона

Іасафат КУНЦЭВІЧ, свецкае імя Іван (1580, Уладзімір-Валынскі — 12 лістапада 1623, Віцебск) — вялікалітоўскі царкоўны і палітычны дзеяч, прылічаны да святых каталіцкай царквой.

Нарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям'і, якая пераехала на Валынь з цэнтральных зямель ВКЛ. Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай праваслаўнай школе. З дзяцінства вылучаўся цягай да малебнаў і экзальтаваным настроем. Каля 1599 прыняў унію і пад уплывам езуітаў стаў яе гарачым прыхільнікам. Пасля прыняцця манаства ў 1604 уступіў у Базыльянскі ордэн і накіраваны І. Пацеем у Віленскі Траецкі манастыр. У канцы 1608 ці ў пачатку 1609 пасвечаны ў святары. Блізка сышоўся з Я. Руцкім (пазней віленскім мітрапалітам), разам з якім вёў гарачыя спрэчкі з праваслаўнымі. У 1613 І. Кунцэвіч прызначаны ігуменам Быценскага манастыра, таксама да 1617 быў архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра. Шмат зрабіў для добраўпарадкавання манастыра, арганізацыі Базыліянскага ордэна. Па рэкамендацыі Я. Руцкага ў 1617 прызначаны епіскапам віцебскім і адначасова каад'ютарам да полацкага архіепіскапа Гедэона Бральніцкага, чалавека старога і слабага. Пасля смерці Г. Бральніцкага (кан. 1618) І. Кунцэвіч стаў полацкім архіепіскапам.

У Полацк І. Кунцэвіч прыбыў са спецыяльнай місіяй ад мітрапаліта Я. Руцкага — падняць справу ўніі ў Полацкай архіепархіі. З запалам выконваў даручаную яму місію, не спыняючыся перад гвалтоўнымі метадамі ўвядзення уніі. Непамяркоўнасць І. Кунцэвіча выклікала пратэст з боку праваслаўных. Уніяты і католікі таксама асуджалі яго метады і перасцерагалі. Канцлер Л. І. Сапега праз Я. Руцкага спрабаваў ўтаймаваць І. Кунцэвіча, таксама пісаў яму асабіста. У сваім лісце да І. Кунцэвіча ад 22.3.1621 Л. І. Сапега, у прыватнасці, заўважыў: «Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі падбухторылі і, скажу, прымусілі народ рускі да адпору і зламання ўчыненае яго каралеўскай міласці прысягі». Але І. Кунцэвіч не прыслухваўся да перасцярог — зачыняў праваслаўныя цэрквы, не дазваляў праваслаўным набажэнствы нават у дамах ці ў будынках па-за населенымі месцамі, хапаў і кідаў у турмы праваслаўных святароў, зневажаў праваслаўныя святыні. Жыхары Полацка не супраціўлялася ўніі, даволі пакорна прынялі І. Кунцэвіча, арганізавала яму ўрачыстую сустрэчу. Напачатку спакойна прыняў яго і Віцебск, але вялікай прыхільнасці да уніі тут не было. Жыхары Магілёва, дзе было праваслаўнае брацтва, зачынілі гарадскія брамы, калі Кунцэвіч з атрадам пад'ехаў да горада, і былі гатовыя да абароны. І. Кунцэвіч паскардзіўся каралю Жыгімонту Вазу, які жорстка расправіўся з завадатарамі — кіраўнікоў выступлення пакаралі смерцю, на гараджан налажылі штраф, усе праваслаўныя цэрквы ў Магілёве перадалі уніятам. Нядобра сустрэлі І. Кунцэвіча і ў Оршы, адкуль ён накіраваўся ў Віцебск, дзе таксама пачаў ганенні на праваслаўных. Віцебляне 13.11.1623 забілі І. Кунцэвіча, а яго цела кінулі ў Заходнюю Дзвіну. За забойства І. Кунцэвіча 19 ўдзельнікам выступлення адсеклі галовы, каля 100 з тых, што паспелі збегчы, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю, а іх маёмасць была канфіскаваная. Віцебск быў пазбаўлены ўсіх раней наданых правоў самакіравання, ратуша разбураная, з цэркваў знятыя званы. Папа рымскі Урбан VIII ухваліў жорсткія меры караля Жыгімонта Вазы. І. Кунцэвіч быў абвешчаны пакутнікам, а ў 1867 папа Пій IX прылічыў І. Кунцэвіча да святых.

Аўтар палемічных і багаслоўскіх твораў «О фалшованню писм словеньских», «Правілы для уніяцкіх прэсвітэраў», «Катэхізма слугі Божага Іасафата», «Пра хрышчэнне св. Уладзіміра» (у ім даказваў, што царква на Русі першапачаткова былі каталіцкай), 6 артыкулаў у кнізе Л. Крэўзы «Абарона адзінства» (1617) і інш.

[правіць] Літаратура

  • Пануцэвіч В. Сьвяты Язафат Кунцэвіч. 1-е выд.: Чыкага, 1963; 2-е выд.: Полацк: «Сафія», 2000;
  • Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Минск, 1990.

[правіць] Спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах