Ітэса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ітэса
(Iteso)
Агульная колькасць 3440000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Кенія - 442000;  Уганда - 2998000
Мова тэса
Рэлігія культ продкаў, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы самбуру, тапоса, кумам, карамаджонг

Ітэса, тэса (саманазва Iteso) — афрыканскі народ. Жывуць у Кеніі і Угандзе. Агульная колькасць (2021 г.) — 3 440 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Ітэса лічаць, што маюць адзінае паходжанне з карамаджонг і мігрыравалі з Эфіопіі на тэрыторыю сучаснай Уганды ў XVI ст. або ў XVII ст. Паводле паданняў, прыход першай хвалі перасяленцаў на новае месца меў мірны характар, аднак пасля засухі і голаду на поўначы за ёй рушыла другая хваля, якая адваёвывала землі ў тубыльцаў. Відавочна, адбывалася асіміляцыя іншых народаў, паколькі назвы родаў паходзяць як з нілоцкіх моў, так і банту. У выніку ітэса занялі вялікія тэрыторыі з разнастайнымі прыроднымі ўмовамі, што прывяло да культурнага падзелу на паўночную і паўднёвую плыні. Паўночныя тэса кантактавалі пераважна з народамі банту, асабліва баганда. Паўднёвыя — з нілотамі накшталт луа і туркана. Падзел стаў яшчэ больш выразным у каланіяльны перыяд, калі частка паўднёвых ітэса апынулася на тэрыторыі Кеніі, а астатнія — ва Угандзе. Угандзійскія ітэса развівалі традыцыйную гаспадарку, у той час як кенійскія наймаліся парабкамі на плантацыі, або служылі ў брытанскіх узброеных сілах. Разам з гэтым, пашырэнне кантактаў з іншымі народамі ў каланіяльны перыяд прывяло да канчатковага замацавання адзінай моўнай і культурнай тоеснасці.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная хаціна

У адрозненні ад большасці нілоцкіх народаў Уганды і Кеніі, ітэса займаюцца жывёлагадоўляй толькі як дадаткова. Гаспадарчая дзейнасць сканцэнтравана вакол земляробства. Асноўныя куьтуры: проса, сорга, маніёк, кукуруза, бавоўнік, тытунь. Зямлю апрацоўваюць з дапамогай плуга, запрэжанага воламі. Трымаюць кароў, свінняў, курэй. Развіццю адгоннай жывёлагадоўлі перашкаджаюць недахоп пашаў, паколькі большасць зямель вылучаны пад палеткі, а таксама занятасць мужчын у земляробчым цыкле працы.

Рамёствы не аддзелены ад сельскай гаспадаркі. Мужчыны апрацоўваюць драўніну, жанчыны вырабляюць кераміку. Іншыя рамесныя вырабы абменьваюць на прадукты сваёй працы ў суседніх народаў. Некаторыя ітэса працуюць па-за межамі хатняй гаспадаркі, што асабліва характэрна для Кеніі. Ітэса часта займаюць дробныя адміністрацыйныя пасады, гандлююць у невялікіх крамах, наймаюцца на сезонную працу. У горных і балотных мясцовасцях распаўсюджана збіральніцтва. Мясцовыя насельнікі назапашваюць дзікія расліны, грыбы, мурашак.

У мінулым ітэса будавалі свае паселішчы вакол сядзібы лок'аурыяарт (літаральна «чалавека з месца пахавання жывёлы»), які адыгрываў ролю правадыра і прадстаўляў абшчыну ітэмван (літаральна «агмень») ў каланіяльнай адміністрацыі. Аднак ужо ў каланіяльны перыяд пасля пераразмеркавання зямель паміж сем'ямі ітэса пачалі будаваць свае сядзібы на ўскраінах палеткаў. Такая раскіданасць прывяла да таго, што выразных межаў паселішча няма. Тым не меней, існуюць тэрытарыяльныя абшчыны адукет («супольнае жыццё»). Яны кіруюцца дарослымі чальцамі сямейных гаспадарак. Нязгода з астатнімі чальцамі абшчыны можа прывесці да пераходу сямейнай гаспадаркі ў іншую адукет. Часцей чальцы адукет аддаюць перавагу дамоўленасці і аказваюць узаемную дапамогу. Найбольш арганізаваныя абшчыны складаюцца са сваякоў. Важным фактарам, што гуртуе суседзей, з'яўляюцца сумесныя святы і спажыванне піва мужчынамі.

У Кеніі у нашы дні пераважаюць малыя нуклеарныя сем'і, ва Угандзе, дзе захоўваецца важнасць сямейных сельскіх гаспадарак, — пашыраныя. Апошнія уключаюць у сябе сям'ю бацькі і некалькі сямей яго сыноў. Кожная сям'я займае асобную хаціну. Фармальна на чале пашыранай сям'і стаіць бацька, а маці кіруе жаночай часткай. У рэчаіснасці, рашэнні па большасці пытанняў прымаюцца калектыўна. Калі згоды ў сям'і няма, гэта можа выклікаць працяглыя спрэчкі, што доўжацца гадамі і ў выніку могуць прывесці да падзелу супольнай сямейнай гаспадаркі. Найчасцей спрэчкі ўзнікаюць паміж жанчынамі, асабліва дачкамі і нявесткамі. Шлюбу папярэднічаюць перагаворы паміж сваякамі жаніха і нявесты. Род жаніха выплочвае сям'і нявесты выкуп. Раней за нявесту разлічваліся каровамі, у наш час — часцей грашыма.

У ітэса захаваліся родавыя арганізацыі атэкер. Лічыцца, што першапачаткова было 9 родаў, пазней ад іх адшчапіліся іншыя. Буйныя роды падзяляюцца на драбнейшыя. Сваяцтва ў родзе перадавалася толькі па мужчынскай лініі, шлюбы знутры роду забараняліся. На чале рода стаяў правадыр акалон і рада старэйшын айрабіс аўранет. Роды рэгулявалі спрэчкі, дамаўляліся з іншымі родамі. Аднак у наш час атэкер — гэта болей культурнае, чым палітычнае аб'яднанне. Паступова зыходзіць у нябыт такі традыцыйны сацыяльны інстытут як атурыё — узроставыя аб'яднанні. Яны ахоплівалі мужчын, якія супольна праходзілі рытуал ініцыяцыі. Да пэўнага ўзросту юнакі складалі грамадскі пласт без асобых правоў, але з абавязкам несці ахову і ваяваць. Прадстаўнікі атурыё розных родаў маглі гуртавацца ў часовую армію аджор на чале ваеннага правадыра арувок.

Фальклор ітэса надзвычай разнастайны. Добра захаваліся вусныя гістарычныя і генеалагічныя паданні. Традыцыйныя танцы падзяляюцца на рытуальныя, святочныя і магічныя. Напрыклад, танец з бразготкамі арганізоўваецца ў выпадку неабходнасці параіцца з душамі продкаў. Танцоры паступова ўваходзяць у транс і пачынаюць вяшчаць. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: лютні і барабаны.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія ітэса абапіралася на веру ў вярхоўнага бога Эдэкэ, але больш значную ролю адыгрываў культ продкаў. Лічылася, што душы памерлых помсцяць за знявагу, таму для іх арганізоўвалі ахвярапрынашэнні і танцы. Ітэса былі надзвычай прымхлівымі, верылі ў магію, вяшчуноў, злых чараўнікоў-людажэраў. У XX ст. большасць вернікаў прыняла хрысціянства. Традыцыйны культ найлепей захаваўся ў пахавальным абрадзе, у прыватнасці — пахаванні памерлага на баку.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]