Аляксандр Мілінкевіч
З Вікіпедыя.
Алякса́ндр Уладзі́міравіч Мілінке́віч (нарадзіўся 25 ліпеня 1947, Гродна) — беларускі палітык і навуковец.
Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Працаваў настаўнікам у Гродне. Па сканчэнні аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР у 1972 годзе, працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. Стажыраваўся ва універсітэце Монпелье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім універсітэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучання ў Еўрапейскім цэнтры даследавання праблемаў бяспекі ў Гарміш-Партэнкірхэне (ФРГ, 2000). Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1976). У 1980 – 1984 загадваў кафедрай Сеціфскага ўнівэрсытэту (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага універсітэту (1978 – 1980, 1984 – 1990).
Заснавальнік і кіраўнік грамадскай арганізацыі “Ратуша”. Кіраўнік праграмаў “Фонду спрыяння лакальнаму развіццю”. У 1996 – 1997 прэзідэнт баскетбольнага клубу “Гродна-93”.
[правіць] У палітыцы
Намеснік старшыні гарвыканкаму Гродна (1990 – 1996) па пытаннях адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны.
У выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штабу Сямёна Домаша.
У кастрычніку 2005 году на Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў абраны "адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл". Удзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе.
26 кастрычніка 2006 году ўзнагароджаны Еўрапарламентам прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
[правіць] У навуцы
Кандыдацкая дысертацыя па тэме “Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў” (1976). Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.
Краязнавец; знайшоў месца пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, рэстаўрыраваў вежавы гадзіннік Фарнага касцёла.

