Архітэктура Адраджэння

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
"The School of Athens" by Raphael
Культура

Архітэктура
Ваенная справа
Выяўленчае
мастацтва

Літаратура
Музыка
Навука
Танец
Тэхналогіі
Філасофія

Геаграфія

Англія
Германія
Іспанія
Італія
Нідэрланды
Польшча
Паўночная Еўропа
Францыя

Архітэктура Адраджэння — перыяд развіцця архітэктуры ў еўрапейскіх краінах з пачатку XV да пачаткі XVII стагоддзя, у агульнай плыні Адраджэння і развіцця асноў духоўнай і матэрыяльнай культуры Старажытнай Грэцыі і Рыма. Гэты перыяд з'яўляецца пераломным момантам у гісторыі архітэктуры, асабліва ў адносінах да папярэдняга архітэктурнага стылю, да готыкі. Готыка ў адрозненне ад архітэктуры Адраджэння шукала натхненне ва ўласнай інтэрпрэтацыі класічнага мастацтва.

Асаблівае значэнне ў гэтым кірунку надаецца формам антычнай архітэктуры: сіметрыі, прапорцыі, геаметрыі і парадку складовых частак, пра што навочна сведчаць ацалелыя ўзоры рымскай архітэктуры. Складаная прапорцыя сярэднявечных будынкаў змяняецца спарадкаваным размяшчэннем калон, пілястраў і вершніка, на змену несіметрычным абрысам прыходзіць паўкруг аркі, паўсфера купала, нішы, эдыкулы. Архітэктура зноў становіцца ордарнай.

Развіццё архітэктуры Адраджэння прывяло да новаўвядзенняў у выкарыстанні будаўнічых тэхнік і матэрыялаў, да развіцця архітэктурнай лексікі. Важна адзначыць, што рух адраджэння характарызуецца адыходам ад ананімнасці рамеснікаў і з'яўленнем персанальнага стылю ў архітэктараў. Вядома няшмат майстроў, што пабудавалі творы ў раманскім стылі, а таксама архітэктараў, што збудавалі цудоўныя гатычныя саборы. У той час як творы эпохі Адраджэння, нават невялікія будынкі ці проста праекты былі акуратна задакументаваны з самага свайго з'яўлення.

Першым прадстаўніком данага кірунку можна назваць Філіпа Брунелескі, які працаваў у Фларэнцыі, горадзе, які нароўні з Венецыяй лічыцца помнікам Адраджэння. Затым яно распаўсюдзілася ў іншыя італьянскія гарады, ва Францыю, Германію, Англію, Расію і іншыя краіны.

Гістарыяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Слова «рэнесанс» (фр.: renaissance) адбылося ад тэрміна «la rinascita», які ўпершыню ўжыў Джорджа Вазары ў кнізе «Жыццяпісы найбольш знакамітых жывапісцаў, разьбяроў і дойлідаў», выдадзенай у 1550 годзе.

Тэрмін «Адраджэнне» для абазначэння адпаведнага перыяду ўвёў французскі гісторык Жуль Мішле, аднак швейцарскі гісторык Якаб Буркхарт у сваёй кнізе «Культура італьянскага Адраджэння» (ням.: Die Kultur der Renaissance in Italien) раскрыў тэрмін больш поўна, яго інтэрпрэтацыя лягла ў аснову сучаснага разумення Італьянскага Адраджэння. Выданне альбома малюнкаў «Будынкі сучаснага Рыма ці Зборнік палацаў, дамоў, цэркваў, манастыроў, і іншых найбольш значных грамадскіх збудаванняў Рыма» (фр.: Édifices de Rome moderne ou Recueil des palais, maisons, églises, couvents, et autres monuments publics et particuliers les plus remarquables de la ville de Rome), апублікаванае Полем Ле Таруілам у 1840 выклікала рост усеагульнай цікавасці да перыяду Адраджэння. Тады рэнесанс лічылі стылем «пераймаючым антычнаму».

Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

Звычайна Італьянскае Адраджэнне падраздзяляецца на тры перыяды. У гісторыі мастацтваў можна гаварыць пра развіццё выяўленчага мастацтва і скульптуры ў рамках кірунку ранняга рэнесансу ў XIV стагоддзі. У гісторыі архітэктуры справа ідзе інакш. З прычыны эканамічнага крызісу XIV стагоддзя перыяд Рэнесансу ў архітэктуры пачаўся толькі з пачаткам XV стагоддзя і працягваўся да пачатку XVII стагоддзя ў Італіі і даўжэй за яе межамі.

Можна вылучыць тры асноўныя перыяды:

  • Ранняе Адраджэнне ці кватрачэнта, прыкладна супадае з XV стагоддзем.
  • Высокае Адраджэнне, першая чвэрць XVI стагоддзя.
  • Маньерызм ці Позняе Адраджэнне (каля 15201600).

У іншых еўрапейскіх краінах развіваўся свой перадрэнесансны стыль, а само Адраджэнне пачыналася не раней XVI стагоддзя, стыль прышчапляўся да ўжо існых традыцый, у выніку чаго будынкі эпохі Адраджэння ў розных рэгіёнах могуць мець мала падобных рысаў.

У самой Італіі архітэктура Адраджэння перайшла ў маньерысцкую архітэктуру, прадстаўленую ў даволі розных тэндэнцыях у працах Мікеланджэла, Джуліа Рамана і Андрэа Паладзіа, якая затым перарадзілася ў барока, якое карысталася падобнымі архітэктурнымі прыёмамі ў іншым агульным ідэйным кантэксце.

Ранняе Адраджэнне[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд кватрачэнта былі нанова адкрыты і сфармуляваны нормы класічнай архітэктуры. Вывучэнне антычных узораў вяло да засваення класічных элементаў архітэктуры і арнаменту.

Прастора, як архітэктурны кампанент, арганізавана ў адрозным ад сярэднявечных уяўленняў чынам. У яго аснову лягла логіка прапорцый, форма і паслядоўнасць частак падпарадкаваны геаметрыі, а не інтуіцыі, што было характэрнай рысай сярэднявечных збудаванняў. Першым узорам перыяду можна назваць базіліку Сан-Ларэнца ва Фларэнцыі, пабудаваную Філіпа Брунелескі (13771446).

На працягу гэтых гадоў у мастацтве з'яўляецца імкненне да арганічнага спалучэння сярэднявечных традыцый з класічнымі элементамі. У храмавым будаўніцтве асноўным тыпам застаецца базіліка з плоскай столлю ці з крыжовымі скляпеннямі, але ў элементах — расстаноўцы і аздабленні калон і слупоў, размеркаванні арак і архітраваў, знешнім выглядзе вокнаў і парталаў, дойліды арыентуюцца на грэка-рымскія помнікі ў імкненні ўтварэння шырокіх, свабодных прастор унутры будынкаў. Пасля, паступова, і ў агульнай канцэпцыі, і ў дэталях асновай твораў становяцца ўзоры антычнага мастацтва.

Часцей за ўсё ў афармленні будынкаў прысутнічае карынфскі ордар з разнастайнымі перайначваннямі капітэлі. Новы стыль мацней пранікае ў няхрамавую архітэктуру: палацы кіраўнікоў, гарадскіх уладаў і знаці, раней падобныя крэпасцям, не ва ўсім адыдучы ад сярэднявечнага аблічча, змяняюцца, відавочна жаданне архітэктараў захаваць сіметрычнасць і гармонію прапорцый. Гэтыя пабудовы маюць гарманічна прасторныя ўнутраныя двары, абнесеныя ў ніжнім і ў верхнім паверхах крытымі галерэямі на арках, якія падтрымліваюцца калонамі ці пілястраамі антычнай формы. Фасаду надаецца мернасць па гарызанталі пасродкам вытанчаных міжпавярховых карнізаў і галоўнага карніза, які ўтварае моцны выступ пад дахам.

Італьянскія архітэктурныя помнікі ранняга Адраджэння знаходзяцца галоўным чынам у Фларэнцыі; сярод іх — элегантны і разам з тым просты ў тэхнічным рашэнні купал сабора Санта-Марыя-дэль-Фіёрэ (1436) і палацца Піці, створаныя Філіпа Брунелескі, які вызначыў вектар развіцця архітэктуры Рэнесансу; палацца Рыкардзі, пабудаваныя Мікелоца-Мікелоці, палацца Строцы Бенедэта дзі-Маяна і С. Кронака, палацца Гондзі (Джуліяна да Сангала), палацца Ручэлаі Леона Батыста Альберці. У Рыме можна адзначыць малы і вялікі венецыянскія палацы Бернарда дзі Ларэнца, Чэртоза ў Павіі Барганьёнэ, палацца Вендрамін-Калерджы П. Ламбарда, Корнер-Спінелі, Трэвізан, Кантарыні і Палац дожаў у Венецыі. На поўнач ад Альпаў, а таксама ў Іспаніі, Ранняе Адраджэнне настае толькі ў канцы XV стагоддзі, і яго ранні перыяд доўжыцца, прыблізна, да сярэдзіны XVI стагоддзя, зрэшты, пра стварэнне шэдэўраў у гэты перыяд у іншых краінах гаварыць нельга.

Высокае Адраджэнне[правіць | правіць зыходнік]

Тэмп'ета ў двары царквы Сан-П'етра-ін-Манторыа, Рым, 1502 год, архітэктар — Доната Брамантэ. Храм адзначае месца, на якім быў пакараны смерцю святы Пётр.

У працяг Высокага Адраджэння ўяўленні, узятыя з антычнай архітэктуры, развіваліся і ўвасабляліся на практыцы з большай упэўненасцю. З узыходжаннем на папскі прастол Юлія II (1503) цэнтр італьянскага мастацтва з Фларэнцыі перамяшчаецца ў Рым, Папа прыцягнуў да свайго двара лепшых мастакоў Італіі. Пры ім і яго найбліжэйшых пераемніках, у Рыме ствараецца мноства манументальных будынкаў, якія лічацца выбітнымі творамі мастацтва. Вывучэнне антычнай спадчыны становіцца больш грунтоўным, яно прайграваецца больш паслядоўна і строга; рэлікты сярэднявечча знікаюць, мастацтва цалкам грунтуецца на класічных прынцыпах.

Асноўныя помнікі італьянскай архітэктуры гэтага часу — свецкія будынкі, якія адрозніваюцца гарманічнасцю і веліччу сваіх прапорцый, вытанчанасцю дэталяў, аздабленнем і арнаментацыяй карнізаў, вокнаў, дзвярэй; палацы з лёгкімі, галоўным чынам двух'яруснымі галерэямі на калонах і слупах. У храмавым будаўніцтве назіраецца імкненне да каласальнасці і велічнасці; ажыццявіўся пераход ад сярэднявечнага крыжовага скляпення да рымскага корабавага скляпення, купалы абапіраюцца на чатыры масіўных слупы.

Галерэя Уфіцы, выгляд у бок плошчы Сіньёрыі, Фларэнцыя.

Прадстаўніком гэтага перыяду быў Доната Брамантэ (14441514), які строга рухаўся ва ўзвядзенні будынкаў класічным прынцыпам. На Тэмп'ета ў двары царквы Сан-П'етра ў Манторыа (1503) Брамантэ натхнілі ратонды рымскіх храмаў. Таксама Брамантэ збудаваў палацца дэла Канчэлерыа, палацца Жыро, двор Сен-Дамаза ў Ватыканскім палацы, а таксама склаў план Сабора Святога Пятра ў Рыме і пачаў узводзіць будынак. Але яго нельга рабом класічных формаў; яго стыль вызначаў італьянскую архітэктуру на працягу ўсяго XVI стагоддзя.

Яго паслядоўнікамі былі Бальдасарэ Перуцы, лепшыя творы якога — Фарнезінская віла і палацца Масіма ў Рыме, вялікі Рафаэль Санці, які пабудаваў палац Пандальфіні ў Фларэнцыі, Антоніа да Сангала, што пабудаваў палацца Фарнезэ ў Рыме.

Таксама развівалася і венецыянская архітэктурная школа, галоўным прадстаўніком якой быў Якопа Таці Сансавіна, які ўзвёў бібліятэку Святога Марка і палацца Корнер. З надыходам другой паловы XVI стагоддзя ў італьянскім дойлідстве адбываюцца змены, якія праяўляюцца ў жаданні мастакоў усё больш дакладна капіраваць класічныя ўзоры, чаму сталі прысвячацца цэлыя трактаты, аднак збудаванні, якія ўзводзяцца ў той час, працягваюць адрознівацца вытанчанасцю і высакароднасцю.

Крыло Луўрскага палаца, найстарэйшая захаваная частка будынка, пабудаваная П'ерам Леско ў сярэдзіне XVI стагоддзя.

Галоўнымі прадстаўнікамі архітэктуры гэтага часу былі Віньёла, які пабудаваў Іль-Джезу у Рыме і вілу Фарнезэ у Вітэрба, жывапісец і біёграф мастакоў Вазары, ім пабудаваны палац Уфіцы ў Фларэнцыі, Андрэа Паладзіа, які стварыў некалькі палацаў, базілік і алімпійскі тэатр у Вічэнцы, генуэзец Галеаца Алесі, які ўзвёў царкву Мадонны да Карыньяна, палацца Спінола і палацца Саулі ў Генуі.

Па-за межамі Італіі час росквіту Рэнесансу наступіў праз паўстагоддзя, італьянскі стыль распаўсюджваецца па Еўропе, але пры гэтым змяняецца, убіраючы мясцовыя архітэктурныя традыцыі. У Францыі да архітэктуры высокага Адраджэння можна аднесці: створаны П. Леско заходні фасад Луўрскага палаца ў Парыжы, каралеўскі замак у Фантэнбло, замак Анэ і Цюільры, збудаваныя Філіберам Дэлормам; Экуанскі замак, палац у Блуа. У Іспаніі — палац Эскарыял архітэктараў X. дэ Таледа і Х. дэ Эрэра, у Германіі — частка Гейдэльбергскага замка, Альтэнбургская ратуша(ням.) бел., сенцы Кёльнскай ратушы, Фюрстэнхоф у Вісмары(руск.) бел. і іншыя.

Позняе Адраджэнне[правіць | правіць зыходнік]

Сабор Святога Пятра ў Рыме.

У архітэктуры праводзіўся эксперымент з формамі, распрацоўкай і камбінаваннем антычных вобразаў, з'яўляецца ўскладненне дэталяў, выгін, пераламленне і перарыванне архітэктурных ліній, мудрагелістая арнаментацыя, вялікая шчыльнасць калон, паўкалон і пілястраў у прасторы. Падкрэсліваюцца больш свабодныя суадносіны прасторы і матэрыі. Пасля з гэтай тэндэнцыі развіўся стыль барока, а затым, у XVIII стагоддзі, стыль ракако. Аж да XX стагоддзя паняцце «маньерызм» мела негатыўную канатацыю («манерны», «напышлівы»), але да цяперашняга часу тэрмін выкарыстоўваецца толькі для апісання адпаведнага гістарычнага перыяду, і, увогуле, нейтральны.

Заснавальнікам кірунку маньерызму ў архітэктуры можна назваць Мікеланджэла (14751564), у чыёй творчасці выяўляецца тэндэнцыя свабоднай інтэрпрэтацыі прынцыпаў і формаў антычнага мастацтва. Мікеланджэла стварыў магільны склеп Медычы пры царкве Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, купал Сабора Святога Пятра, праект забудовы Капіталійскага ўзгорка ў Рыме. Яму прыпісваюць стварэнне «гіганцкага ордара» — пілястра, якая цягнецца ад падмурка да антаблемента фасада.

Іншым прыкладам гэтага стылю ў архітэктуры з'яўляецца Палацца Тэ Джуліа Рамана ў Мантуі, з яго велізарнымі лоджыямі, руставанымі сценамі, паркавымі гротамі і шырокімі фрэскамі.

Ларэнца Берніні стварыў паўкруглыя каланады сабора Святога Пятра, шаты над яго галоўным прастолам, палацы Барберыні і Брач'яна.

Характарыстыка архітэктуры Адраджэння[правіць | правіць зыходнік]

Сант-Агасціна, Рым, Джакама П'етрасанта, 1483

Архітэктары эпохі Адраджэння запазычалі характэрныя рысы рымскай класічнай архітэктуры. Тым не менш, форма будынкаў і іх прызначэнне, як і асноўныя прынцыпы горадабудаўніцтва, змяніліся з антычных часоў. Рымляне ніколі не будавалі будынкаў, падобных на цэрквы ранняга перыяду развіцця адроджанага класічнага стылю ці асабнякі паспяховых купцоў XV стагоддзя. У сваю чаргу ў гэты час не было патрэбы ўзводзіць велізарныя збудаванні для правядзення спартыўных змаганняў ці грамадскія лазні, якія будавалі рымляне. Класічныя нормы вывучаліся і ўзнаўляліся для таго, каб служыць сучасным мэтам.

План[правіць | правіць зыходнік]

План будынкаў эпохі Адраджэння вызначаны прамавугольнымі формамі, сіметрыяй і прапорцыяй, заснаванай на модулі. У храмах модулем часта з'яўляецца шырыня пралёта нефа. Праблему цэласнага адзінства канструкцыі і фасада ўпершыню ўсвядоміў Брунелескі, хоць ён і не вырашыў праблему ні ў адной са сваіх прац. Упершыню гэты прынцып выяўляецца ў будынку Альберці — Базіліцы дзі Сант Андрэа ў Мантуі. Удасканаленне праекта свецкага будынка ў стылі Адраджэння пачалося ў XVI стагоддзі і дасягнула піку ў творчасці Паладзіа.

Фасад[правіць | правіць зыходнік]

Фасад сіметрычны адносна вертыкальнай восі. Царкоўныя фасады, як правіла, размераны пілястрамі, аркамі і антаблементам, увянчаны франтонам. Размяшчэнне калон і вокнаў перадае імкненне да цэнтра. Першым фасадам у стылі Адраджэння можна назваць фасад кафедральнага сабора Піенцы (14591462), які прыпісваецца фларэнтыйскаму архітэктару Бернарда Гамбарэлі (вядомы пад імем Раселіна), магчыма, што і Альберці меў дачыненне да стварэння храма.

Жылыя будынкі часта маюць карніз, на кожным паверсе размяшчэнне вокнаў і спадарожных дэталяў паўтараецца, галоўныя дзверы адзначаны некаторай рысай — балконам ці акружаны рустам. Адным з прататыпаў такой арганізацыі фасада быў палац Ручэлаі ва Фларэнцыі (14461451) з трыма папавярховымі шэрагамі пілястра.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Трэці том «Усеагульнай гісторыі мастацтваў» цалкам прысвечаны мастацтву эпохі Адраджэння. Разгледжана мастацтва Італіі, Нідэрландаў, Германіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Англіі, Далмацыі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Польшчы.
Commons

Шаблон:Адраджэнне