Гатэнтоты

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гатэнтоты
(Khoekhoe )
Sameul Daniell - Kora-Khokhoi preparing to move - 1805.jpg
Малюнак 1805 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Афрыка
Мова кайсанскія мовы
Рэлігія татэмізм, культ продкаў, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы нама, грыква

Гатэнтоты (нідэрл.: Hottentotten, саманазва Khoekhoe ) — агульная назва часткі кайсанскіх народаў Паўднёвай Афрыкі, якая займалася жывёлагадоўляй. Нашчадкамі гатэнтотаў з'яўляюцца нама і грыква.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Гатэнтоты, як і іншы кайсанскі народ сан, мелі значныя антрапалагічныя адрозненні ад іншых народаў Афрыкі на поўдзень ад Сахары. У розныя часы гэта было прычынай для высоўвання версій паходжання гатэнтотаў з Азіі. Аднак у наш час прадстаўнікі капоіднай расы лічацца абарыгенным насельніцтвам Афрыкі. Іх афрыканскае паходжанне падцвярджаюць археолагі і генетыкі.

Раскопкі на паўднёвым захадзе ПАР паказалі, што характэрная жывёлагадоўчая культура гатэнтотаў там існавала ўжо 1300 гадоў таму. Мяркуецца, што гатэнтоты маглі паходзіць з тэрыторыі Батсваны. Пад уплывам банту або самастойна яны асвоілі жывёлагадоўлю і такім чынам адасобіліся ад сан, якія засталіся паляўнічымі і збіральнікамі. Засухі вымусілі продкаў гатэнтотаў разам са статкамі мігрыраваць на паўднёвы захад. У сярэдзіне II тысячагоддзя н. э., калі на поўдні Афрыкі з'явіліся еўрапейскія мараплаўцы, гатэнтоты насялялі землі вакол мыса Добрай Надзеі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Этнолагі налічваюць каля 9 племянных супольнасцяў гатэнтотаў, якія насялялі паўднёвы захад Паўднёвай Афрыкі ў XVII - XIX стст., аднак дакладны падлік аб'яднанняў гатэнтотаў ускладняецца блытанінай у крыніцах, паколькі еўрапейцы часцяком разумелі пад плямёнамі і буйныя роды, і тэрытарыяльныя злучэнні. У 1488 г. партугальцы адкрылі мыс Добрай Надзеі. З гэтага моманту гатэнтоты стала кантактавалі з еўрапейскімі мараплаўцамі.

У 1652 г. галандскі даследчык Ян ван Рыбек заснаваў Капскую калонію, куды пачалі прыбываць перасяленцы з Еўропы. Паміж імі і гатэнтотамі, якіх перасяленцы лічылі дзікунамі, склаліся даволі складаныя адносіны. З аднаго боку, еўрапейцы былі вымушаны развіваць абмен і гандаль. З іншага — падманам захоплівалі землі і статкі гатэнтотаў, выкарыстоўвалі іх у якасці рабоў і таннай рабочай сілы. Адзін з нямецкіх вандроўнікаў XVIII ст. пісаў, што галандцы палююць на гатэнтотаў як на дзікіх жывёл. Асабліва неспрыяльныя наступствы для гатэнтотаў мела прынесеная еўрапейцамі эпідэмія воспы 1712 г. Яна суправаджалася моцнай засухай і згубай свойскай жывёлы. Многія ацалелыя пасля эпідэміі гатэнтоты былі вымушаны шукаць працу на плантацыях, прымаць звычаі і мову перасяленцаў. Назіралася вялікая колькасць вотпрыскаў ад сумесных легальных і нелегальных шлюбаў. Толькі некаторыя групы гатэнтотаў захоўвалі папярэдні лад жыцця.

У XVIII - XIX стст. дзве групы нашчадкаў гатэнтотаў нама і грыква, сярод якіх было шмат крэолаў, мігрыравалі на поўнач. Астатнія гатэнтоты да пачатку XX ст. канчаткова страцілі свае землі, культуру і мову.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Гатэнтоты займаліся качавой жывёлагадоўляй, трымалі кароў, коз, авечак. Пасля прыходу еўрапейцаў угатэнтотаў з'явіліся коні. Свойская жывёла лічылася супольным багаццем. Яе рэдка забівалі, найчасцей карысталіся малочнымі прадуктамі. Важную ролю асабліва ў засушлівыя гады мела паляванне. Гатэнтоты ведалі выраб керамікі і апрацоўку металаў.

Паселішчы гатэнтотаў былі вялікімі, складаліся з круглых разборных трысняговых хацін, якія ўзімку ацяпляліся з дапамогай скур. У кожным паселішчы жылі прадстаўнікі аднаго роду. У некаторых выпадках да яго сталых жыхароў далучаліся прышлыя сем'і паляўнічых, у тым ліку сан. Гатэнтоты заставаліся на адным месцы, пакуль хапала травы для жывёлы, а потым перамяшчаліся ў іншае. Некалькі родаў аб'ядноўваліся ў саюзы.

На чале родаў стаялі правадыры. Яны выконвалі функцыі суддзяў і загадчыкаў працэса перасялення на новае месца. Улада правадыра перадавалася па спадчыне да старэйшага сына. Вылучаўся пласт заможных жывёлагадоўцаў. У каланіяльныя часы яны самі маглі мець дапаможных рабочых, якім плацілі ежай.

Еўрапейскія назіральнікі зазначалі, што гатэнтоты абагаўлялі Месяц, арганізоўвалі святы згодна месячным цыклам. Адным з вярхоўных багоў быў Цуі-'Гааб. Яго лічылі першапродкам, гаспадаром неба, вады і маланак. Цуі-'Гаабу супрацьпастаўлялася бажаство 'Гаўнаб, якое несла хваробы і смерць. Гатэнтоты шанавалі Хаіцы-Аібіб, істоту, што жыла ў вобразе чалавека і шмат разоў перараджалася. Яна разглядалася як заступнік дзяцей, медыцыны і здароўя. Магільні Хаіцы-Аібіб знаходзіліся ў розных месцах, населеных гатэнтотамі, і наведваліся імі для шанавання. У каланіяльны перыяд таксама распаўсюдзілася хрысціянства.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]