Гісторыя Туркменістана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Туркменістана заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Найбольш старажытнае паселішча земляробаў часоў неаліту — Джэйтун. З часоў бронзавага веку захаваліся рэшткі паселішчаў гарадскога тыпу — Намазга-Тэпе, Кара-Тэпе і інш. Да I-га тыс. да н. э. тэрыторыю Туркменістана насялялі іранамоўныя народы. Найбольш развітай вобласцю была Маргіяна з цэнтрам у г. Мерв. У цэнтральнай частцы Туркменістана ў перадгор'ях Капетдага знаходзілася вобласць Парфія, у паўднёва-ўсходняй Прыкаспіі — Гурган (у старажытнагрэчаскай літаратуры — Гірканія). У VIIVI стст. да н. э. Маргіяна ў складзе Бактрыі, Парфія і Гурган — Мідыі. У канцы VI ст. да н. э. ўсе яны заваяваны дзяржавай Ахеменідаў, у 330329 да н.э.Аляксандрам Македонскім, а пасля распаду яго дзяржавы ўвайшлі ў склад дзяржавы Селеўкідаў. У сярэдзіне III ст. да н. э. Парфія стала ядром Парфянскага царства. У 224 да н.э. Парфянскае царства заваявана Сасанідамі, якія ў 2-й палове III ст. пашырылі сваю ўладу на ўсю тэрыторыю Туркменістана. У сярэдзіне V ст. Мерв і некаторыя прыкаспійскія вобласці захоплены эфталітамі, але пасля іх разгрому ў 563567 цюркамі тут аднавілася ўлада Сасанідаў.

Сярэднявечча і Новы час[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне VII ст. на тэрыторыі Туркменістана ўварваліся арабы, якія ў 651 захапілі Мерв, у 712Харэзм, у 720 — Гурган. З іх прыходам у Туркменістане пачаў пашырацца іслам. Пры арабскім панаванні Мерв стаў адным з найважнейшых цэнтраў Арабскага халіфата. У 747 тут пачалося паўстанне Абу-Мусліма, якое прывяло да ўлады ў халіфаце Абасідаў. У 813817 Мерв — сталіца халіфата Абасідаў. З яго распадам Мерв увайшоў у дзяржаву Тахірыдаў, у X ст.дзяржаву Саманідаў. У прыкаспіі ў XXI стст. існавала дзяржава Зіярыдаў. З падзеннем у 999 дзяржавы Саманідаў узмацніўся націск цюрскіх плямён, што вяло да цюркізацыі мясцовага насельніцтва. У пачатку XI ст. Мерв трапіў пад уладу цюркскай дынастыі Газневідаў. Тады ж пачала складвацца супольнасць цюркскіх плямён (частка агузаў, халаджы, карлукі і інш.), якая атрымала назву туркмены. У 10381040 частка агузаў, якія вядомы пад назвай сельджукі, разбіла Газневідаў. Частка туркменаў удзельнічала ў паходах сельджукаў, у выніку якіх створана дзяржава Сельджукаў. У 1157 сельджукі (апошні вярхоўны правіцель — султан Мелікшах Санджар) разбіты іншым адгалінаваннем агузаў, пасля чаго пачалося ўзвышэнне дзяржавы харэзмшахаў, якая ў пачатку XIII ст. заваявала туркменскія землі. У 1220-я тэрыторыя Туркменістана пацярпела ад нашэсця манголаў: знішчана значная частка насельніцтва, разбураны гарады, заняпала ірыгацыя. Землі Туркменістана падзелены манголамі паміж Залатой Ардой, Джагатайскім (Чагатайскім) улусом і дзяржавай Хулагуідаў, а пасля распаду гэтых дзяржаў увайшлі ў склад дзяржавы Цімура. У XIIIXIV стст. сфарміравалася тукрменская народнасць, але туркмены не здолелі стварыць уласнай адзінай дзяржавы. З XVI ст. розныя землі Туркменістана пад уладай дзяржавы Сефевідаў, Хівінскага ханства і Бухарскага ханства1747 Бухарскі эмірат), аднак туркменскія плямёны прызнавалі іх уладу толькі намінальна. Да сярэдзіны XIX ст. туркмены захоўвалі племянны падзел (іамуды, тэкінцы і інш.); значная іх частка вяла качавы і паўкачавы лад жыцця.

У складзе Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Першыя спробы рускага пранікнення на тэрыторыю Туркменістана адбыліся ў пачатку XVIII ст. У 17171718 расійскі цар Пётр I накіраваў у Туркменістан ваенную экспедыцыю на чале з князем А. Бековічам-Чаркаскім, якая была знішчана хівінскімі войскамі. У 1869 расійскія войскі высадзілмся на ўсходнім беразе Каспійскага мора і заснавалі там горад і порт Краснаводск. Пасля падпарадкавання Бухары (1869) і Хівы (1873) Расійская імперыя пачала прасоўванне ў Туркменістан. Пад націскам расійскай арміі туркменскія плямёны пачалі прызнаваць расійскую ўладу. Упартае супраціўленне аказалі толькі тэкінцы, якія ў 1879 разбілі расійскую ваенную экспедыцыю. Супраць іх былі накіраваны войскі на чале з генералам М. Дз. Скобелевым. У студзені 1881 г. расійскія войскі штурмам захапілі крэпасць тэкінцаў Геок-Тэпе, у 1884 г. занялі Мерв. У 1882 г. на тэрыторыі Цэнтральнага і Заходняга Туркменістана створана Закаспійская вобласць, якая ў 1898 уключана ў склад Туркменскага краю. Усходнія і паўночна-ўсходняй землі Туркменістана заставаліся пад уладай Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства (у апошнім туркмены складалі каля трэці насельніцтва) — васалаў Расійскай імперыі. У 18801885 гг. была пабудавана Закаспійская чыгунка, будаваліся гарады еўрапейскага тыпу (Ашгабат, Краснаводск і інш.) з пераважна рускім і армянскім насельніцтвам. Гэта вяло да спынення этнакультурнай ізаляцыі туркменаў, якія і ў пачатку XX ст. захоўвалі перажыткі родаплемяннога ладу. У пачатку XX ст. з ваеннай элітытуркменаў створаны нацыянальны Тэкінскі конны полк. Туркмены ўдзельнічалі ў Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916.

Савецкі Туркменістан[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у гарадах Туркменістана ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. IV з'езд Саветаў Закаспійскай вобласці абвясціў 15 снежня 1917 пераход усёй улады да Саветаў. З красавіка 1918 Закаспійская вобласць увайшла ў Туркестанскую АССР у складзе РСФСР. У ліпені 1918 мясцовыя сацыялісты-рэвалюцыянеры пры падтрымцы брытанскага ваеннага атрада скінулі савецкую ўладу і ўтварылі ўласны ўрад Закаспія. Пасля адыходу брытанскіх войск Чырвоная Армія ў ліпені 1919 г. заняла Ашгабат, у лютым 1920 — Краснаводск. Карыстаючыся міжусобнай барацьбой, якая пачалася пасля захопу ўлады ў Хіве адным з правадыроў туркменскага племя іамудаў Джунаід-ханам, у лютым 1920 Хіву заняла Чырвоная Армія і там абвешчана Харэзмская Народная Савецкая Рэспубліка (ХНСР), якая ў 1923 пераўтворана ў Харэзмскую ССР. Да сярэдзіны 1920-х на тэрыторыі Туркменістана задушаны паўстанцкі рух. 27 кастрычніка 1924 г. ЦВК СССР пастанавіў стварыць Туркестанскую ССР. Дэкларацыю аб яе ўтварэнні (увайшлі большая частка Закаспійскай вобласці, заходнія часткі скасаваных ХССР і Бухарскай ССР) 20 лютага 1925 прыняў 1-ы Усетуркменскі з'езд Саветаў. Адначасова была створана Камуністычная партыя Туркменістана (КПТ). У 19251927 гг. праведзена зямельна-водная рэформа, якая скасавала буйное землеўладанне. Калектывізацыя, якая пачалася ў 1929, выклікала новы ўздым басмацкага руху (ліквідаваны да 1933). За гераізм на франтах Другой сусветнай вайны ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 19 тыс. ураджэнцаў Туркменістана, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена больш як 80 воінам з Туркменістана, у т.л. за вызваленне Беларусі К. Азалаву, А. Анаеву, М. Байрамаву, Б. Даўлетджанаву, Т. Ніязмамедаву. Былі сфарміраваны нацыянальныя туркменскія злучэнні: 2 стралковыя брыгады і 2 кавалерыйскія дывізіі. За гады савецкай улады туркмены канчаткова перайшлі да аселага жыцця, у Туркменскай ССР створана сучасная прамысловаасць. Асаблівае развіццё набыла здабыча прыроднага газу (2-е месца ў СССР да 1980-х). Узнікла нацыянальная інтэлігенцыя. У той жа час савецкай улады імкнуліся абмежаваць свабоднае развіццё грамадскай думкі, уплыў мусульманскіх традыцый (у пачатку 1980-х легальна дзейнічалі толькі 4 мячэці). З пачаткам у СССР перабудовы ў Туркменістане ўзмацніўся нацыянальны рух. Створаны ў верасні 1989 Народны фронт у студзені 1990 забаронены. Ініцыятыву ўтрымала КПТ (са снежня 1991 — Дэмакратычная партыя Туркменістана) на чале з С. Ніязавым. У маі 1990 туркменская мова абвешчана дзяржаўнай,

Незалежны Туркменістан[правіць | правіць зыходнік]

Сапармурат Ніязаў і Уладзімір Пуцін, 2000

22 жніўня 1990 прынята дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Туркменістана. 27 кастрычніка 1990 С. Ніязаў выбраны першым прэзідэнтам Туркменістана. На Усенародным рэферэндуме 26 кастрычніка 1991 насельніцтва Туркменістана выказалася за дзяржаўную незалежнасць (абвешчана 27 кастрычніка 1991). Далучыўшыся да Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Туркменістан прытрымліваецца палітыкі строгага нейтралітэту і добрых роўных адносін з усімі суседзямі. Унутры дзяржавы ўсталяваўся аўтарытарны рэжым прэзідэнта С. Ніязава, які ў 1999 атрымаў ад Халк Маслахаты права знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта без абмежавання тэрміну. У канцы 2006 года 66-гадовы дыктатар раптоўна памірае. Яго спадкаемца Гурбангулы Бердымухамедаў не адышоў ад аўтарытарнага стылю, аднак бачыцца кіраўніком больш мяккім. Ён адмяніў шматлікія дзівацкія законы Туркменбашы і паступова згарнуў неймаверны культ асобы Ніязава, незаўважна падмяніўшы яго культам уласнай асобы. Сёння ва ўсіх установах краіны, ад школ да цягнікоў, вісяць дываны, паверх якіх мацуецца партрэт Бердымухамедава[1]

Зноскі