Канстанцін Іванавіч Астрожскі
Канстанцін Іванавіч АСТРОЖСКІ (1460 — 11 (21) верасня 1530, Тураў) — староста брацлаўскі, звянігародскі і вінніцкі (з 1497), вялікі гетман літоўскі (1497—1500, 1507—1530), маршалак валынскі і староста луцкі (з 1499), кашталян віленскі (1513—1522), ваявода троцкі (1522—1530).
Біяграфія [правіць]
З роду Астрожскіх. Вайсковую службу пачаў удзелам у барацьбе з крымскімі татарамі і ў маскоўска-літоўскай вайне (1492—1494). У 37-гадовым ўзросце прызначаны вялікім гетманам літоўскім. У 1528, паволе Попісу, выстаўляў са сваіх земляў 426 вершнікаў, т.б. меў каля 41 тыс. падданых. У змаганнях з крымскімі татарамі і маскоўцамі К. І. Астрожскі, згодна з надпісам на надмагіллі, атрымаў 63 перамогі. Асабліва вядомая яго перамога над маскоўскім войскам у бітве пад Оршай на рэчцы Крапіўне (8.9.1514). Абаронца праваслаўя ў ВКЛ, будаваў цэрквы, у т.л. у Вільні. Быў двойчы жанаты з Таццянай з Гальшанскіх за якой яму адышлі вялікія вотчыны (частка Глуска, Гальшан, Раманава з Копыссю і Баранню і інш.) і Аляксандрай з Слуцкіх. Ад першага шлюбу меў сына Іллю, ад другога — Канстанціна-Васіля. Пахаваны ў Кіева-Пячорскай лаўры.
Меў ва ўладанні 91 город і мятэчка, у т.л. Астрог, Дарагабуж, Гарадзец, Здалбунаў, Красілаў, Палонае, Роўна, Свіцязь, Тураў, Чуднаў і інш., а таксама падараваныя ад вял.князя двары ў Вільні, Менску і Луцку. Падданыя К. І. Астрожскага з 1518 мелі прывілей на бязмытны гандаль на луцкіх таргах і кірмашах.
З 1491 па 1530 г. у Астрозе была пабудаваная каменная пяціглавая Багаяўленская царква, Траецкі манастыр. У 1507 падарыў Дзерманскаму Траецкаму манастыру рукапіснае Евангелле, пабудаваў і ўклаў фундуш на царкву ў Смалявічах, ахвяраваў грошы на будаўніцтва Жыдзічынскага манастыра.
Гл. таксама [правіць]
Літаратура [правіць]
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 2. — Мн., 1996.
- Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995.
- Сагановіч Г. Айчыну сваю баронячы — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-01109-8
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. — Мн., 1993.
| Папярэднікі | Канстанцін Іванавіч Астрожскі | Наступнікі |
няма Станіслаў Кішка |
Гетман вялікі літоўскі 1497–1500 1507–1530 |
Сямён Юр'евіч Гальшанскі Юрый Радзівіл «Геркулес» |