Міхал Казімір Агінскі

З Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці
Міхал Казімір Агінскі
Міхал Казімір Агінскі
Герб Агінскіх
Герб Агінскіх

Міхал Казімір АГІНСКІ (17301800, Варшава), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, паэт, мецэнат.

Паходзіў з роду князёў Агінскіх, прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці ВКЛ і Польшчы. Рана страціў бацьку і гадаваўся пад апякунствам спачатку дзеда — вялікага гетмана літоўскага М. С. Вішнявецкага, потым пад наглядам ваяводы віцебскага Марцыяна Агінскага, пасля яго выхавацелем стаў канцлер літоўскі Міхал Чартарыйскі. Пра маладыя гады Міхала Казіміра захавалася мала звестак, ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасці да мастацтва. Па парадзе М. Чартарыйскага Міхал Казімір пачаў ваенную кар'еру, а ў 18-гадовым узросце быў дэпутатам сейма. З 1753 ён падарожнічаў па Заходняй Еўропе. Наведаў Дрэздэн, Вену, Парыж, дзе практыкаваўся ў асноўным у музычным мастацтве. Талент Агінскага ўсхваляў у сваіх мемуарах Д. Дзідро. У 1761 Міхал Казімір вярнуўся на радзіму, ажаніўся з дачкой М. Чартарыйскага Аляксандрай, за якой атрымаў Слонімскую эканомію, дзе пазней стварыў славутую "сядзібу муз".

У 1768 М.К. Агінскі стаў вялікім гетманам літоўскім, а праз тры гады далучыўся да Барскай канфедэрацыі. У ноч на 12.9.1771 3-тысячны атрад гетмана ў бітве пры Сталовічах разбіты войскамі А. Суворава. Пасля гэтага Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва ўсходняй Беларусі, ужо далучанай (1772) да Расіі, былі канфіскаваны. У 1775 ён атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню і г.зв. Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганнямі былі адноўлены колішнія гасцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валынню. У хуткім часе Слонім ператварыўся ў "паўночныя Афіны".

Пры сваім двары М.К. Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу - "Дэпартамент балетных дзяцей", дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў оперы "Цыганы", "Елісейскія палі", "Сілы свету", "Становішча саслоўяў". Пісаў таксама скрыпічныя п'есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. Яго нават жартам называлі "гетман-кларнет", а некаторыя даследчыкі жыцця і дзейнасці М.К. Агінскага сцвярджаюць, што менавіта ён вынайшаў падножку да арфы. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам "Слонімскі грамадзянін" перадавых для свайго часу зборнікаў "Гістарычныя і маральныя аповесці" (1782), "Байкі і не байкі" (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з "Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 г. у Слоніме". Як мецэнат М.К. Агінскі рабіў хвяраванні для кляштара і касцёла ў Смілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага універсітэта.

У 1781 М.К. Агінскі быў прызначаны намеснікам Літоўскай правінцыі, а праз год выехаў за мяжу. Быў у Бруселі, Амстэрдаме, Берліне, Вене, вандраваў па Англіі. Наведваючы Прусію, прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма ІІ, каб вярнуць свае маёнткі ў Расіі. У 1793 Агінскі адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы. Падчас паўстання Т. Касцюшкі, ён знаходзіўся ў Вільні. Цяжка хворы, былы гетман па-ранейшаму займаўся музыкай, нават наладзіў сяброўства з Францам Іозефам Гайднам. У кан. 1795 М.К. Агінскі пераехаў у Варшаву, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця.


Літ.:

Агінскі Міхал Казімір // Асветнікі зямлі Беларускай, Х - пач. ХХ ст.: энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 9.  Агінскі Міхал Казімір // Бел. энцыкл. у 18 т. Мн., 1996. Т. 1. С. 75.  Агінскі Міхал Казімір // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя ў 2 т. Мн., 2002. Т.1. С. 17.  Агінскія // Энцыкл. гісторыі Беларусі ў 6 т. Мн., 1993. Т.1. С. 32-34.  Верамейчык, С. Міхал Клеафас Агінскі, 1765-1833 : продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі: (спроба храналогіі) / Сяргей Верамейчык. -Мн.: Кавалер Паблішэрс, 2003. -127 с.