Пустыня Гобі
Го́бі (па-мангольску: Говь, па-кітайску: 戈壁 (gē bì shamò), раней таксама Шамо) — пустынная і паўпустынная вобласць у Цэнтральнай Азіі, на тэрыторыі Манголіі і Кітая. Пасля Сахары другая па велічыні пустыня Зямлі.
Акаймавана на поўначы гарамі Мангольскага Алтая і Хангая, на поўдні — Наньшанем і Алтынтагам. Працягнулася амаль на 2 тыс. км, плошча больш за 2 млн. км². Падзяляецца на Заалтайскую Гобі, Мангольскую Гобі, Алашаньскую Гобі, Гашунскую Гобі і Джунгарскую Гобі. У рэльефе пераважаюць камяністыя, гліністыя, месцамі пясчаныя раўніны вышынёй 900—1200 м, трапляюцца асобныя кароткія горныя масівы вышынёй да 1800 м і ўчасткі драбнасопачніку. Клімат рэзка кантынентальны з самай вялікай на Зямлі амплітудай вагання тэмператур (каля 85°С; летам да 45°С, зімой каля 40°С). Ападкаў 70—200 мм за год. Пастаянных вадатокаў няма; у паніжэннях дробныя бяссцёкавыя азёры. Глебы шэрыя і бурыя, месцамі саланчакі і такыры. Расліннасць бедная, разрэджаная, пераважаюць злакі, палын, салянкі, зараснікі саксаулу; на захадзе ёсць аазісы з таполі. Жывёльны свет: дзікі вярблюд, асёл-кулан, конь Пржэвальскага, некалькі відаў антылоп; ёсць паўзуны, рэптыліі. У флоры і фауне шмат эндэмічных відаў.
Пашавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, коні). Ачаговае земляробства па далінах рэк. Вялікі Габійскі запаведнік (Манголія).
Літаратура[правіць]
- Андрыеўская З. Гобі // БелЭн у 18 т. Т. 5. Мн., 1997.
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пустыня Гобі