Чорная Русь

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Чорная Русь — усталяваная ў гісторыяграфіі з 18 ст., назва тэрыторыі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі, якая ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага з сяр. 13 ст., на пачатковым этапе фарміравання гэтай дзяржавы — значна раней, чым астатнія тэрыторыі сучаснай Беларусі. Паводле гісторыка-геаграфічных уяўленняў 1820 ст., галоўнымі цэнтрамі Чорнай Русі лічыліся гарады Новагародак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім.

Аднак аўтэнтычныя гістарычныя крыніцы не пацвярджаюць існавання на гэтай тэрыторыі гістарычнай вобласці з такой назвай, таму больш абгрунтавана ўжываць заміж «Чорная Русь» тэрмін «Панямонне». Назва «Чорная Русь», хутчэй за ўсё, узнікла ў заходнееўрапейскай літаратуры перыяду позняй схаластыкі і пачаткова не мела трывалай лакалізацыі. У абсалютнай большасці выпадкаў 1417 ст. назва ўжывалася заходнімі еўрапейцамі ў дачыненні да розных тэрыторый на ўсход і поўдзень ад сучаснай Беларусі. Адна з першых крыніц, у якой выступаюць «чорныя русіны», — нямецкамоўная хроніка Венгрыі Генрыха Мюгельна (~1360), якая паведамляла пра перасяленне старажытных венграў у Панонію праз тэрыторыю сучаснай Украіны. Тэрмін Чорная Русь, хутчэй за ўсё, быў утвораны на ўзор і ў процівагу Белай Русі не раней 14 ст. Ва ўзнікненні гэтай назвы сказалася схільнасць сярэднявечнай свядомасці да пабудовы прымітыўных класіфікацый. Калі існавала Белая Русь, непазбежна мусіла з'явіцца і Чорная. Такая «каляровая» схема наклалася на падзел Русі паводле іншага прынцыпу: з даўніх часоў выдзялялі «Верхнюю Русь» — супольнасць славянскіх і вугра–фінскіх плямёнаў з дамешкам варагаў–«русі» на паўночным захадзе ўсходняй Еўропы — у адрозненне ад «Ніжняй», ці «Рускай зямлі» над сярэднім Дняпром з цэнтрам у Кіеве. І калі Russia superior была, як правіла, раўназначнай Белай, дык Russia inferior, адпаведна, з цягам часу пачалі лічыць Чорнай.

Англійскі дыпламат Джайлс Флетчар у трактаце «Пра Расійскую дзяржаву» (Лондан, 1591) заўважыў: «Расія калісьці называлася Сарматыяй... Гэтая зямля падзялялася на дзве галоўныя часткі: Белую і Чорную. Белая Сарматыя ўключала ў сябе ўсю прастору, што ляжыць на поўнач і з боку Лівоніі, як вобласці, якія цяпер называюць Дзвінскай, Важскай, Усцюжскай, Валагодскай, Каргопальскай, Наўгародскай і гэтак далей, сталіцай ці галоўным горадам якіх быў Ноўгарад Вялікі. Чорнай Сарматыяй называлася ўся краіна, што ляжыць на поўдзень, ля мора Еўксінскага, ці Чорнага, як княствы: Уладзімірскае, Маскоўскае, Разанскае і іншыя». Вельмі падобны на ягоны падзел Русі галандскага гісторыка і палітолага Георга Хорна. У працы «Свет дзяржаў» (1668) ён пісаў: «[Русь] падзялялася на Белую і Чорную. Двума галоўнымі яе княствамі былі Кіеўскае (Kiovia) і Уладзімірскае (Vladimiria). Той, хто валодаў імі, лічыўся як бы манархам русінаў. Кіеў быў сталіцай Чорнай Русі, Уладзімір — Белай».

Больш дакладных прыкмет лакалізацыі Чорнай Русі, апроч знаходжання яе на поўдзень ад Белай, не было. Таму розныя аўтары разыходзіліся ў даным пытанні яшчэ больш, чым наконт Белай. Правядзенне ўмоўнай мяжы паміж гэтымі дзвюма часткамі, ці «правінцыямі» Русі залежала, хутчэй, ад густу аўтара, а не ад якіх–небудзь аб'ектыўных крытэрыяў.

«Кананічны» парадак размяшчэння «каляровых» частак Русі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — Белая, Чорная, Чырвоная — упершыню сустракаецца на карце Фра Маўра (1459), на якой Чорная Русь паказаная на правабярэжжы Акі. Хаця асобныя часткі гэтай трыяды пазней перамяшчаліся па карце, такая іх узаемная арыентацыя, як правіла, захоўвалася нязменнай. На глобусе Меркатара (Лувен, 1541) Russia Nigra паказаная на ўсход ад Пскова, як і на карце Скандынавіі Олаўса Магнуса (1539). Польскі пісьменнік 17 ст. Шыман Старавольскі лічыў, што Чорная Русь — гэта «правінцыя Чарнігаўская». Аляксандр Гваньіні згадваў «чорных русінаў, сталіца якіх Львоў». Некаторыя карты Сансона д’Абэвіля–бацькі паказваюць Чорную Русь паміж Львовам і Холмам. Яшчэ доўга ўслед за Дж. Флетчарам Чорнай Русьсю называлі Маскоўскую дзяржаву, напрыклад, А. Гваньіні ў выданні 1611, Андрэас Келер у 1659 і гэтак далей.

У агульнапрынятым цяпер выглядзе падзел на Белую, Чорную і Чырвоную Русь выснаваўся не раней за 17 ст. Ш. Старавольскі ў сяр. 17 ст. лічыў, што Белая Русь — частка ВКЛ, Чырвоная — усе ўкраінскія землі Польшчы, а Чорная — Маскоўская дзяржава, гэта значыць ніяк не звязваў Чорную Русь з Панямоннем – хаця такая лакалізацыя ў тыя часы ўжо сустракалася. У 1622 Козіма дэ Торэс пісаў, што «Русь... дзеліцца на тры часткі: Чырвоную Русь з гарадамі Львовам, Перамышлем, да якой належыць і Валынь; Белую Русь, якая працягнулася ад Рыгі, сталіцы Ліфляндыі, да Маскоўскай мяжы, уключаючы Полацак, Оршу, Віцебск, Магілёў; Чорную Русь, якая знаходзіцца паміж Літвой і Валынню, да Кіева з гарадамі Пінскам, Новагродкам і Оўручам». У геаграфічным слоўніку базыльяніна Іларыёна Карпінскага (Lexykon geograficzny dla gruntownego pojecia gazet i historii z roznych autorow zebrany. Вільня, 1766) суадносіны паміж трыма «каляровымі» часткамі Русі маюць практычна сучасны выгляд:

Белая — Мсціслаўскае, Віцебскае, Полацкае, Смаленскае ваяводствы;
Чорная — Наваградскае і Менскае;
Чырвоная — усе ўкраінскія землі Польшчы.

Ужо тады такі падзел лічылі першасным, адвечным, спрабуючы рэтраспектыўна ўзводзіць яго сама меней да 14 ст. Але ў сапраўднасці чляненне Русі на Белую, Чорную і Чырвоную якраз штучнае і не было ўласцівае самім усходнім славянам, пакуль да іх у 16–17 ст. шырока не пранікла еўрапейская адукаванасць.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]