Януш Корчак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Януш Корчак
Janusz Korczak
Janusz Korczak.PNG
Імя пры нараджэнні: Эрш Хенрык Гольдшміт
Дата нараджэння: 22 ліпеня 1879
Месца нараджэння: Горад Варшава
Дата смерці: 6 жніўня 1942(1942-08-06) (63 гады)
Месца смерці: Трэблінка
Лагатып ВікіСховішча Януш Корчак на Вікісховішчы

Януш Корчак (польск.: Janusz Korczak), сапраўднае імя Эрш Хенрык Гольдшміт (польск.: Henryk Goldszmit), вядомы таксама як Стары Доктар ці Спадар Доктар (часам пішацца разам) (22 ліпеня 1878 ці 1879, Варшава — 5 ці 6 жніўня 1942, закатаваны ў нямецкім лагеры смерці ў Трэблінцы) — доктар, педагог, пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, афіцэр Войска Польскага.

Педагог-наватар, аўтар публікацый па тэорыі і практыцы выхавання. Пачынальнік дзейнасці па абароне правоў дзяцей і абсалютнага раўнапраўя дзяцей. У якасці дырэктара дзіцячага дома стварыў, між іншым, дзіцячы сяброўскі суд, у якім дзеці самі разглядалі свае справы і маглі таксама прыцягваць да суду сваіх выхавацеляў. "Выдатны чалавек меў адвагу, каб даверыцца сваім дзецям і моладзі, якімі займаўся, аж да перадачы ў іх рукі дысцыпліны і даручэння самых складаных заданняў, звязаных з велізарнай адказнасцю, " — сказаў пра Корчака вядомы швейцарскі псіхолаг Жан Піяжэ, які наведваў Дзіцячы дом, што стварыў і якім кіраваў Корчак.

Корчак заснаваў першы педагагічны часопіс, які змяшчаў матэрыялы, дасланыя дзецьмі, і разлічаныя, галоўным чынам, на юнага чытача — «Малы агляд» («Mały Przegląd»). Ён быў адным з пачынальнікаў даследаванняў у галіне развіцця і псіхалогіі дзіцяці, а таксама выхаваўчай дыягностыкі.

Польскі яўрэй, які на працягу ўсяго жыцця казаў аб сваёй прыналежнасці да абодвух народаў.[1]

Маладосць і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Корчак нарадзіўся ў Варшаве ў апалячанай яўрэйскай сям'і, сын адваката Юзафа Гольдшміта (1844—1896) і Цэцыліі з дому Гэмбіцкай (1853/4-1920). Арыгінальная метрыка не захавалася, таму дакладная дата нараджэння невядомая.

Сям'я Гольдшмітаў паходзіла з Любельскага ваяводства, а Гэмбіцкіх — з Познаньскага; прадзед Маурыцы Гэмбіцкі і дзед Херш Гольдшміт былі ўрачамі.[2]

Магілы бацькі Януша Корчака,яго дзядулі і бабулі па матчынай лініі (магіла маці не знойдзена) знаходзяцца на яўрэйскіх могілках у Варшаве на вуліцы Акаповай.

Дабрабыт сям'і Гольдшмітаў пачаў пагаршацца з прычыны псіхічнай хваробы бацькі, які ў пачатку 90-х гадоў першы раз трапіў у псіхіятрычную клініку з сімптомамі шаленства. Бацька памёр 26 красавіка 1896 г. Пасля яго смерці Корчак — 17-18-гадовы вучань — пачаў займацца рэпетытарствам, каб дапамагчы сям'і. Яго маці Цэцыліна Гольдшміт здавала пакоі ў іх варшаўскай кватэры. Экзамены на атэстат сталасці Корчак здаваў будучы 20-гадовым мужчынам.

З дзяцінства Януш Корчак шмат чытаў. Пазней у дзённіку, які пісаў у гета, зрабіў запіс:…я запаў у вар'яцтва, шаленства чытання. Свет знік перад маімі вачыма, была толькі кніга…. У 1898 г. ён паступіў на медыцынскі факультэт Імператарскага ўніверсітэта ў Варшаве. Летам 1899 г. ён першы раз выехаў за мяжу — у Швейцарыю, дзе знаёміўся, між іншым, з педагагічнай дзейнасцю і творчасцю Іагана Генрыха Песталоці. У канцы гэтага ж года быў ненадоўга арыштаваны за дзейнасць у чытальнях Варшаўскага таварыства дабрачыннасці. Вучыўся шэсць гадоў, на першым курсе паўторна. Вучыўся ў Лётным універсітэце. У студэнцкія гады пазнаваў на сваім досведзе жыццё галоты, пралетарыяту і люмпенпралетарыяту. Ён належаў таксама да масонскай ложы «Зорка мора» Міжнароднай федэрацыі «Le Droit Humain», мэтай якой было «прымірыць усіх людзей, падзеленых бар'ерамі рэлігіі, і шукаць праўду, захоўваючы павагу да іншага чалавека»[3]

Доктар[правіць | правіць зыходнік]

23 сакавіка 1905 года Корчак атрымаў дыплом урача. У чэрвені гэтага ж года ў якасці доктара быў прызваны ў царскае войска (гэта быў перыяд падзелу Польшчы) і браў удзел у руска-японскай вайне. Служыў у г. Харбін. Ад дзяцей у Манчжурыі вывучаў кітайскую мову. У канцы сакавіка 1906 года вярнуўся ў Варшаву. Паміж 1905 −1912 гг. працаваў педыятрам у Шпіталі для дзяцей ім. Берсанаў і Баўманаў. Узамен за пражыванне на тэрыторыі шпіталя, ён у якасці так званага «мясцовага доктара» стала дзяжурыў у шпіталі і самааддана выконваў свае абавязкі. У сваёй доктарскай практыцы ён не пазбягаў пралетарскіх частак горада. Ад бедных пацыентаў часта браў толькі сімвалічную плату, або нават даваў сродкі на лекі, у той жа час ад заможных пацыентаў мог патрабаваць высокую аплату, дзякуючы сваёй літаратурнай папулярнасці.

У 1907—1910/11 гг. Корчак павышаў кваліфікацыю за мяжой, дзе слухаў лекцыі, праходзіў практыку ў дзіцячых клініках, наведваў выхаваўчыя і апякунскія ўстановы. У Берліне прабыў амаль год (1907—1908), у Парыжы чатыры месяцы (1910), месяц правёў у Лондане (1910 або 1911). Як пісаў пазней, менавіта ў Лондане ён прыняў рашэнне, што не будзе ствараць сваю сям'ю і будзе «служыць дзіцяці і яго справе»[4] У гэты час ён актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, належаў, між іншым, да Варшаўскага гігіенічнага таварыства і Таварыства летнікаў для дзяцей. У 1904, 1907, 1908 гадах выязджаў у летнікі, арганізаваныя Таварыствам для польскіх і яўрэйскіх дзяцей. У 1906 г. выдаў кнігу «Дзіця гасцінай», вельмі добра прынятую чытачамі і крытыкамі. Ад гэтага часу, дзякуючы папулярнасці, якую набыў пасля публікацый, стаў вядомым і папулярным педыятрам у Варшаве. У 1909 годзе ўступіў у яўрэйскае Таварыства «Дапамога для сірот», якое праз некалькі год пабудавала ўласны "Дом Сірот", дырэктарам якога стаў Корчак.

Падчас першай сусветнай вайны ён зноў быў прызваны ў царскую армію. Служыў малодшым ардынатарам дывізійнага шпіталя, пераважна ва Украіне. У 1917 годзе яго адклікалі на лекарскую працу ў прытулках для ўкраінскіх дзяцей пад Кіевам. Праз два гады, у часе кароткага адпачынку ў Кіеве, сустрэўся з Марыяй з Рагоўскіх Фальскай, польскай грамадскай і незалежнай актывісткай, якая на той час кіравала выхаваўчым домам для польскіх хлопцаў. Пасля заканчэння службы ў расійскай арміі ў званні капітана ў чэрвені 1918 года Корчак вярнуўся ў Варшаву. Пасля абвяшчэння незалежнасці Польшчы (11 лістапада 1918 года) Корчак хутка зноў трапіў у войска. На гэта раз быў мабілізаваны ў адроджаную польскую армію. Падчас польска-бальшавіцкай вайны (1919-1921) быў доктарам у ваенных шпіталях у Лодзі і Варшаве. Хварэў на тыф. За сваю працу быў павышаны да звання маёра Войска Польскага.

Педагог[правіць | правіць зыходнік]

Погляды[правіць | правіць зыходнік]

З ранняй маладосці цікавіўся пытаннямі, звязанымі з выхаваннем дзяцей, быў пад уплывам ідэі і досведу “новага выхавання”. Натхняўся таксама тэорыяй педагагічнага прагрэсівізму, апрацаванай Джонам Дз'юі, а таксама працамі Дэкролі, Мантэсоры ці ранейшых педагогаў – Песталоці, Спенсера, Фробеля; ведаў педагагічныя канцэпцыі Талстога[5] Падкрэсліваў неабходнасць дыялогу з дзецьмі. Публікаваў і чытаў лекцыі на тэмы, звязаныя з выхаваннем дзяцей і педагогікай. Досвед працы з дзецьмі набываў перш за ўсё як рэпетытар, пазней – як грамадскі дзеяч, а потым як дырэктар Дома Сірот і адзін са стваральнікаў Нашага Дому. У міжваенны перыяд выкладаў у розных навучальных установах у Польшчы, між іншым у Дзяржаўным інстытуце спецыяльнай педагогікі (сёння Акадэмія Спецыяльнай педагогікі ім. Марыі Гжэгажэўскай), Дзяржаўнай семінарыі настаўнікаў рэлігіі Майсея ці Дзяржаўным настаўніцкім інстытуце.

Корчак быў прыхільнікам эмансіпацыі дзіцяці, яго самавызначэння і шанавання яго правоў. Самакіраванне выхаванцаў, якое дзейнічала ў Корчакаўскіх цэнтрах, штодзённа практыкавала прынцыпы дэмакратыі, якія Корчак у аднолькавай ступені адносіў да дзяцей і дарослых. “Дзіця ўспрымае і разумее як дарослы чалавек – толькі не мае яго вопыту”.[Крыніца?]

Часопіс, які публікаваўся дзецьмі і для дзяцей, быў іх форумам, кузняй талентаў і важнай апорай асіміляцыі, асабліва дзяцей з артадаксальных яўрэйскіх сем'яў. Доктар Корчак выступаў за рэсацыялізацыю, а таксама комплексную і наватарскую апеку над дзецьмі з маргінальных слаёў грамадства.

Корчак сцвярджаў, што месца дзіцяці сярод аднагодкаў, а не ў хатнім зацішшы. Імкнуўся да таго, каб дзеці сціралі свае ранейшыя перакананні і маладыя погляды, праходзілі працэс сацыялізацыі і такім чынам рыхтаваліся да дарослага жыцця. Ён стараўся забяспечыць дзецям бесклапотнае – што не азначае пазбаўленае абавязкаў – дзяцінства. Лічыў, што дзіця само павінна зразумець і эмацыянальна перажыць дадзеную сітуацыю, набрацца досведу, само зрабіць вывады і прадухіліць магчымыя наступствы. “Няма дзяцей – ёсць людзі”, – пісаў Корчак.

Усіх дзяцей, якіх ён лячыў ці выхоўваў, лічыў сваімі. Яго пазнейшая дзейнасць пацвярджае гэта. Альтруістычныя перакананні не дазволілі б яму таксама на асаблівыя адносіны да малой групкі любімых вучняў. Ён не лічыў традыцыйную сям'ю найважнейшым і асноўным звяном сацыяльнай сувязі. Не прымаў ролю, якую яна адыгрывала ў хрэсціянска-кансерватыўных і традыцыйных яўрэйскіх колах грамадства.

Самыя важныя элементы канцэпцыі выхавання паводле Корчака:

  1. адмова ад гвалту — фізічнага, вярбальнага, які вынікае з узроставай перавагі ці выконваемай функцыі;
  2. ідэя выхаваўчага ўзаемадзеяння паміж дарослымі, дзецьмі, якая пашырае азначэнне класічнай педагогікі;
  3. прынцып уліку індывідуальнасці кожнага дзіцяці ў выхаваўчым працэсе;
  4. вера ў тое, што дзіця найлепш ведае ўласныя патрэбы, памкненні і эмоцыі, а значыць, яно павінна мець права на тое, каб дарослыя прымалі пад увагу яго думку;
  5. прызнанне дзіцяці права на павагу, няведанне і няўдачы, прыватнае жыццё, асабісты пункт гледжання і ўласнаць;
  6. прызнанне працэсу развіцця дзіцяці за нялёгкую працу.

Сённяшняе ўспрыманне[правіць | правіць зыходнік]

Сёння Януш Корчак атрымлівае ўсё большае прызнанне як прадвеснік шэрагу педагагічных тэндэнцый, а яго разуменне правоў дзіцяці з'яўляецца кропкай адліку для многіх сучасных аўтараў.[6] «Рэфарміраваць свет — гэта значыць рэфарміраваць выхаванне», — лічыў Корчак.

Корчак лічыцца [7] адным з пачынальнікаў педагагічнага напрамку, які зараз называецца «маральнае выхаванне» (ang. moral education), хаця ён не стварыў ніводнай сістэматычнай тэорыі на гэту тэму [8][9]. Яго сучасныя педагагічныя ідэі былі заснаваныя на практыцы. Ён быў праціўнікам дактрыны ў вучэнні, нягледзячы на тое, што добра ведаў педагагічныя і псіхалагічныя напрамкі сваёй эпохі [10]. Па словах Ігара Неверлі [11], Корчак не атаясамліваў сябе з ніводнай канкрэтнай палітычнай ідэалогіяй ці выхаваўчай дактрынай.

Нягледзячы на гэта, Корчака лічаць папярэднікам некалькіх напрамкаў. Кольберг лічыць, што яго “Справядлівае грамадства дзяцей” (ang. Children Just Community)[12] заснавана на практыцы Корчака. Была выказана здагадка [13], што Корчак і Паўлу Фрэйрэ маюць падобныя погляды на дэмакратыю ў школе і тэорыю дыялогу. Прыхільнікі педагагічнай любові (ang. pedagogical love) абапіраюць сваю тэорыю на выпрацаванай Корчакам мадэлі адносін настаўнік-вучань.[14] Іншыя аўтары [15] шукаюць у Корчака і Марціна Бубера пачаткі напрамку “рэлігійнага выхавання”. Ідэі Корчака выкарыстоўваюцца ў “ідэалогіі нармалізацыі” выхавання дзяцей з адхіленнямі ў інтэлектуальным развіцці.[16] Яго падыход да выхавання дзяцей аказаў уплыў на пасляваенныя заканадаўчыя ініцыятывы на карысць дзяцей. Значны ўдзел у іх прымала Польшча, якая актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы Дэкларацыі правоў дзіцяці 1959 года, а таксама ініцыіравала стварэнне “Канвенцыі аб правах дзіцяці”, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН у 1989 годзе.

Дом Сірот і Наш Дом[правіць | правіць зыходнік]

Разам са Стэфаніяй Вільчынскай ён быў стваральнікам і кіраўніком Дому Сірот – варшаўскага дзіцячага дома для яўрэйскіх дзяцей, фінансаванага яўрэйскім Таварыствам “Дапамога для сірот”, які размяшчаўся на вуліцы Крахмальнай, 92 (сёння вул. Яктароўска, 6). 7 кастрычніка 1912 г. Дом пачаў сваю дзейнасць, а Корчак стаў яго дырэктарам. Галоўнай выхавацелькай стала Стэфанія Вільчыньска (1886-1942) – панна/пані Стэфа. Корчак кіраваў прытулкам на працягу 30 гадоў. На рубяжы кастрычніка-лістапада 1940 года Дом Сірот быў перанесены ў гета на вуліцы Хлоднай. Падчас інтэрвенцыі, звязанай з пераездам, Корчак быў арыштаваны. Гітлераўцы пасадзілі яго ў турму на Павяку, але праз некалькі тыдняў ён быў вызвалены пад грашовы заклад.

З 1919 года Корчак сумесна з Марыяй Фальскай стварыў другую апякунскую ўстанову – прытулак для польскіх дзяцей Наш Дом, які першапачаткова размяшчаўся ў падваршаўскім Прушкаве, а з 1928 года – у раёне Бяляны. Супрацоўніцтва з Фальскай трывала ажно да 1936 года. У Нашым Доме таксама выкарыстоўваліся інавацыйныя педагагічныя метады. Абедзве ўстановы, празначаныя для дзяцей 7-14 год, рэалізавалі канцэпцыю самакіравальнай супольнасці, якая стварала ўласныя інстытуты, такія як парламент, суд, газета, сістэма дзяжурства, натарыяльная кантора ці крэдытная каса. За сваю адукацыйна-выхаваўчую дзейнасць у 1926 годзе Корчак атрымаў Афіцэрскі Крыж Ордэна Адраджэння Польшчы, які быў уручаны яму 11 лістапада 1925 года (дзень Нацыянальнага Свята Незалежнасці).

Пісьменнік, публіцыст, вядучы праграм на радыё[правіць | правіць зыходнік]

Корчак дэбютаваў 26 верасня 1896 года ў штотыднёвіку “Шыпы”. Як вучань гімназіі ён не мог афіцыйна публікавацца ў прэсе, таму падпісаўся псеўданімам “Хэн.”, пазней ён ужываў таксама іншыя псеўданімы, між іншым Ген-Рык, Хагот, Стары Доктар. Псеўданім Янаш Корчак, які ў крыху змененай форме: Януш Корчак, стаў вядомы больш, чым яго сапраўднае прозвішча, быў узяты з назвы рамана Ю. І. Крашэўскага “Пра Янаша Корчака і прыгожую мечнікоўну”. Упершыню ўжыў яго ў 1898 годзе, падпісаўшы ім сваю чатырохактавую драму “Кудой?”, высланую на драматургічны конкурс. Сам твор не захаваўся. У 1898-1901 гг. друкаваўся ў часопісе “Чытальня для ўсіх”. З 1900 года пачаў публікаваць як Януш Корчак, падпісваў так нават прыватныя лісты, аднак не адмаўляўся ад іншых псеўданімаў. Як Ген-Рык супрацоўнічаў з сатырычным штотыднёвікам “Шыпы”. З 1901 года пачаў пісаць фельетоны. У 1905 годзе з'явілася кніга выбраных фельетонаў, публікаваных у “Шыпах”, пад назвай “Небыліцы” і аповесць “Дзеці вуліцы” [1901].

Пісьменніцкая спадчына Корчака налічвае 24 кнігі і больш за 1400 тэкстаў, друкаваных у розных часопісах. Захаваліся толькі нешматлікія рукапісы, друкаваныя тэксты і дакументы, у тым ліку лісты, разам каля 300 пазіцый. Найважнейшымі педагагічнымі працамі лічацца: цыкл у чатырох частках “Як любіць дзіця” (1920), “Выхаваўчыя моманты” (1924), “Калі я ізноў буду малы” (1925), “Права дзіцяці на павагу” (1929) і “Жартоўная педагогіка” (1939). Сярод кніг для дзяцей асаблівую папулярнасць атрымаў “Кароль Мацюсь Першы” і “Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве” (1923), перакладзены больш чым на 20 моў, а таксама “Банкруцтва малога Джэка” (1924), “Правілы жыцця” (1930) і “Кайтусь- чарадзей” (1935).

За сваю літаратурную творчасць у 1937 годзе Корчак атрымаў Залаты Акадэмічны Лаўр Польскай акадэміі літаратуры.[17] Падчас другой сусветнай вайны ён вёў дзённік, важны з пункту гледжання на абставіны яго стварэння і ваенны вопыт аўтара.

У сваёй педагагічнай працы Корчак выкарыстоўваў таксама вельмі сучасныя ў тыя часы інструменты. Ён стварыў газету дзяцей і моладзі “Малы агляд” (1926-1939). Яна выходзіла як штотыднёвы дадатак да варшаўскага выдання “Наш агляд”. Першы нумар выйшаў 9 кастрычніка 1926 года, і гэта быў першы часопіс у Польшчы, створаны для дзяцей. Ад 1930 года яго рэдактарам быў пісьменнік Ежы Абрамаў, пасля вайны вядомы як Ігар Неверлі, які таксама быў сакратаром Корчака.

Часопіс выходзіў нягледзячы на існуючы ў 30-я гады антысемізм, неталерантнасць і падзел на расы. Апошні нумар выйшаў ад 1 верасня 1939 г.

Як Стары Доктар знакаміты педагог праводзіў сваю дзейнасць пры дапамозе цыклу радыёпраграм. У іх ён стварыў уласны стыль звароту да самых маленькіх слухачоў і простымі словамі расказваў ім пра важныя рэчы. У 1936 годзе педагагічныя праграмы доктара былі зняты з эфіру, нягледзячы на захопленыя водгукі слухачоў і рэцэнзентаў, па прычыне ўзрастаючых антысеміцкіх настрояў і звязаных з імі ўнутраных націскаў. Корчак вярнуўся на радыё праз два гады, а для слухачоў Польскага радыё выступаў таксама пасля выбуху вайны ў першыя дні верасня 1939 года.

II сусветная вайна, гета і апошні паход[правіць | правіць зыходнік]

Як афіцэр Войска Польскага пасля выбуху II сусветнай вайны Корчак вызваўся добраахвотнікам на вайсковую службу, аднак яго не ўзялі з увагі на ўзрост. Падчас нямецкай акупацыі ён насіў польскую ваенную форму. Ён не прымаў таксама навязанага нацыстамі дыскрымінацыйнага абазначэння яўрэяў зоркай Давіда, лічыў гэта ганьбай сімвала. Апошнія месяцы жыцця правёў у варшаўскім гета. Неверлі, які пазней стаў біёграфам Корчака, спрабаваў у той час перадаць яму фальшывыя дакументы з арыйскай часткі горада, але доктар адмовіўся выходзіць з гета. У гета ён працягнуў весці дзённік, які пачаў пісаць яшчэ ў 1939 годзе. Да гэтага амаль два гады ён не пісаў, бо ўсю яго энергію вычэрпвала апека над падапечнымі з Дому Сірот і іншая дзейнасць, звязаная з сітуацыяй дзяцей у гета. Упершыню дзённік быў апублікаваны ў Варшаве ў 1958 г. Апошні запіс датаваны 4 жніўня 1942 г.

Раніцай 5 ці 6 жніўня 1942 г. тэрыторыя Малога гета была акружана атрадамі СС, а таксама ўкраінскімі і латвійскімі паліцэйскімі. Падчас т.зв. “вялікай аперацыі”, або галоўнага этапу вынішчэння немцамі насельніцтва варшаўскага гета, ён чарговы раз адмовіўся ад уласнага выратавання, бо не хацеў пакідаць дзяцей і супрацоўнікаў Дому Сірот. У дзень дэпартацыі з гета Корчак ачоліў паход сваіх выхаванцаў на пляц пагрузкі, адкуль адыходзілі цягнікі ў лагеры смерці. У паходзе налічвалася каля 200 выхаванцаў і некалькі дзясяткаў выхавацеляў, між іншых Стэфанія Вільчыньска. Іх апошні паход стаў легендай. Ён стаў адным з ваенных міфаў і частым матывам успамінаў, аднак не заўсёды паслядоўных і верагодных у падрабязнасцях.

“Я не хачу быць бунтаром або выкрывальнікам міфаў, але мушу сказаць, як я тады гэта бачыў. Атмасфера была прасякнута нейкім вялікім бяссіллем, аўтаматызмам, апатыяй. Не было відавочнага руху, не было салютавання Корчаку (як некаторыя апісваюць), не было ніякага ўмяшання юдэнрата – ніхто да Корчака не падышоў. Не было жэстаў, не было спеву, не было горда паднятых галоў, я не памятаю, ці нёс хтосьці сцяг Дома Сірот, кажуць, што так. Была страшэнна, бяссільная цішыня. (…) Нехта з дзяцей трымаў Корчака за крысо паліто, можа за руку, яны ішлі як у трансе. Я правёў іх ажно да брамы Умшлагу...”[18]

Згодна з іншымі версіямі, дзеці ішлі па чатыры ў шэраг і неслі сцяг Караля Мацюся І, героя адной з аповесцяў аўтарства іх выхавацеля. У кожнага дзіцяці была любімая цацка або кніга. Адзін з хлопчыкаў на чале паходу граў на скрыпцы.[19] Украінцы і эсэсаўцы трэскалі пугамі і стралялі над дзецьмі, хоць паходам кіраваў адзін з іх – які відавочна сімпатызаваў дзецям.[20] Януш Корчак загінуў разам са сваімі выхаванцамі ў гітлераўскім лагеры смерці ў Трэблінцы.

У 1948 годзе Корчак пасмяротна атрымаў Кавалерыйскі Крыж Ордэна Адраджэння Польшчы.

Ідэнтычнасць[правіць | правіць зыходнік]

Януш Корчак лічыў сябе яўрэем-палякам. Дзейнічаў на карысць збліжэння палякаў і яўрэяў. Яго роднай мовай была польская, на гэтай мове ён тварыў. Іўрыт пачаў вывучаць толькі ў 30-я гады, калі зблізіўся з сіянісцкім рухам, а мову ідыш, якая была мовай большасці яўрэяў у Польшчы, трохі разумеў дзякуючы валоданню нямецкай мовай. Толькі ў 30-я гады зацікавіўся яўрэйскім нацыянальным адраджэннем; супрацоўнічаў з часопісамі сіянісцкіх моладзевых арганізацый, таксама ўдзельнічаў у іх семінарах. У гэты час Корчак перажываў крызіс у асабістым і прафесійным жыцці. У нейкім сэнсе выйсці з яго дапамаглі два падарожжы ў Палесціну ў 1934 і 1936 гадах, куды ездзіў, як ён пісаў, “удыхнуць мінулае, здабыць апору для разважанняў пра цяперашні час і – ба! – паглядзець у будучыню”.

Фільмы[правіць | правіць зыходнік]

«Вы свабодны, доктар Корчак»(1975), ням. «Sie sind frei Doktor Korczak» — нямецкі фільм рэжысёра Аляксандра Форда. Фільм пра апошнія гады жыцця Януша Корчака, ролю якога выконвае Лео Ген.

«Корчак» (1990) — польскі фільм рэжысёра Анджэя Вайды паводле сцэнарыя Агнешкі Холанд. Фільм паказвае лёсы доктара Корчака і фрагментарна — нацысцкае злачынства над дзецьмі і іх апекунамі з Дома сірот, час выканання «Аперацыі Рэйнхард». Ролю Корчака выканаў Войцех Пшоняк.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Міжнародная Літаратурная Прэмія імя Януша Корчака

International Janusz Korczak Association

Зноскі і бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 Joanna Olczak-Ronikier, Korczak, Próba biografii, W.A.B., Warszawa, 2011.
  2. Maria Falkowska, Rodowód Janusza Korczaka, Biuletyn Żydowskiego Instytutu Historycznego 1997, nr 1.
  3. Daniel Bargiełowski: Po trzykroć pierwszy.
  4. M. Jaworski, Janusz Korczak, Warszawa 1973, s. 18.
  5. Lewowicki, T., 1994, Janusz Korczak, Prospects:the quarterly review of comparative education (Paris, UNESCO: International Bureau of Education), vol. XXIV, no. 1/2, 1994, p. 37–48.
  6. Patricia Anne Piziali, 1981, A comparison of Janusz Korczak's concept of the Right of the Child with those of Other Selected Child Advocates, George Washington University (dysertacja)
  7. Lifton, B. J. (2003): Who was Janusz Korczak? In J. Korczak, Ghetto diary (pp. vii–xxx). New Haven, CT: Yale University Press.
  8. Efron S. 2005, Janusz Korczak - Legacy of a practitioner-research, Journal of teacher education, 56,145-156, DOI:10.1177/0022487104274415
  9. Efron Sara Efrat, 2008, Moral education between hope and hopelessness: The legacy of Janusz Korczak, Curriculum Inquiry, 38, 39-62 DOI:10.1111/j.1467-873X.2007.00397.x
  10. Valejeva, R. (1996): Korczak theory in the context of the humanistic pedagogy. [w:] A. Cohen, S. Aden, & R. Yatziv (Eds.): Studies in the legacy of Janusz Korczak, 1 (pp. 93–89). Haifa, Israel: University of Haifa Publishing House, The Janusz Korczak Associaion in Israel, and Beit Lochamei Hagetaot.
  11. Newerly, I. (1967): Introduction (A. Bidwell & G. Bidwell, Trans.). [In:] M. Wolins (Ed.): Selected works of Janusz Korczak (pp. xvii–xlv). Washington, DC: National Science Foundation.
  12. Kohlberg, L. (1981): Education for justice: The vocation of Janusz Korczak. [In:] L. Kohlberg (Ed.): Essays on moral development, Volume 1: The philosophy of moral development (pp. 400–407). San Francisco: Harper and Row.
  13. Gadotti, M. (1998): Janusz Korczak as the pioneer of child’s rights. The Sixth International Janusz Korczak Conference. Israel: Kibbutz Lochamei Haghetaot
  14. Hatt, B. E. (2005). Pedagogical love in the transactional curriculum. Journal of Curriculum Studies, 37(6), 671–688.
  15. Boschki, R., 2005, Re-reading Martin Buber and Janusz Korczak: Fresh impulses toward a relational approach to religious education, Religious education, 100, 114-126 DOI:10.1080/00344080590932391
  16. Reiter, S., Asgad, B., Sachs, S. 1990: The implementation of a philosophy in education - Korczak, Janusz educational principles as applied in special education, The British journal of mental subnormality, 1990, 4 -16
  17. Rocznik Polskiej Akademii Literatury 1937-1938, Warszawa 1939, s. 174.
  18. M. Rudnicki: Ostatnia droga Janusza Korczaka. „Tygodnik Powszechny” 1988 nr 45
  19. Szpilman W., Pianista
  20. Wspomnienia Joshua Perle
  • 50-lecie Polskiego Komitetu Korczakowskiego. Materiały na uroczyste spotkanie w dniach 6 i 7 XII 1996 w Warszawie, Warszawa: Polski Komitet Korczakowski, 1996
  • Anolik B.: Pamięć przywołana, Kraków, Oficyna Cracovia, 1996
  • Dębnicki K.: Korczak z bliska. Warszawa, LSW, 1985
  • Falkowska, Maria: Kalendarz życia, działalności i twórczości Janusza Korczaka. Zakład Systemów Wychowawczych. Pracownia Korczakowska, Nasza Księgarnia, Warszawa 1989, ISBN 8310091427
  • Falkowska M.: Stefania Wilczyńska (1886-1942). Matka sierot. Warszawa Korczakianum, 1997
  • Humaniści o prawach dziecka. Red. J. Bińczycka Kraków: Impuls, 2000
  • Jakubowski M.: Janusz Korczak i jego dokonania. Częstochowa, WSP, 1996
  • Jaworski M.: Janusz Korczak. Warszawa, Interpress, 1977
  • Janusz Korczak. Bibliografia polska 1896-1942. Heinsberg: Agentur Dieck, 1985
  • Janusz Korczak. Bibliografia polska 1943-1987. Heinsberg: Agentur Dieck, 1987
  • Janusz Korczak w getcie. Nowe źródła. Warszawa, Latona, 1992
  • Janusz Korczak – życie i dzieło. Materiały z Międzynarodowej Sesji Naukowej Warszawa, 12-15 października 1978. Warszawa, WSiP, 1982
  • Korczakowskie dialogi, red. J. Bińczycka, Warszawa, Wydawnictwo Akademickie Żak, 1999
  • Lewin A.: Gdy nadchodził kres... Ostatnie lata życia Janusza Korczaka, Warszawa, WSiP, 1996
  • Lewin A., Korczak znany i nieznany, Warszawa, Ezop, 1999
  • Lewin A., Tryptyk pedagogiczny, Warszawa, Nasza Księgarnia, 1986
  • Lichten J.: Janusz Korczak – Żyd polski, Więź 1983, nr 4
  • Matyjas B., Aktywność kulturalna dzieci i młodzieży w teorii i praktyce pedagogicznej Janusza Korczaka, Kielce, WSP 1996
  • Merżan I., Aby nie uległo zapomnieniu, Warszawa, Nasza Księgarnia, 1987
  • Merżan I., Pan Doktór i pani Stefa: wspomnienia, Warszawa, WSiP, 1979
  • Mortkowicz-Olczakowa H., Janusz Korczak, Kraków, Wydawnictwo J. Mortkowicz, 1949
  • Myśl pedagogiczna Janusza Korczaka, Nowe źródła, wybór M. Falkowska, Warszawa, Nasza Księgarnia, 1983
  • Newerly I., Żywe wiązanie, Warszawa, Czytelnik, 1966
  • Newerly I., Rozmowa w sadzie piątego sierpnia o chłopcu z bardzo starej fotografii, Warszawa, Czytelnik, 1984
  • Reminiscencje myśli Janusza Korczaka wykorzystane w nowoczesnych modelach kształcenia, red. M. Juszczyk, Częstochowa, WSP, 1996
  • Rogowska-Falska, Maria., Zakład Wychowawczy "Nasz Dom". Szkic informacyjny. Wspomnienia z maleńkości, Warszawa, PZWS 1959
  • Rusakowska D., Janusz Korczak o szkole. Poglądy – oceny – doświadczenia, Warszawa, IDP, 1989
  • Szlązakowa A., Janusz Korczak, Warszawa: WSiP, 1978
  • Szlązakowa A., Janusz Korczak w legendzie poetyckiej, Warszawa, INTERLIBRO, 1992
  • Szymańska D., Sympozjum na zakończenie stulecia dziecka, Problemy Opiekuńczo-Wychowawcze, 2001, nr 1
  • Tarnowski J., Janusz Korczak dzisiaj, Warszawa: ATK, 1990
  • Twardowski J., O Januszu Korczaku, Więź, 1972, nr 6
  • Twardowski J., Rozmowy pod modrzewiem, Warszawa: Pax, 1999
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 1993 nr 34
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 1999 nr 40
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 1999 nr 41
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 2000 nr 42
  • Wołoszyn, Stefan, Janusz Korczak jako pisarz, Wiedza Powszechna, Warszawa, 1982, ISBN 832140300X
  • Wołoszyn S., Korczak, Warszawa, Wiedza Powszechna, 1987
  • Wróblewski M., O Januszu Korczaku, Nowe Widnokręgi, Moskwa 1944, nr 8
  • Wspomnienia o Januszu Korczaku, Warszawa: Nasza Księgarnia, 1989
  • Wspomnienia o Januszu Korczaku, wybór i oprac. Ludwika Barszczewska, Bolesław Milewicz (wstęp Igor Newerly), Warszawa, Nasza Księgarnia, 1981
  • Żółkiewska W., Czarodziej, Warszawa, Krajowa Agencja Wydawnicza, 1979.
  • Korczak J. Pamiętnik, Wybór pism, tom 4, 1958
  • Newerly I.: Żywe wiązanie. Warszawa, Czytelnik, 1966
  • Korczak, J.: Ghetto diary. New Haven, Conn: Yale University Press, 2003. ISBN 0-300-09742-5.
  • Korczak J.: Pamiętnik. Wybór pism, tom 4, 1958.
  • Korczak (film)
  • Anna Mieszkowska, Dzieci Ireny Sendlerowej WWL MUZA SA, str. 134, wiersz 5-19
  • Korczak, J.: Janusz Korczak w getcie: nowe źródła (wstęp i redakcja naukowa Aleksander Lewin). Warszawa, Conn: Latona, 1992, s. 310.
  • Betty Jean Lifton „The King of Children. A Biography of Janusz Korczak”. New York-Toronto 1988
  • Maria Falkowska „Kalendarz życia, działalności i twórczości Janusza Korczaka”. Warszawa 1989

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]