Італьянская Эфіопія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
калонія Італіі
Італьянская Эфіопія
Герб Сцяг
Герб Сцяг
< 
 >
1936 — 1941

Сталіца Адыс-Абеба
Мова(ы) італьянская мова
Дынастыя Савойская

Італьянская Эфіопія (італ.: Etiopia italiana) — каланіяльныя ўладанні Італьянскага каралеўства на ўсходзе Афрыкі, утвораныя пасля захопу і акупацыі Эфіопскай імперыі ў 1935—1936 гадах[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ з канца XIX стагоддзя італьянскі ўрад выказваў жаданне захапіць эфіопскія землі. Спачатку былі захоплены землі сучасных Самалі і Эрытрэі — суседзяў Эфіопіі. У 1895 годзе італьянскія войскі пачалі вайну з Эфіопіяй, аднак пацярпелі паражэнне[2]. Толькі ў пачатку 1930-х гадоў, цяпер ужо італьянскі фашысцкі ўрад на чале з дыктатарам Беніта Мусаліні, вярнуўся да пытання захопу Эфіопіі. Італьянцаў, у першую чаргу, цікавілі ўрадлівыя землі гэтай краіны і магчымасць яе каланіяльнага асваення і перасялення туды саміх італьянцаў. Новая вайна, распачатая супраць Эфіопіі ў 1935 годзе, стала паспяховай. Італьянская армія актыўна выкарыстоўвала авіяцыю, бронетэхніку, баявыя атрутныя рэчывы (афіцыйна забароненыя да прымянення Лігай Нацый), а таксама тэхнічна значна пераўзыходзіла эфіопскую армію, многія салдаты якой з’яўляліся прадстаўнікамі мясцовых плямёнаў і былі часцяком узброены лукам са стрэламі. У маі 1936 года пала сталіца Эфіопіі Адыс-Абеба. Для прапаганды сваёй магутнасці італьянская армія арганізавала, так званы марш жалезнай волі, сабраўшы ў калону для паходу на Адыс-Абебу большую частку сваёй матарызаванай тэхнікі. Імператар Эфіопіі Хайле Селасіе I бег з краіны ў Вялікабрытанію. Эфіопія, як незалежная дзяржава, спыніла сваё існаванне. Замест яе была абвешчана Італьянская Эфіопія, у склад якой увайшлі Італьянскае Самалі і Італьянская Эрытрэя, а ў сваю чаргу, усе яны былі аб’яднаны ў каланіяльнае ўтварэнне Італьянская Усходняя Афрыка. Губернатарам Італьянскай Эфіопіі быў абвешчаны маршал П’етра Бадолья, а віцэ-каралём Амадэй Савойскі, герцаг Аосцкі.

Уварванне ў Эфіопію і яе акупацыя Італіяй выклікалі бурную міжнародную рэакцыю. Італію выключылі з Лігі Нацый у 1937 годзе.

Тэрыторыя былой Эфіопіі італьянскімі каланіяльнымі ўладамі была падзелена на чатыры правінцыі:

Правінцыя На італьянскай Сталіца Насельніцтва Італьянцаў[3] Код Герб
Амара Amara Гондэр 2,000,000 11,103 AM
Харэр Harar Харэр 1,600,000 10,035 HA
Гала-Сідама Galla e Sidama Джыма 4,000,000 11,823 GS
Шоа Scioà Адыс-Абеба 1,850,000 40,698 SC

Таксама на тэрыторыі Італьянскай Эфіопіі былі ўведзены спецыяльныя грашовыя дзяржзнакі — каланіяльная італьянская ліра.

У 1940 годзе Італія ўступіла ў Другую сусветную вайну супраць Вялікабрытаніі і Францыі. У час баявых дзеянняў у Усходнеафрыканскай кампаніі, італьянская армія пацярпела паражэнне і пазбавілася Эфіопіі, якой вярнулі суверэнітэт пад брытанскім кантролем, аднак, яшчэ два гады на тэрыторыі Эфіопіі дзейнічалі партызанскія атрады італьянскіх салдат.

Зноскі

  1. Pasquale Villani. La civiltà europea nella storia mondiale. 3, L'età contemporanea. 19.-20. secolo. — Bologna: Il mulino, 1993. — 850 p. с. — ISBN 88-15-02704-1, 978-88-15-02704-7.
  2. Вобликов Д. Р. Эфиопия в борьбе за сохранение независимости. 1860—1960. М., Соцэкгиз, 1961. — 218 стр.
  3. Istat Statistiche 2010