Агасавара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Агасавара
яп. 小笠原群島
Астравы
Астравы
Характарыстыкі
Колькасць астравоў30 
Найбуйнейшы востраўвостраў Ціцідзіма 
Агульная плошча79,3 км²
Насельніцтва2 450 чал. (2009)
Шчыльнасць насельніцтва30,9 чал./км²
Размяшчэнне
27°10′ пн. ш. 142°12′ у. д.HGЯO
АрхіпелагЯпонскія астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Агасавара (Ціхі акіян)
Агасавара
Агасавара
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Агасавара (яп.: 小笠原群島), вядомы ў мінулым таксама як Банін (англ.: Bonin) — архіпелаг на захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад Японіі. Агульная плошча — 79,3 км². Насельніцтва (2009 г.) — 2450 чал.[1]

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Астравы Агасавара належаць да вулканічнай дугі Ідзу — Агасавара (1100 км у даўжыню, да 300—400 км у шырыню). Уздоўж яго ўсходняй часткі цягнецца глыбакаводны Ідзу-Банінскі жолаб. Падводны хрыбет Агасавара вылучаецца ў паўднёвай частцы дугі, мае даўжыню каля 400 км і шырыню 50—70 км. Ён сфарміраваўся ў перыяд эацэну — палеацэну.

Архіпелаг складаецца з некалькіх лінейных ланцугоў астравоў:

  • Ціцідзіма (яп.: 父島列島), які займае агульную плошчу 38,89 км² і ўключае 14 астравоў. Найбуйнейшы востраў Ціцідзіма мае плошчу 23,8 км².

27°04′10″ пн. ш. 142°12′49″ у. д.HGЯO

  • Мукодзіма (яп.: 聟島列島), агульнай плошчай 6,57 км². Вылучаецца 11 астравоў, самы вялікі з якіх займае 2,57 км².

27°40′50″ пн. ш. 142°08′28″ у. д.HGЯO

  • Хахадзіма (яп.: 母島列島), якая ўключае 16 астравоў, што займаюць 27,54 км².

26°39′33″ пн. ш. 142°09′31″ у. д.HGЯO

Клімат вільготны субтрапічны. Самы прахалодны месяц — люты, калі сярэдняя тэмпература вагаецца ад +16 °C да +19 °C. У жніўні сярэдняя тэмпература — ад +26 °C да +29 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1554 мм. У летні сезон здараюцца частыя тайфуны.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Астравы Агасавара ніколі не былі злучаны з кантынентамі, таму тут сфарміравалася своеасаблівая экасістэма. Астравы нават прынята называць усходнімі Галапагас. Дамінуюць ксерафітныя субтрапічныя лясы і хмызнякі. Вылучаецца 440 відаў сасудзістых раслін. 70 % дрэў і хмызнякоў — эндэмікі.

Фаўна прадстаўлена 195 відамі птушак, 100 відамі наземных бруханогіх малюскаў і кажанамі, сярод якіх асаблівую цікавасць маюць банінскія лятучыя лісы.

Марскія прасторы вакол астравоў насяляюць рэдкія віды каралаў, кіты, дэльфіны, марскія чарапахі, галаваногія і г. д.

З мэтай аховы ўнікальнай прыроды астравоў Агасавара ў 1972 г. быў створаны нацыянальны парк. У 2010 г. уступіў у дзеянне спецыяльны перспектыўны план развіцця і навуковага вывучэння мясцовай экалогіі. У 2011 г. ЮНЕСКА ўнесла астравы Агасавара ў спіс сусветнай спадчыны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Астравіцяне, фота каля 1930 г.

Першаадкрывальнікамі архіпелага лічацца іспанскія мараплаўцы, якія заўважылі сушу ў 1543 г. падчас плавання з Філіпін у Мексіку і далі ёй назву астравоў Арцыбіскупа (ісп.: Arzobispo). Паводле японскай версіі, яны былі выпадкова адкрыты ў 1592 г. высакародным Садаёры з клана Агасавара. Ён атрымаў іх у феадальнае валоданне. У японскіх пісьмовых крыніцах таксама маецца запіс аб адкрыцці бязлюдных астравоў у 1675 г. рыбакамі. Аднак сведчанняў пра засяленне астравоў да XIX ст. не маецца. Назва Банін, якая была дадзена еўрапейцамі пазней, звычайна тлумачыцца пераагучваннем старой японскай назвы 無人島 (літаральна «незаселеныя астравы»).

Відавочна, астравы Агасавара былі вядомы еўрапейскім і амерыканскім кітабоям з канца XVIII ст. Калі 14 чэрвеня 1827 г. да іх падышла брытанская навуковая экспедыцыя, каб зрабіць першае падрабязнае апісанне, на адным з астравоў былі знойдзены 2 брытанскія маракі, якія выратаваліся пасля караблекрушэння і пражылі тут некалькі месяцаў. Брытанцы назвалі даследаваную імі зямлю ў гонар Георга III і абвясцілі яе брытанскай тэрыторыяй.

У 1830 г. брытанскі консул на Гаваях арганізаваў перасяленне на астравы 25 гавайцаў і некалькіх еўрапейскіх і амерыканскіх маракоў. Аднак брытанскае адміністраванне заснаванай імі калоніі было вельмі ўмоўным. У 1853 г. гэтым скарысталіся амерыканскія ваенныя, якія са згоды каланістаў абвясцілі астравы тэрыторыяй ЗША.

У 1861 г. на астравы прыбыў прадстаўнік японскага ўрада разам са 100 перасяленцамі з астравоў Ідзу. Ён абвясціў калонію валоданнем Японіі і выказаў намер абмежаваць прысутнасць у гэтых водах іншаземных суднаў. Аднак японская спроба каланізацыі астравоў была дрэнна падрыхтавана, і да канца 1863 г. усе японскія перасяленцы вярнуліся на радзіму.

21 лістапада 1875 г. да астравоў Агасавара была накіравана значна лепей забяспечаная экспедыцыя на ваенным караблі «Мейдзі Мару». У 1876 г. японскі ўрад дамогся ад Вялікабрытаніі ўрэгулявання пытання аб прыналежнасці астравоў Агасавара на сваю карысць. Новыя японскія ўлады садзейнічалі перасяленню сюды японцаў, стварэнню мясцовага рыбалавецкага флота, заснаванню цукровых і баваўняных плантацый. У 1880 г. астравы Агасавара былі далучаны да прэфектуры Токіа. У 1882 г. астравіцяне гавайскага і еўрапейскага паходжання атрымалі статус грамадзян Японіі. Новая хваля каланізацыі прывяла да спусташэння мяцовых лясоў, амаль поўнага вынішчэння некаторых відаў дзікіх жывёл.

У гады II сусветнай вайны ўсё грамадзянскае насельніцтва астравоў (7 700 чал.) было вымушана пакінуць свае дамы і пераехаць у Японію. Японскія ваенныя ператварылі астравы Агасавара ў моцную крэпасць. Аднак пасля капітуляцыі Японіі ў 1945 г. гэтая тэрыторыя апынулася пад кантролем ВМФ ЗША. Яна была вернута Японіі толькі 26 чэрвеня 1968 г.

У 1972 г. на астравах Агасавара быў створаны нацыянальны парк. У 2011 г. ЮНЕСКА ўнесла астравы ў спіс сусветнай спадчыны.

У нашы дні населены толькі 2 востравы. Большасць насельніцтва занята ў ахове прыроды і дзяржаўнай службе. Развіваецца экалагічны турызм. Насельніцтва астравоў Агасавара захоўвае арыгінальную культуру. Нашчадкі еўрапейцаў і гавайцаў обейкей маюць еўрапейскія імёны, спавядаюць хрысціянства, у мясцовай кухні звычайнымі з’яўляюцца палінезійскія стравы, распаўсюджаны танец хула

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 1362
рус.англ.фр.