Адам Канстанцінавіч Дземідэцкі-Дземідовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Адам Канстанцінавіч Дземідэцкі-Дземідовіч
герб «Наленч»
герб «Наленч»
Нараджэнне 24 красавіка 1838(1838-04-24)
вёска Старае Сяло, Ігуменскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць пасля 1952
Род Дземідэцкія-Дземідовічы
Бацька Канстанцін-Андрэй Адамавіч Дземідэцкі-Дземідовіч (1843— пасля 1888)
Маці Аляксандра Францішкаўна Карзюк-Залеская
Веравызнанне каталіцызм

Адам Канстанцінавіч Дземідэцкі-Дземідовіч (руск.: Адам Константинович Демидецкий-Дземідович; польск.: Adam Demidecki-Demidowicz; 24 красавіка 1888, Ігуменскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — пасля 1952) — беларускі дваранін Расійскай імперыі, ваенны і палітычны дзеяч Беларусі і Польшчы. Капітан польскага войска, староста (1928—1932) Высокамазавецкага павета (Польшча). Супрацоўнік нямецкіх спецслужб і беларускай калабаранцкай адміністрацыі ў часе Другой сусветнай вайны. У Генеральнай акрузе «Беларусь» намеснік бургамістра Мінска (1941—1944), удзельнік Другога Усебеларускага кангрэса (1944).

Паходжанне і сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да старажытнага сярэднезаможнага шляхецкага (дваранскага) роду Дземідовічаў, які карыстаўся прыдомкам «Дземідэцкі» і гербам «Наленч».

Нарадзіўся 24 красавіка 1888 г. у каталіцкай сям’і двараніна-землеўласніка Канстанціна-Андрэя Адамавіча Дземідэцкага-Дземідовіча (1843— пасля 1888), удзельніка Студзеньскага паўстання (1863—1864), і яго жонкі Аляксандры Францішкаўны Карзюк-Залескай у вёсцы Старае Сяло[1] (Ігуменскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя). Паводле іншай інфармацыі нарадзіўся на хутары Фрыбесава[2] (Ігуменскі павет). Для Аляксандры Карзюк-Залескай гэта быў другі шлюб. Дзед (Адам Міхалавіч Дземідэці-Дземідовіч) валодаў маёнткам Хідра (Ігуменскі павет) і быў ігуменскім павятовым суддзёй (упам. 1848), жанатым з дваранкай-каталічкай Сафіяй Цыпрыянаўнай Здзяхоўскай.

Быў хрышчаны ў каталіцтва 11 чэрвеня 1889 г.

Грамадская і службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Атрымаў вышэйшую адукацыю, па прафесіі — юрыст[3].

У 1919 годзе ўступіў у Літоўска-беларускую дывізію, каб ваяваць супраць бальшавікоў[4]. Быў ад'ютантам Юзафа Пілсудскага[5]. Даслужыўся да звання капітана. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора (1921) стаў грамадзянінам Польшчы, быў капітанам запасу польскіх войск, членам кіраўніцтва Саюзу афіцэраў запасу ў Лодзі[6].

У 1928—1932 гг. быў старостам Высокамазавецкага павета (Польшча)[7]. Працаваў інспектарам у інспекцыі Саюзаў мясцовага самакіравання Лодзьскага ваяводства (1937, 1939)[8], займаўся эканомікай, быў інспектарам плантацыі па вырошчванні бульбы[9]. З чэрвеня 1939 г. з’яўляўся членам новай Рады дырэктараў Лодзьскага Саюза рэзервістаў[10]. Быў дзеячом беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі[11].

У канцы чэрвеня 1941 г. хадайнічаў перад Мікалаем Шчорсам, старшынёй Беларускага камітэта ў Варшаве, аб уладкаванні на працу і быў накіраваны ў Мінск[12]. Летам 1941 г., пасля заняцця нямецкімі войскамі Мінска ў ходзе Другой сусветнай вайны, пераехаў з Польшчы ў Мінск, карыстаўся асабістым даверам Радаслава Астроўскага, выконваў яго асабістыя даручэнні[13]. З ліпеня 1941 па 3 ліпеня 1944 г. быў намеснікам пры ўсіх трох бургамістрах Мінска (Вітаўт Тумаш, Вацлаў Іваноўскі, Анатоль Комар) у часы нацысцкай акупацыі Беларусі (1941—1944). Быў на службе у нямецкай службе бяспекі СД і нямецкім контрразведвальным органе «Абвер»[14][15].

Паводле ўспамінаў Леаніда Галяка, у Мінску «насупраць памешкання Астроўскага жыў заступнік старшыні гораду — Дземідовіч-Дземідэцкі. Паходзіў з абшарніцкай сям’і з Меншчыны, з якой ужо перад Першай вайной было пару беларусаў. Паміж войнамі жыў у Польшчы. Быў зарэгістраваны ў Беларускім Камітэце ў Лодзі, і прыехаў у Менск разам з Астроўскім, які таксама ў гэтым часе быў у Лодзі. Жыццё ў Менску вёў вясёлае і п’яное, але на працу не позніўся ані мінуты»[16]. Галяк апісаў, як пабытова жылі ў Мінску ў канцы 1941 г. беларускія калабаранты: «Сталаваліся ўсе разам у былым памяшканні Астроўскага, дзе яго асабістая гаспадыня сталася гаспадыняй нашага „калгасу“, да якога належалі: Вацлаў Іваноўскі, Адам Дземідовіч-Дземідэцкі, В. К., я з жонкаю, Язэп Найдзюк і Кутарга… З харчаваннем у Менску было вельмі блага і кожны, на дадатак да „калгаснай“ дыеты, стараўся яшчэ з’есці нешта ў горадзе: Іваноўскі і Дземідовіч у гарадской управе, К. і я з жонкай у сталоўцы Самапомачы, дзе давалі талерку поснай капусты і трохі цёртай бульбы з паловаю агурка. Язэп Найдзюк у спецсталоўцы (адпаведнік савецкага закрытага распрадзеліцеля), дзе старшыня Беларускай Самапомачы доктар Ермачэнка пры сваім стале падкормліваў выдатных дзеячоў. Кутарга ў шпіталі, ды таму бацька і матка падсылалі з Коўні, дзе становішча было лепшае <…> Жыццё ў Менску было даволі манатоннае, хатняе, з увагі на забарону бывання на вуліцы вечарам, — калі прыходзілі госці, дык заставаліся з начлегам. Не ўспомніў яшчэ, што жонка працавала ў Школьным Інспектараце бібліятэкаркай, а апрача гэтага для прафесара Іваноўскага перакладала з нямецкай вядомы падручнік арганічнай хіміі Големана, так мне здаецца, ды працавала над хімічнай тэрміналогіяй. На чале Школьнага Інспектарату быў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі з беларускага боку, і фольксдойчэ Сівіца з нямецкага. Заступнікам Сівіцы быў фольксдойчэ з Латвіі — Штэрнберг, які калісьці вучыўся, а можа, і скончыў беларускую гімназію ў Латвіі. Наш „калгас“ паменшаў: А. Беленіс выехаў у Баранавічы, Іваноўскі і Дземідовіч-Дэмідэцкі перайшлі на сваю гаспадарку, засталіся ў „калгасе“ — Язэп Найдзюк, В. К. і я з жонкаю»[17]. У тыя часы Адам Дземідэцкі-Дземідовіч меў мянушку «Маслюк»[18].

У хуткім часе пасля заняцця пасады намесніка бургамістра Мінска, наведаў свой былы зямельны маёнтак у вёсцы Хідра (які належаў Дземідэцкім-Дземідовічам да 1921 г. у былым Ігуменскім павеце), а пазней разам з архітэктарам мінскай гарадской управы склаў план аднаўлення свайго маёнтка, учыніў допыт сялянам і склаў спісы людзей, якія атрымалі зямельныя ўчасткі пасля нацыяналізацыі маёнтка Хідра савецкай уладай[19]. Перадаў гэты спіс нямецкай уладзе і папрасіў пакараць гэтых асоб[20].

Вясной 1944 г. кіраўнік Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) Радаслаў Астроўскі зноў актывізаваў спробы ўсталявання супрацоўніцтва з кіраўніцтвам польскага падполля і з гэтай мэтай таемна ад нямецкіх акупацыйных улад у красавіку 1944 г. накіраваў з Мінска ў Варшаву свайго даверанага супрацоўніка Адама Дземідэцкага-Дземідовіча з новым пакетам прапаноў у адрас польскіх улад[21]. Дземідэцкі-Дземідовіч быў блізкім сваяком аднаго з членаў польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане[22]. Прапановы Астроўскага датычылі заключэння будучай польска-беларускай федэрацыі, а на час Другой сусветнай вайны ўтварэння беларускага прадстаўніцтва пры польскім урадзе ў Лондане і прадстаўніцтва польскім урадам інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне[23]. Выведка польскай Арміі Краёвай склала характарыстыку на Дземідэцкага-Дземідовіча: «Дземідэцкі ў Мінску лічыцца беларусам, сям’я яго ў Вільні нібыта польская, хоць і здраджвае [палякам сваімі] цеснымі стасункамі з галоўнымі беларускімі нацыяналістамі. Гэта другая акалічнасць звяртае ўвагу на тое, што Дземідовіч у Вільні падтрымлівае нібыта стасункі з прадстаўнікамі польскай узброенай сілы, пра што гучна кажа сям’я ў Вільні»[24]. Выведка Арміі Краёвай у чэрвені 1944 г. таксама паведаміла аб спыненні антыпольскай рыторыкі на старонках беларускай прэсы ў Вільні, што было звязана між іншым з візітам Дземідэцкага ў Варшаву[25]. Вынікі польска-беларускіх перамоў у Варшаве былі нязначнымі, бо кіраўніцтва Беларускай цэнтральнай рады на чале з Астроўскім не хацела прызнаваць прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі, якія ўваходзілі ў склад Польшчы да 1939 г. і якія польскі падпольны ўрад хацеў зноў уключыць у склад будучай вольнай Польшчы. У такой сітуацыі прапановы стварэння польска-беларускай федэрацыі былі адпрэчаны польскім бокам, абодвум бакам было няма чаго прапанаваць[26].

27 чэрвеня 1944 года Адам Дземідэцкі-Дземідовіч удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, на якім быў выбраны членам у мандатную камісію разам з Юрыем Аляксандравічам Сабалеўскім і прафесарам Платонам Патапавічам Жарскім[27].

Уцёкі[правіць | правіць зыходнік]

Перад прыходам Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ў Мінск, члены Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) у пачатку ліпеня 1944 года эвакуяваліся немцамі ў Берлін цягніком па маршруце Мінск-Беласток-Варшава-Торунь-Марыенбург-Кёнігсберг-Берлін, але Адам Дземідэцкі-Дземідовіч высеў з цягніка ў Варшаве[28]. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны жыў у Польшчы.

У 1952 годзе жыў Пазнаньскім ваяводстве Польшчы, дзе асела шмат асоб, якія пры нямецкай акупацыі Беларусі займалі даволі высокія пасады ў акупацыйным апараце: Адам Таранда, намеснік гарадскога галавы Баранавіч; начальнік грамадзянскай адміністрацыі раёна Новая Мыш; Леў Глінскі, камандзір 35-га батальёна (Паставы) Беларускай краёвай абароны; Барыс Рамановіч, паўнамоцны прадстаўнік Беларускага прадстаўніцтва ў Кёнігсбергу[29].

Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. Skorowidz OSOBOWY ikonografii łódzkiej do «Łodzi w Ilustracji»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2023. Праверана 5 жніўня 2023.
  2. Соловьев, А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн., 1995. — С. 152.
  3. Соловьев, А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн., 1995. — С. 152.
  4. Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию(недаступная спасылка)
  5. Раманоўскі, В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах. — Мн., 1964. — С. 78.
  6. Skorowidz OSOBOWY ikonografii łódzkiej do «Łodzi w Ilustracji»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2023. Праверана 5 жніўня 2023.
  7. Skorowidz OSOBOWY ikonografii łódzkiej do «Łodzi w Ilustracji»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2023. Праверана 5 жніўня 2023.
  8. Skorowidz OSOBOWY ikonografii łódzkiej do «Łodzi w Ilustracji»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2023. Праверана 5 жніўня 2023.
  9. Соловьев, А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн., 1995. — С. 152.
  10. Skorowidz OSOBOWY ikonografii łódzkiej do «Łodzi w Ilustracji»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2023. Праверана 5 жніўня 2023.
  11. Грицкевич, А. П. Западный фронт РСФСР. 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию. — Минск, 2009. — С. 71(недаступная спасылка).
  12. Соловьев, А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн., 1995. — С. 152.
  13. Соловьев, А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн., 1995. — С. 152.
  14. Соловьев, А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн., 1995. — С. 153.
  15. Раманоўскі, В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах. — Мн., 1964. — С. 78.
  16. Леанід Галяк. Успаміны. Кніга 1: ЗША, Летапіс, 1982
  17. Леанід Галяк. Успаміны. Кніга 1: ЗША, Летапіс, 1982
  18. Białoruski ruch niepodległościowy w czasie II wojny światowej
  19. Раманоўскі, В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах. — Мн., 1964. — С. 78.
  20. Раманоўскі, В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах. — Мн., 1964. — С. 78.
  21. Туронак, Ю. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) / Ю. Туронак // Cпадчына. — 1997. — № 3. — С. 104—133.
  22. Раманоўскі, В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах. — Мн., 1964. — С. 78.
  23. Туронак, Ю. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) / Ю. Туронак // Cпадчына. — 1997. — № 3. — С. 104—133.
  24. Białoruski ruch niepodległościowy w czasie II wojny światowej
  25. Białoruski ruch niepodległościowy w czasie II wojny światowej
  26. Karbowiak o konflikcie polsko-białoruskim
  27. Другі Усебеларускі кангрэс: матэрыялы сабраныя і апрацаваныя на падставе пратакольных запісаў камісіяй Беларускай Цэнтральнай Рады
  28. Леанід Галяк. Успаміны. Кніга 1: ЗША, Летапіс, 1982
  29. [https://www.bazhum.muzhp.pl/media/files/Pamiec_i_Sprawiedliwosc/Pamiec_i_Sprawiedliwosc-r2011-t10-n1_(17)/Pamiec_i_Sprawiedliwosc-r2011-t10-n1_(17)-s263-296/Pamiec_i_Sprawiedliwosc-r2011-t10-n1_(17)-s263-296.pdf Jerzy Grzybowski Komunistyczny aparat bezpieczeństwa w Polsce wobec mniejszości białoruskiej w kraju i Białorusinów antykomunistów na Zachodzie]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гербоўнік беларускай шляхты / Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Т. 5 : Д / [Я. С. Глінскі (кіраўнік) і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2018. — 846 с.
  • Грицкевич, А. П. Западный фронт РСФСР. 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию / А. Грицкевич. — Минск : Харвест, печ. 2009 (макет 2010). — 494 с.
  • Другі Усебеларускі кангрэс: матэрыялы сабраныя і апрацаваныя на падставе пратакольных запісаў камісіяй Беларускай Цэнтральнай Рады / пад рэдакцыяй Р. Астроўскага. — [Мюнхен] : выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1954. — 94 с.
  • Запісы. Zapisy 40. Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Belarusan Institute Arts and Sciences / Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч. — New York-Miensk, 2018. — 794 с.
  • Мірановіч, Я. Навейшая гісторыя Беларусі / Яўген Мірановіч. — Беласток : Rada Programowa Tygodnika «Niwa», 1999. — 270 с.
  • Раманоўскі, В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах / В. П. Раманоўскі; маст. Л. Арапаў. — Мн. : Беларусь, 1964. — 288с.
  • Соловьев, А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах / А. К. Соловьев. — Мн. : Навука і тэхніка, 1995. — 176 с.
  • Туронак, Ю. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) / Ю. Туронак // Cпадчына. — 1997. — № 3. — С. 104—133.