Акупацыйны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Акупацыйны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну — выданні, якія выходзілі ў 1941—1944 гадах на акупіраванай нямецкімі фашыстамі тэрыторыі Беларусі. Выдаваўся нямецкай адміністрацыяй (грамадзянскай і ваеннай) — беларускі легальнымі арганізацыямі і фарміраваннямі для прапаганды палітыкі і практыкі нямецка-фашысцкіх улад, забеспячэння эфектыўнасці кіравання на захопленых тэрыторыях, захавання лаяльнасці мясцовага. насельніцтва, барацьбы з партызанскім рухам і ўплывам камуністычнай ідэалогіі[1].

На тэрыторыі Беларусі выходзіла каля 100 легальных перыяд. выданняў (разам з аднадзёнкамі і нерэгулярнымі выданнямі) на беларускай, рускай, нямецкай, часткова ўкраінскай мовах (газеты выдаваліся раз у 3—7 дзён, часопісы раз у 1—2 месяцы); на беларускай мове выдаваліся адміністрацыйнымі структурамі акупацыйных улад і падкантрольнымі ім установамі — аддзеламі прэсы, прапаганды, культуры гебітскамісарыятаў і гарадскіх упраў, спецыялізаванымі выдавецтвамі, як, напрыклад, газеты «Голас вёскі», «Беларуская газэта», «Слонімскі кур’ер», часопіс «Беларуская школа», «Новы шлях» і інш., або грамадскімі арганізацыямі — беларускімі нацыянальнымі камітэтамі, культурнымі згуртаваннямі, прафсаюзнымі арганізацыямі, цэнтральнымі і рэгіянальнымі структурамі Беларускай народнай самапомачы, Саюза беларускай моладзі, як, напрыклад, газета «Беларускі голас», часопіс «Жыве Беларусь!» і інш. Тэматычна да гэтай групы выданняў прымыкала беларуская перыёдыка ў Германіі — газета «Раніца», «Беларускі работнік», часопіс «Беларускі студэнт», «Малады змагар», — распаўсюджанне якой на Беларусі было вельмі абмежавана[1].

На старонках легальнай прэсы друкаваліся загады і распараджэнні акупацыйных улад, прамовы кіраўнікоў нацысцкай Германіі, тэндэнцыйная інфармацыя пра баявыя дзеянні на франтах Другой сусветнай вайны і міжнародныя падзеі, агляды перыёдыкі краін-саюзнікаў Германіі, публікацыі пра эканамічную, палітычную, сацыяльную, ваенную сітуацыю ў Беларусі, дзейнасць легальных арганізацый і фарміраванняў, успаміны беларускіх эмігрантаў, навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, праблемах развіцця культуры, асветы, навукі, мовы, агляды культурнага жыцця і г. д[1].

Ваенныя ўлады тылавога раёна групы армій «Цэнтр», камандаванне рускіх калабарацыянісцкіх вайсковых фарміраванняў, антысавецкія арганізацыі прарускія арыентацыі выдавалі на рускай мове газета «Новый путь» (Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Гомель, Лепель, Магілёў і інш.), «Боевой путь» (Дзятлава), «Казак» (Навагрудак) і інш. Асобную групу складалі перыядычныя выданні на нямецкай мове — зборнікі нарматыўных актаў, загадаў, распараджэнняў і інфармацый акупацыйных улад, штодзённая газета «Minsker Zeitung» («Мінская газета»)[1].

У паўднёвай частцы Беларусі, якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Украіна», распаўсюджваліся газеты на ўкраінскай мове — «Наше слово» (Брэст) і «Пиньска газета» (Пінск)[1].

3 прапагандысцкімі мэтамі выкарыстоўваліся таксама плакаты (іх друкавалі пераважна за межамі Беларусі) і лістоўкі[1].

Зноскі

  1. а б в г д е С. У. Жумар. Друк акупацыйны ў Вялікую Айчынную вайну // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 6. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]