Альфонс дэ Пуацье
Альфонс дэ Пуацье | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Alphonse de Poitiers | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Раймунд VII | ||||||
Пераемнік | няма | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
11 лістапада 1220[1][2]
|
||||||
Смерць |
21 жніўня 1271[3] (50 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Капетынгі | ||||||
Бацька | Людовік VIII Леў | ||||||
Маці | Бланка Кастыльская | ||||||
Жонка | Жанна[d][4] | ||||||
Дзеці | няма | ||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Альфонс дэ Пуацье (фр.: Alphonse de Poitiers; 11 лістапада 1220, Пуасі — 21 жніўня 1271, Тарквінія каля Сіены) — французскі прынц з дынастыі Капетынгаў, граф Пуату з 1241 года, граф Тулузскі з 1249 года.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Альфонс быў 3-м з чатырох, якія дасягнулі сталага ўзросту, сыноў французскага караля Людовіка VIII і яго жонкі Бланкі Кастыльскай. Яго старэйшымі братамі былі будучы кароль Францыі Людовік IX і Роберт I д’Артуа, малодшым — Карл I Анжуйскі, пасля кароль Сіцыліі, Неапаля і Іерусаліма.
Паводле Парыжскага дагавора 1229 года, які завяршыў Альбігойскі крыжовы паход, Альфонс быў заручаны са спадчынніцай графа Тулузскага, Жаннай. У 1241 годзе адбылося іх вяселле.
У той жа год, 24 чэрвеня, Альфонс быў у Самюры пасвечаны ў рыцары і, паводле завяшчання бацькі, атрымаў графствы Пуату, Сентонж і частку Аверні. Гэты акт быў аспрэчаны англійскім каралём Генрыхам III, таму што частка названых тэрыторый раней належала Англіі. Супраць Альфонса і яго брата, караля Людовіка IX, выступілі аб'яднаныя сілы Генрыха III, графа Гуга Х Лузіньяна і цесця Альфонса, графа Раймунда VII Тулузскага. Аднак французскія каралеўскія войскі ў бітве пры Тайбуры ў чэрвені 1242 года разбілі гэту кааліцыю. Кароль Генрых бег у Гасконь, а Лузіньян і граф Раймунд падпарадкаваліся Людовіку IX.
Альфонс дэ Пуацье быў удзельнікам Сёмага крыжовага паходу, арганізаванага яго братам Людовікам. Аднак выступіў ён не з асноўнымі сіламі французаў у жніўні 1249 года, а ўвосень 1249 года, разам са сваім цесцем, графам Раймундам, адплыўшы з Марселя. У дарозе Раймунд памёр, што зрабіла Альфонса графам Тулузскім і маркграфам Праванса. Прыбыўшы ў кастрычніку 1249 года ў Дам'ету, Альфонс разам з усёй арміяй рушыў да Каіра, аднак перад Эль-Мансурай крыжакі былі затрыманы. У кровапралітных сутычках з мамелюкамі тут загінуў брат Альфонса, Роберт. У вырашальнай бітве перад горадам 11 лютага 1250 года Альфонс дэ Пуату кіраваў правым крылом крыжакоў. Нягледзячы на перамогу ў гэтай цяжкай бітве, у красавіку 1250 года крыжакі былі вымушаны зняць аблогу з Мансуры і адыходзіць да ўзбярэжжа. На зваротным шляху да Дам'еты Альфонс і яго брат кароль Людовік трапілі ў палон да арабаў.
Вызваліўшыся з палону, Альфонс, разам з малодшым братам Карлам Анжуйскім, з'яжджаюць у Францыю, дзе дапамагаюць маці кіраваць краінай, пакуль Людовік IX заставаўся ў Святой зямлі. У 1252 годзе Бланка Кастыльская памірае, і рэгентамі становяцца Альфонс і Карл. Вялікай заслугай Альфонса дэ Пуату з'яўляўся яго ўнёсак у заключэнне Парыжскага дагавора 1259 года, паводле якога Генрых III Англійскі адмаўляўся ад сваіх правоў на Нармандыю, Мэн, Анжу і Пуату. У сваю чаргу, Францыя перадавала Англіі Сентонж.
Нягледзячы на тое, што большую частку свайго часу Альфонс праводзіў у Парыжы, інтарэсы і дзейнасць яго былі накіраваны галоўным чынам на ўпарадкаванне ўладанняў у паўднёвай Францыі і іх развіццё пасля альбігойскіх войнаў. Альфонс спрабаваў арганізаваць на поўдні сістэму кіравання, па паўночна-французскім узоры, падзяліўшы паўднёвую Францыю на сенешальствы і спрабуючы ўніфікаваць гарадское права. Нягледзячы на свой дэспатычны характар і пастаянную нястачу грашовых сродкаў, Альфонс абараняў сваіх гараджан ад прыгнёту феадальных сеньёраў. У той жа час ён падтрымліваў дзейнасць інквізіцыі і ў 1249 годзе арганізаваў у Пуату першае ў гісторыі графства ганенне на яўрэяў. Мерапрыемствы, якія праводзіліся Альфонсам дэ Пуацье ў Лангедоку і Правансе, падрыхтавалі далучэнне гэтых тэрыторый да каралеўскага дамена.
У 1270 годзе Альфонс дэ Пуацье разам са сваёй жонкай бярэ ўдзел у Восьмым крыжовым паходзе ў Туніс, арганізаваным Людовікам IX, у час якога кароль памірае ў Карфагене. Альфонс памірае на зваротным шляху, у Італіі. Праз некалькі дзён памірае і яго жонка, Жанна.
Альфонс дэ Пуацье быў пахаваны ў абацтве Сен-Дэні. З прычыны таго, што дзяцей у яго не было, уладанні Альфонса перайшлі да кароны (за выключэннем невялікага праванскага графства Венесен, Канта-Венесен, які дастаўся Папу Рымскаму.
Зноскі
- ↑ Alfons (Alfons von Poitiers) // Brockhaus Enzyklopädie
- ↑ Pas L. v. Alphonse de France // Genealogics — 2003.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #100936105 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 кастрычніка 2015.
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.