Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі
Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі | |
---|---|
польск.: Alexander Rypiński | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 10 (22) верасня 1809 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 (20) лістапада 1886 (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мастак, паэт, перакладчык, аўтар дзённіка, этнограф |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі (Рыпінскі — Радван, польск.: Alexander Rypiński; 10 (22) верасня 1809, в. Кукавячына, Віцебскага павет, цяпер Віцебскі раён — 8 (20) лістапада 1886[1], в. Страганы, цяпер Лёзненскі раён) — беларускі і польскі паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, графік.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў дзедавым маёнтку Стайкі каля Віцебска. Скончыў Віцебскую гімназію, у 1829—1830 вучыўся ў Дынабургскай школе прапаршчыкаў. У гэты час пазнаёміўся з В. Кюхельбекерам, які адбываў пакаранне ў Дынабургскай крэпасці, што сам А. Рыпінскі лічыў значнай падзеяй.
Удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў. Пасля падаўлення паўстання, разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй.
У 1832—1846 жыў у Парыжы. Быў абраны членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Разам з Ф. Ходзькам адкрыў мастацкі магазін. У Парыжы блізка пазнаёміўся з А. Міцкевічам, іх звязвала адзінства грамадскіх і эстэтычных ідэалаў.
У 1846 годзе А. Рыпінскі пераехаў у Лондан. Разам з І. Яцкоўскім у 1852 заснаваў у прыгарадзе Лондана Тотэнхэме друкарню. Між іншага, з кастрычніка 1852 выдаваў эмігранцкую газету «Польскі дэмакрат». У 1859 годзе, пасля амністыі ў Расіі, А. Рыпінскі вярнуўся на радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у Кукавячыне, маёнтку свайго брата, адстаўнога штабс-капітана артылерыі В. Ф. Рыпінскага, пазней — у сваячкі Ксаверыі Аляксандраўны Рыпінскай у маёнтку Страганы (цяпер Лёзненскі раён).
Памёр 8 (20) лістапада 1886 года. Быў пахаваны на сямейных могілках роду Заблоцкіх у маёнтку Саланец.
Дзейнасць і творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Ужо ў раннім юнацтве А. Рыпінскі вёў фальклорныя запісы, пазней захоўваў іх у ваенным ранцы, які згубіў у час паўстання 1830—1831 гадоў. У школьныя гады захапіўся паэзіяй і перакладамі. Лічыцца, што самы ранні верш А. Рыпінскага, на польскай мове, запісаны на тытульным аркушы рукапіснага зборніка школьнага сябра Гайкі з Пнёва. У 1827 пераклаў на польскую мову «Русалку» А. Пушкіна. На пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, 21.11.1839 прачытаў першы даклад пра беларускую этнаграфію і фальклор. У 1840 на аснове ўласных лекцый выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь»[2], дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі. Магчыма, па радзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часоў паўстання — «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў» (фрагменты выданы ананімна ў Парыжы, 1836). Працаваў над рукапісам «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, узгаданых у творы Нарбута „Гісторыя старажытнай Літвы“». У Лондане заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, таксама выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. У сваёй, супольнай І. Яцкоўскім, друкарні выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У 1853 выдаў беларускамоўную рамантычную баладу «Нячысцік»[3], адну з першых у беларускай літаратуры, у аснову яе пакладзены фальклорныя ўзоры. Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў свае кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва.
Па вяртанні ў Расію, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, быў першым біёграфам шэрагу пісьменнікаў. У прыватнасці, А. Рыпінскім напісаны біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага, але гэтыя працы не захаваліся. Перапісваўся з пісьменнікам і публіцыстам А. Плугам. Дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы, між іншых, віленскаму мастаку К. Рыпінскаму.
Асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на факталагічныя звесткі пра беларускую культуру 18-19 ст., не захаваўся. Некалькі сшыткаў А. Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча. Некаторыя запісы па копіях Піятуховіча апублікаваў В. Скалабан у 1990 (Зборнік «Шляхам гадоў», 1-ы вып.).
Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. А. Рыпінскі адзін са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры. У гісторыі беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі і беларускай літаратуры. У мовазнаўства вядомы яго спробы ўпарадкаваць нормы беларускай арфаэпіі.
Рыпінскі адным з першых аўтараў і выдаўцоў, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім алфавіце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.[4][5]
Погляды
[правіць | правіць зыходнік]У класічнай працы «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc.», якая на польскай мове выйшла друкам у 1840 годзе ў Парыжы і заклала пачаткі беларускай этнаграфіі, а таксама спрычынілася да навуковага вывучэння беларускага фальклору, Аляксандр Рыпінскі заклікаў беларускіх жанчын-маці лічыць сваім першым абавязкам «навучыць дзіця вымаўляць святое імя Польшчы, калі яно яшчэ не гаворыць „мама“, не даваць дзіцяці патрэбнай ежы „да таго часу, пакуль яно не папросіць па-польску“…»[6]. У самой назве твора было азначана, што Беларусь — гэта частка («правінцыя») Польшчы.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Метрическая книга Витебского костела об умерших. 1874–1893 гг. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1262, арк. 107 адв.
- ↑ Białoruś : kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc. Paryż, 1840.
- ↑ Асобнае выданне "Нячысціка" (1853) на polona.pl
- ↑ Packajeu, Mikalaj. Belarusian 19th century publishing efforts in London shaped the appearance of modern Belarusian writing [A Lecture by Mikalaj Packajeu Held at Anglo-Belarusian Society Meeting On 2 March 2003] (англ.). Anglo-Belarusian Society (19 студзеня 2017). Праверана 11 жніўня 2021.
- ↑ Packajeu, Mikalaj. "[1853 год, Лёндан]". Facebook. Роднае Слова.
- ↑ Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1964. — С. 55.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 518. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 159. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 633. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 4. Накцюрн — Скальскі / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ им. Петруся Бровки, 1986. — Т. 4. — 742 с. — 9500 экз.
- Рыпінскі Аляксандр // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 5. Пестрак — Сяўрук. — С. 190. — 480 с.; іл.. — ISBN 5-85700-168-4.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава і інш. Уклад. М. В. Півавар. — Мн., 2008. — С. 175—176.
- Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Памяць: Віцебскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. У. І. Мезенцаў; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — С. 86.
- Мархель У. Кукавячын — Парыж — Лондан — Строганы // Краязнаўчая газета. — 2007. — № 39 (кастр.). — С. 6-7;
- Піятуховіч М. Рукапісы А. Рыпінскага / Публ. В. Скалабана // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990.
- Русецкий А. В. Александр Рыпинский: долгий путь к родным истокам // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2006. — № 4. — С. 90—102.
- Хмяльніцкая, Л. Лёс інсургента : дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе / Л. Хмяльніцкая. — Мінск : Лімарыус, 2019. — 288 с. — (Бібліятэка «Наша XIX стагоддзе»).
- Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Вып. 13. Мн., 1985.
- Нарадзіліся 22 верасня
- Нарадзіліся ў 1809 годзе
- Нарадзіліся ў Віцебскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 20 лістапада
- Памерлі ў 1886 годзе
- Памерлі ў Віцебскай губерні
- Пахаваныя ў Смаленскай вобласці
- Выпускнікі Віцебскай мужчынскай гімназіі
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Віцебскім раёне
- Мастакі Польшчы
- Мастакі Беларусі
- Мастакі паводле алфавіта
- Фалькларысты Беларусі
- Фалькларысты Польшчы
- Графікі Беларусі
- Графікі Польшчы
- Графікі паводле алфавіта
- Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў
- Паэты Польшчы
- Паэты Беларусі
- Польскамоўныя паэты
- Беларускамоўныя паэты
- Памерлі ў Лёзненскім раёне