Перайсці да зместу

Андрэй Макаёнак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Макаёнак)
Андрэй Макаёнак
Андрэй Макаёнак. Фрагмент паштовай маркі Беларусі (2020)
Андрэй Макаёнак. Фрагмент паштовай маркі Беларусі (2020)
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 12 лістапада 1920(1920-11-12)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 16 лістапада 1982(1982-11-16) (62 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, дыпламат, сцэнарыст, перакладчык, рэдактар
Гады творчасці 19461982
Жанр камедыя і трагікамедыя
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонай Зоркі Ордэн «Знак Пашаны» медаль «За адвагу» медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Народны пісьменнік Беларусі

Андрэ́й Яго́равіч Макаё́нак (12 лістапада 1920, в. Борхаў, цяпер Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць — 16 лістапада 1982, Мінск) — беларускі драматург, рэдактар, сцэнарыст. Народны пісьменнік БССР (1977).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька, Ягор Сяргеевіч, быў расстраляны ў часе Другой сусветнай вайны немцамі. Маці, Малання Міхайлаўна, памерла ў 1978 годзе[2].

У 1938 годзе Андрэй Макаёнак скончыў Журавіцкую сярэднюю школу. Паступіў у ваеннае вучылішча, аднак не здолеў прыняць вайсковыя парадкі і вярнуўся на радзіму[2]. Працаваў масавіком у раённым Доме культуры. У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. У часе Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Пасля цяжкага ранення ў 1942 годзе дэмабілізаваны. Працаваў у Акаурцкай сярэдняй школе Грузіі (1942—1943), сакратаром Журавіцкага райкама камсамола (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёна), Гродзенскага гаркама камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945—1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкама камуністычнай партыі (1946—1947), таксама працаваў народным суддзёй у Журавічах[3].

У 1949 годзе скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1949—1953 гадах займаў пасаду загадчыка аддзела прозы часопіса «Вожык». Да кастрычніка 1957 года быў сакратаром партбюро і кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР.

У 1966—1978 гадах галоўны рэдактар часопіса «Нёман». Як член дэлегацыі БССР у 1965 годзе ўдзельнічаў у рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1971—1982). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1949).

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Выкарыстоўваў псеўданімы: А. Жур, А. Журавіцкі, А. Малаказадатчык[2].

Друкаваўся з 1946 года. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 годзе на сцэне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы пастаўлена яго палітычная драма «На досвітку» пра пасляваенную Францыю. У сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (пастаўлена ў 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (пастаўлена ў 1959) і «Лявоніха на арбіце» (пастаўлена 1961) прысвечаны жыццю пасляваеннай вёскі.

Сацыяльна-палітычнай накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (пастаўлена ў 1971) і «Трыбунал» (пастаўлена ў 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўленчай манеры аўтара. Сатырычная камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю мастацкай тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым мастацкай канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый народнай драмы, Андрэй Макаёнак спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў беларускай драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм Андрэй Макаёнак прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (пастаўлена ў 1973), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (пастаўлена пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сацыяльна-палітычных узаемаадносін, гуманістычным пафасам.

У канцы 1970 — пач. 1980-х гадоў на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (напісана 1966, апублікавана 1980, пастаўлена ў 1981) і камедыя «Верачка»(аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, пастаўлена ў 1979). У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва і апалітычнасці, аўтар адмовіўся ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі». Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах.

Апошні закончаны твор Андрэя Макаёнка — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апублікавана ў 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.

Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973).

Пераклаў п’есы «Дабракі» Леаніда Зорына, «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Надара Думбадзэ і Рыгора Лордкіпанідзэ, «Чацвёрты» Канстанціна Сіманава і інш.

  • Перад сустрэчай; Жыццё патрабуе: П’есы (1951)
  • На досвітку (1952)
  • Выбачайце, калі ласка! (1954)
  • Камедыі (1961)
  • Трыбунал; Зацюканы апостал: П’есы (1971)
  • Павлинка: Режиссерский сценарий полнометражного цветного художественного музыкального телевизионного фильма по мотивам пьесы Я. Купалы «Павлинка» (1972)
  • Лявоніха на арбіце (1973)
  • П’есы (1974)
  • Кашмар: Небяспечная камедыя (1979)
  • Выдадзены Выбраныя творы ў 2-х тамах (1980)
  • Збор твораў у 5 тамах (1987—1990)

Прэміі і ўзнагароды

[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».

Імя Андрэя Макаёнка носяць вуліцы ў Мінску, Гомелі, Журавічах, Нясвіжы, Лунінцы, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая сярэдняя школа Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей яго імя.

У Мінску на доме № 10 па Вайсковым завулку ў 1986 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка (сілумін; скульптар Валянцін Занковіч)[4]. У Журавічах у 2000 годзе быў усталяваны бюст Андрэя Макаёнка (скульптар Дзмітрый Папоў)[5].

Зноскі

  1. Макаёнок Андрей Егорович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. а б в Беларускія пісьменнікі 1994, с. 167.
  3. Беларускія пісьменнікі 1994, с. 168.
  4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  5. Памятник Андрею Макаенку — Памятники Гомельщины (руск.) (19 студзеня 2018). Праверана 27 кастрычніка 2023.