Баварскае курфюрства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Курфюрства Баварыя
Kurfürstentum Bayern

дзяржава ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі
Armoiries Bavière.svg
 
Armoiries Comté Palatin du Rhin.svg
1623 — 1806


Flag of Bavaria (striped).svg
Banner of Palatinate-Neuburg (3^2).svg Wappen Kurpfalz.svg


Сцяг Герб
HRR 1648 Bayern.png
Баварыя на карце Свяшчэннай Рымскай імперыі 1648 года
Сталіца Мюнхен

Курфю́рства Бава́рыя (ням.: Kurfürstentum Bayern) — курфюрства ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі, якое існавала ў 1623—1806 гадах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вітэльсбахі, якія кіравалі Баварыяй, з'яўляліся малодшай галіной сям'і, якая кіравала Курпфальцам. Паводле «Залатой булы» 1356 года права выбару імператара было замацавана за прадстаўнікамі старэйшай галіны, якая кіравала ў Пфальцы, а малодшая (Баварская) галіна з выбараў выключалася. Аднак у час Рэфармацыі Пфальц прыняў пратэстанцтва, курфюрст Фрыдрых V у 1619 годзе прыняў карону Багеміі, і за гэта ў 1623 годзе імператар Фердынанд II перадаў Верхні Пфальц і тытул курфюрста яго стрыечнаму брату Максіміліяну I Баварскаму. Хоць паводле ўмоў Вестфальскага міру 1648 года Ніжні Пфальц быў вернуты сыну Фрыдрыха V Карлу I Людвігу, для яго быў створаны новы (восьмы) тытул курфюрста, а за кіраўніком Баварыі было пацверджана права ўдзелу ў выбарах імператара. Так Баварыя ператварылася з простага герцагства ў курфюрства.

У пачатку XVIII стагоддзя курфюрст Максіміліян II увязаўся ў вайну за іспанскую спадчыну на баку Францыі і Іспаніі, аднак 13 жніўня 1704 года быў разбіты ў Гёхштэцкай бітве, пасля чаго Баварыя выйшла з вайны. Па заключаным 7 лістапада 1704 года Ільбесгаймскім дагаворы Баварыя апынулася акупаванай Аўстрыяй і Пфальцам, і аўстрыйскую акупацыю не змагло скінуць нават буйное сялянскае паўстанне. Толькі Бадэнскі дагавор 1714 года вярнуў Максіміліяну II яго ўладанні.

Сын Максіміліяна II, Карл Альбрэхт, прыклаў усе сілы для павелічэння свайго прэстыжу і ўплыву. Пасля смерці імператара Карла VI ён аспрэчыў «прагматычную санкцыю», якая перадавала ўладанні Габсбургаў Марыі Тэрэзіі, і ўвязаўся ў вайну за аўстрыйскую спадчыну. Ён заваяваў Верхнюю Аўстрыю, каранаваўся ў Празе каралём Багеміі, а ў 1742 годзе нават стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі, аднак Баварыя апынулася акупаванай аўстрыйскімі войскамі, і вярнуцца ў Мюнхен Карл Альбрэхт здолеў толькі пасля таго, як прускі кароль Фрыдрых II уварваўся ў Сілезію, і аўстрыйцам спатрэбілася перакінуць усе войскі на паўночныя граніцы. У 1745 годзе Карл Альбрэхт памёр, а яго сын Максіміліян III спешна заключыў з Аўстрыяй сепаратны мір, адмовіўшыся ад усіх прэтэнзій бацькі.

Максіміліян III заняўся ўнутраным развіццём краіны. Пры ім была заснавана Баварская акадэмія навук, пабудавана фарфоравая мануфактура ў Німфенбургу, ён выдаў шэраг антыклерыкальных пастаноў, займаўся рэгуляваннем школьнай адукацыі. Аднак 30 снежня 1777 года Максіміліян III памёр ад чорнай воспы, не пакінуўшы спадчынніка. Яго смерць азначала згасанне баварскай лініі Вітэльсбахаў і пераход Баварыі да пфальцкіх Вітэльсбахаў. Гэты пераход быў аспрэчаны Аўстрыяй, што прывяло да вайны за баварскую спадчыну.

Тэшэнскі дагавор 1779 года перадаў баварскі прастол пфальцкаму курфюрсту, а Аўстрыя атрымала за гэта Інфіртэль. Стаўшы кіраўніком Баварыі, пфальцкі курфюрст Карл IV Тэадор адмяніў асветную ўнутраную палітыку свайго папярэдніка і ўвязаўся ў бясконцыя замежнапалітычныя інтрыгі. Тым часам у 1792 годзе адбылася Вялікая французская рэвалюцыя. У час войны першай кааліцыі французскія войскі ў 1792 годзе ўвайшлі ў Пфальц, а ў 1795 годзе Маро ўварваўся ў Баварыю і пайшоў на Мюнхен. Карл IV Тэадор бег у Саксонію, пакінуўшы замест сябе рэгенцкі савет, які ў 1796 годзе падпісаў з Маро перамір'е ў абмен на цяжкую кантрыбуцыю. У 1799 годзе Карл IV Тэадор памёр бяздзетным, перажыўшы Карла II Аўгуста Цвейбрукенскага, прызначанага яго пераемнікам па Тэшэнскім дагаворы, і таму Баварыя перайшла да Максіміліяна Іосіфа.

Максіміліян прыняў краіну, якая знаходзілася ў цяжкім становішчы. Незадоўга перад гэтым краіну зноў акупавалі аўстрыйцы, рыхтуючыся да аднаўлення вайны з Францыяй. Хоць і ён сам, і яго асноўныя міністры больш сімпатызавалі Францыі, стан баварскіх фінансаў і поўны развал арміі рабілі краіну безабароннай перад Аўстрыяй. Баварыі прыйшлося ўступіць у вайну на баку Аўстрыі, баварскія войскі былі разбіты разам з аўстрыйскімі, і Маро зноў увайшоў у Мюнхен. Паводле Люневільскага міру 1801 года Баварыя страціла Пфальц, а таксама графствы Пфальц-Цвейбрукен і Юліх-Берг.

У гэтых ўмовах асобы, якія кіравалі Баварыяй, прыйшлі да высновы, што яе будучыня ляжыць у саюзе з Францыяй. Паводле дагавора, падпісаным з Напалеонам, пры далейшым пашырэнні Французскай Імперыі Баварыя павінна была атрымаць кампенсацыі за страчаныя тэрыторыі на левым беразе Рэйна. У 1803 годзе ў час германскай медыятызацыі Баварыя паглынула біскупствы Вюрцбургскае, Бамбергскае, Аўгсбургскае і Фрайзінгенскае, частка Пасаўскага біскупства, тэрыторыю дваццаці абацтваў і сямнаццаці гарадоў і вёсак; утварылася кампактная тэрыторыя, якая была большай за дастатковую кампенсацыю за страчаныя анклавы на процілеглым беразе Рэйна. У вайне трэцяй кааліцыі Баварыя выступіла ўжо як саюзнік Францыі і паводле Прэсбургскага міру атрымала Ціроль з Брыксенам і Трэнтам, Форарльберг, правабярэжжа Іна, Бургау і Ліндау, а таксама Пасау і Айхштэт, адабраныя ў Зальцбургскага курфюрства (праўда, у абмен на Ціроль прыйшлося перадаць былому зальцбургскаму курфюрсту Вялікае герцагства Вюрцбург), а тытул кіраўніка Баварыі быў павышаны з «курфюрста» да «караля». За гэта Максіміліяну прыйшлося выдаць дачку Аўгусту замуж за напалеонаўскага пасерба Яўгенія Багарнэ.

Курфюрсты Баварыі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]