Багдан Іванавіч Заслаўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Багдан Заслаўскі)
Багдан Іванавіч Заслаўскі
староста менскі
1499 — 1530
Папярэднік Мікалай Іванавіч Ільініч
Пераемнік Васіль Тышкевіч

Нараджэнне каля 1465
Смерць каля 1530
Род Заслаўскія[d]
Бацька Іван Юр’евіч Заслаўскі[d]
Жонка Аграфена з Хадкевічаў[d]
Дзеці Марыя Багданаўна Заслаўская[d][1], Ганна Багданаўна Заслаўская[d], Федзя Багданаўна Заслаўская[d] і Таміла Багданаўна Заслаўская[d][2]

Багдан Іванавіч Заслаўскі (каля 1465 — каля 1530) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дваранін каралеўскі (1486—1488) і гаспадарскі (1492—1499), намеснік менскі (з 1499).

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

З роду князёў Заслаўскіх (Яўнуцьевічаў) герба ўласнага, малодшы сын князя Івана Юр’евіча Заслаўскага, намесніка менскага, а потым віцебскага.

У 1486—1488 гадах дваранін караля Казіміра, потым дваранін вялікага князя Аляксандра. У 1494 годзе як вялікі прыстаў пад Меднікамі сустракаў маскоўскае пасольства, якое везла ў Вільню вялікую княжну маскоўскую Aлену Іванаўну. У 1495 годзе атрымаў ад вялікага князя Аляксандра 14 «чалавек» у «Краснасельскім павеце», а ў маі 1499 года, названы без урадаў, пацвярджэнне на «людзей»-пінчан у «Краснасельскім павеце». Летам 1499 года названы ўжо з намеснікам менскім і захоўваў гэты ўрад да канца жыцця.

У 1507 і 1508 гадах кароль Жыгімонт Стары паведамляў менскаму намесніку пра наданне ў трохгадовую арэнду менскага мыта менскаму войту «жыду Абрахаму». У 1508 годзе атрымаў пацвярджэнне караля Жыгімонта Старога на «двор» Прылукі, нададзены яму яшчэ вялікім князем Аляксандрам. У 1509 годзе кароль судзіў спрэчку князя Багдана з менскімі мяшчанамі пра няслушны збор падаткаў і патрабаваў ад свайго намесніка «крыўд ім не чыніць». У 1513 годзе Паны-Рада заклікаюць «брата і прыяцеля свайго» князя Багдана Іванавіча Заслаўскага намесніка менскага прывесці Менскі замак у гатоўнасць да абароны праз чаканы напад Маскоўскай дзяржавы. У 1525 годзе для вырашэння спрэчкі князя Міхаіла Іванавіча Мсціслаўскага з сынам Фёдарам кароль адсылае князя Багдан Іванавіча Заслаўскага да князя Міхаіла з пажаданнем, каб вызначыў сыну ўтрыманне. У 1526 годзе ў справе з Міхалам Пятрашкавічам атрымаў дэкрэт па прысуджэнне сабе «людзей» Бесапішычаў, Каўшэвічаў, Варгвошычаў, Юрашэвічаў, Бартніковічаў і Рамановічаў у Менскім павеце.

На Попіс 1528 года ставіў да земскай службы 14 «коней».

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты з Аграфенай (?—1542), дачкой кіеўскага намесніка Івана Хадкевіча, трымаў яе вотчынныя ўладанні — «двор» Лошыцу ў Менскім павеце і іншыя маёнткі ў Менскім і Аршанскім паветах. Сужэнцы мелі чатырох дачок.

  • Марыю (каля 1495 — 1559), у першым шлюбе з князем Васілём Юр’евічам Талачынскім, у другім (з 1550) з Іванам Гарнастаем, земскім падскарбім, маршалкам дворным і намеснікам новагародскім.
  • Ганну (каля 1500 — 1542), у шлюбе з князем Янушам Раманавічам Друцкім-Любецкім, перад смерцю прыняла пострыг з імем Агаф’я;
  • Федзю (Федку, Феадору; каля 1510 — 1560), у першым шлюбе (з 1533) з князем Сямёнам Ямантавічам-Падбярэзскім, дзяржаўцам кернаўскім, у другім (з 2.1.1541) з князем Андрэем Сямёнавічам Адзінцэвічам.
  • Тамілу (каля 1515 — 1560), у шлюбе (пасля 1542) з князем Рыгорам Фёдаравічам Друцкім-Горскім (Бурнеўскім).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]