Алена Іванаўна (вялікая княгіня літоўская)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Алена Іванаўна)
Алена Маскоўская
Алена Іванаўна
Алена Іванаўна з мужам Аляксандрам, 1519
Алена Іванаўна з мужам Аляксандрам, 1519
Вялікая княгіня літоўская
1495 — 1506
Папярэднік Елізавета Габсбург
Пераемнік Барбара Заполья
Каралева польская
1501 — 1506

Нараджэнне 19 мая 1476
Смерць 20 студзеня 1513 (36 гадоў)
Месца пахавання
Род Рурыкавічы
Бацька Іван III Васільевіч
Маці Соф’я Палеалог
Муж Аляксандр Ягелончык[1]
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Але́на Маско́ўская ці Алена Іва́наўна (руск.: Елена Ивановна; 19 мая 1476, Масква, Маскоўскае княства — 20 студзеня 1513, Браслаў, Вялікае Княства Літоўскае) — дачка вялікага князя маскоўскага Івана III і візантыйскае прынцэсы Софіі Палеалаг. З 1495 жонка вялікага князя літоўскага Аляксандра, з 1501 некаранаваная каралева польская.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Алена была старэйшым з дзяцей Івана III і яго другой жонкі Сафіі Палеалог, пляменніцы апошняга візантыйскага імператара Канстанціна XI[2]. Мела малодшага брата — маскоўскага князя Васіля III.

Калі Алене споўнілася 8 гадоў, абмяркоўваўся яе шлюб з адным з сыноў польскага караля Казіміра IV[3]. У той час Польшча шукала саюзнікаў у барацьбе з туркамі. У 1489 ужо імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрых III, які шукаў падтрымкі Масковіі ў вайне з Венгрыяй, прапанаваў выдаць Алену і яе малодшую сястру Феадосію за габсбургскіх герцагаў, аднак Іван III пажадаў аддаць дачку замуж хіба за імператаравага сына Максіміліяна[4]. Аднак у 1490 пагадненне паміж Свяшчэннай Рымскай імперыяй і Масковіяй было падпісана і без шлюбнага дагавора.

Шлюб[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сканчэння літоўска-маскоўскай вайны 1492—1494 у знак згоды паміж абедзвюмя дзяржавамі Алена была заручана з вялікім князем літоўскім Аляксандрам. З літоўскага боку шлюб меў змацаваць неабходны мір з Іванам III[5], маскоўскі ж бок разлічваў гэтым крокам пазбегнуць знішчэння самастойнай праваслаўнай царквы ў ВКЛ[5]. Аляксандр абавязваўся не прымушаць Алену да пераходу ў каталіцтва і захаваць за ёй веру бацькоў — «грэчаскі закон»[6]. Дзякуючы гэтаму Алена здолела стаць апякункай праваслаўных у ВКЛ.

Вялікі князь літоўскі Аляксандр сустракае сваю суджаную Алену, дачку Івана III, у Вільні ў 1495 р. Малюнак Мікалая Дзмітрыева-Арэнбургскага

У студзені 1495 княгіня са світай выехала з Масквы, яе суправаджаў агромністы поезд з пасагам (у тым ліку «20 саракоў сабалёў і 20 000 вавёрак, і 2000 гарнастаяў», тканіны — «шаўковыя транты», «аксаміты венедыцкія», «аксаміты бурскія», камку, тафту, «розныя шаўкі», каштоўнасці, сярод якіх «зачэп золата», «запанка золата з яханты і з лальскі зерні наўгародскімі»).

Алена была разумнай, тактоўнай і самастойнай жанчынай, якая мела пры двары пашану. Ёй належалі шматлікія маёнткі і гаспадаркі, а на ўласныя сродкі яна аказвала дзейсную падтрымку праваслаўным, ахвяруючы значныя сумы на цэрквы і манастыры[7].

Па смерці ў 1501 годзе караля польскага Яна I Ольбрахта, брата Аляксандра Ягелончыка, стала польскай каралевай. Аднак адмовілася пераходзіць у каталіцтва і так і не была каранавана.

Рэлігійны ўціск[правіць | правіць зыходнік]

Роспіс пасагу ад 15 студзеня 1495, які захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старадаўніх актаў[8]

Паколькі ў ВКЛ прадпрымаліся спробы зрэалізаваць унію паміж каталікамі і праваслаўнымі, каталіцкі клір хацеў заручыцца падтрымкі ў гэтым Алены, што павысіла б прэстыж уніі ў вачоз насельніцтва. Аднак Алена адхіляла спробы пераканаць яе адысці ад праваслаўя, спасылаючыся на тое, што не можа зрабіць гэтага бяз згоды бацькі[9]. Асабліва моцны ціск аказваў папа Аляксандр VI, які патрабаваў ад вялікага князя літоўскага, каб той у выпадку адмовы жонкі адрынуў яе[10] і нават перадаў царкоўнаму суду[11]. Аляксандр гэтыя патрабаванні не выканаў[11].

На думку расійскага гісторыка Якава Лур’е, ціск на Алену Іванаўну, а таксама пераход праваслаўных феадалаў на маскоўскую службу сталі нагодай да пачатку вайны 1500—1503 гадоў. Пераход праваслаўных князёў быў абумоўлены іхнім нізкім юрыдычным статусам у Літоўскай дзяржаве.

Пасля таго, як вайна прыняла неспрыяльны для ВКЛ паварот, а рэалізацыя уніі пацярпела канчатковую няўдачу, становішча Алены Іванаўны часова палепшылася, паколькі цяпер паўстала неабходнасць у яе пасярэдніцтве дзеля заключэння перамір’я[11]. У лістах да бацькі Алена пасадзейнічала справе міру, хоць і не хавала пагардлівага да сябе стаўлення з боку каталіцкага святарства (яе адмовіліся каранаваць на польскі сталец у 1501 годзе) і выказвала занепакоенасць, што па смерці сужэнца над ёй будзе ўчынены гвалт[11].

Апошнія гады жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Шлюб Алены і Аляксандра быў бяздзетны. Па скону вялікага князя ў 1506 годзе яе брат, вялікі князь маскоўскі Васіль III, паспрабаваў з дапамогай Алены заняць літоўскі сталец, разлічваючы такім чынам без вайны аб’яднаць рускія землі[5]. Аднак каралём стаў Жыгімонт I, што адмоўна адбілася на лёсе княжацкае ўдавы. У наноў выбухлай маскоўска-літоўскай войне Жыгімонт напачатку спрабаваў скарыстацца яе ўплывам на Васіля, каб нейтралізаваць мяцежнага Глінскага, але пасля таго, як Васіль даў апошняму прытулак, новы манарх цалкам ахаладзеў да Алены[11].

Каля 1511 35-гадовая Алена вырашыла вярнуцца ў Маскву. У Вільні аўдавелая княгіня адчувала сябе самотна, у той час як у Маскве пражывала яе радзіна. Дзеля ад’езду Алене было неабходна атрымаць згоду Жыгімонта, што было немажліва праз благія стасункі з Масквой, а таксама праз праблему, звязаную з вывазам маёмасці. Вырашыўшы з’ехаць без дазволу, княгіня намервалася наведаць свае маёнткі побач з маскоўскай граніцай, адкуль яе меў забраць высланы Васілём аддзел. У 1511 план быў абгавораны з маскоўскім пасольствам — месцам сустрэчы быў абраны Браслаў, куды ў прызначаны час прыехаў аддзел на чале з князямі Пятром Адаеўскім і Сямёнам Курбскім. Аднак ад нейкага здрадніка планы Алены сталі вядомыя старосце віленскаму, які забараніў Яну Камароўскаму, гвардыяну францысканцаў, выдаваць Алене рэчы, перададзеныя ёй у Ордэн на захоўванне. Камароўскі, давераная асоба Алены, звярнуўся па раду да ваяводы Мікалаю Радзівіла, аднак той таксама выступіў супраць вяртання рэчаў.

Кароль Жыгімонт, атрымаўшы ад Алены скаргу, спярша зняў забарону[9], аднак неўзабаве загадаў арыштаваць княгіню. Цераз Трокі каралеўскія ваяводы даставілі Алену ў Бірштаны. Казна ў яе гарадах і воласцях была канфіскавана. Усё гэта стала адной з прычын пачатку чарговай літоўска-маскоўскай вайны 1512—1522 гадоў[5].

У 1513 37-гадовая Алена сканала. Паводле версіі храніста Яна Камароўскага, яна была атручана ключнікам па загаду ахвочага да яе багацця Мікалая Радзівіла, хоць ніякімі іншымі крыніцамі гэтая версія не пацвярджаецца[9]. У далейшым скарб Алены перайшоў да каралевы Барбары Запольскай. Жыгімонт адрэагаваў на звестку пра смерці Алены прыхільна, заўважыўшы ў лісце да кракаўскага біскапа, што яе скон пазбавіў дзяржаву ад мноства клопатаў[9].

Алена была пахавана ў віленскім Прачысценскім саборы[12].

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  2. Stone (2001), p. 33
  3. Duczmal (2012), pp. 126—127
  4. Duczmal (2012), p. 127
  5. а б в г Семенкова Т. Г., Карамова О. В. Русские великие княгини, царевны и царицы — М., 2005
  6. Лурье Я. С. Елена Ивановна, великая княгиня Литовская // Пушкинский дом.
  7. Елена Иоанновна // Биографический словарь, 2000.
  8. Каталог выставки «Великий князь и государь всея Руси Иван III», Музеи Московского Кремля, 2013
  9. а б в г Рудскі Э. Польскія каралевы Архівавана 4 сакавіка 2016. / Част. пер. з польск. // Спадчына. — 1993. — № 6.
  10. Биография Елены Иоанновны на Rulex.Ru
  11. а б в г д Флоря, Б. Н. Великая княгиня Елена Иоанновна «Православная энциклопедия». Москва, 2008 г.
  12. Батюшков П. Н. Белоруссия и Литва: исторические судьбы Северо-Западного края. Типография тов-ва «Общественная польза», 1890.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]