Даўгінава
Аграгарадок
Даўгінава
| ||||||||||||||||||||||||
Даўгі́нава — аграгарадок у Беларусі, на рацэ Сярчыстая. Цэнтр Даўгінаўскага сельсавета Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Насельніцтва 1165 чал. (2008). Знаходзіцца за 47 км на паўночны ўсход ад Вілейкі, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Крывічы. Вузел аўтамабільных шляхоў на Мінск, Вілейку, Будслаў, Крывічы, Докшыцы, Плешчаніцы, Краснае.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім «Даўгінава» утварыўся ад прыметніка «доўгі» або ад прозвішчаў Доўгі, Даўгінаў[2].
Паводле іншай версіі, назва адыменная, ад двухасноўнага балцка-літоўскага імя Dau-gin'as. У літоўскай антрапаніміі вядомыя адпаведныя іменныя асновы Dau- i Gin-.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню Даўгінава (пад назвай Даўгінавічы) згадваецца ў 1440—1443 гадах як уладанне Яна Даўгірда, ваяводы віленскага. Пазней маёнтак перайшоў да Івашкі Манівідавіча, а ў 1485 годзе — да Багдана Саковіча, ваяводы троцкага. У 1525 годзе Даўгінава знаходзілася ва ўладанні Альжбеты Саковіч[3]. У пачатку XVI стагоддзя тут збудавалі царкву Святой Тройцы, у 1553 годзе — касцёл.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Даўгінава ўвайшло ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. З 1567 года мясцінай валодаў Юрый Хадкевіч, з 1622 года — Януш Кішка, ваявода полацкі. У 1634 годзе апошні прадаў маёнтак Язэпу Руцкаму, грэка-каталіцкаму мітрапаліту кіеўскаму, галіцкаму і ўсяе Русі.
Пад 1643 годам Даўгінава згадваецца як мястэчка. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) у яго ваколіцах адбыліся жорсткія баі, само паселішча спалілі маскоўскія захопнікі. З 1690 года Даўгінава знаходзілася ва ўладанні Караля Міхала Друцкага-Сакалінскага. У 1704 Караль і Эва Друцкія-Сакалінскія фундавалі тут новы касцёл. У 1746 годзе ў мястэчку размяшчаўся грэка-каталіцкі дэканат, які ахопліваў 26 парафій. У 1793 годзе святар Дамінік Марціноўскі збудаваў новую царкву.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Даўгінава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Станам на 1800 год у мястэчку было 88 двароў, на 1866 год — 362 двары. У XIX стагоддзі тут рэгулярна праводзіліся славутыя кірмашы, да 1866 працавала суконная фабрыка з больш як 300 работнікамі (1850). Мануфактуру збудаваў уладальнік мястэчка граф С. Л. Каменскі. Станам на 1824 год прадпрыемства мела 2, на 1840 год — 28 ткацкіх станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Ткаліся тонкія сукны ўсіх колераў. Вырабы збываліся ў Рыгу, Вільню, Мітаву, Ромны. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Даўгінаве існавала школа, 60 крамаў, паштовая станцыя. У пачатку XX стагоддзя — царкоўнапрыходская школа, 2-класная народнае вучылішча (2 настаўнікі, 124 навучэнцы).
У лютым 1918 года акупіравана Германіяй. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. З ліпеня 1919 года пад акупацыяй Польшчы. У ліпені 1920 года занята ненадоўга Чырвонай Арміяй.
Згодна з Рыжскай мірным дагаворам (1921) Даўгінава апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, цэнтр гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Станам на 1938 год існавалі аднайменныя мястэчка (547 двароў) і паселішча (33 двары).
У 1939 годзе Даўгінава ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета Крывіцкага раёна (з 25 снежня 1962 года ў Вілейскім раёне). 1 мая 1940 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Даўгінава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 года статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1971 год тут быў 501 двор, на 1993 год — 596 двароў.
-
Фрагмент гравюры, 1650
-
Касцёл
-
Парад, 1938
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1800 — 305 чал.
- XIX стагоддзе: 1866 — 1439 чал.[4]; 1897 — 3551 чал.
- XX стагоддзе: 1921 — 2671 чал.[5]; 1938 — 3181 чал. у мястэчку Даўгінава і 165 чал. у селішчы Даўгінава; 1971 — 1477 чал.; 1993 — 1400 чал.[6]
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У Даўгінаве працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча VI стагоддзе да н.э. — VII стагоддзе н.э.
- Даўгінаўскі ідал (цяпер захоўваецца ў Інстытуце геалогіі НАНБ)
- Касцёл Святога Станіслава, Даўгінава (1853)
- Царква Св. Тройцы (1870)
- Сінагога (канец ХІХ ст.)
- Капліца прыдарожная
- Могілкі: ваенныя часоў Першай сусветнай вайны і Польска-савецкай вайны 1920; яўрэйскія
- Памятны знак у гонар беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Касцёл Св. Станіслава
-
Царква Св. Тройцы
-
Сінагога
-
Капліца прыдарожная. Вайсковыя могілкі
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Змітрок Бядуля (сапраўднае імя — Самуіл Плаўнік; 1886—1941) — беларускі паэт і празаік, мовазнаўца.
- Вульф Сосенскі (1883—1969) — збіральнік яўрэйскага беларускага фальклору.
- Леанард Іосіфавіч Заяц (1890—1935) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, мемуарыст.
- Леанід Паўлавіч Валчэцкі (1913—1991) — беларускі тэатральны дзеяч.
- Алег Іосіфавіч Шадыра (нар. 1948) — вучоны, доктар хімічных навук.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://foto-planeta.com/np/57580/dolginovo.html
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 104—105.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.
- ↑ Dołhinów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. S. 106.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część II: Ziemia Wileńska. Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
- ↑ Галіна Новікава. Даўгінава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 211.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Урачыстасць у Даўгінаве // «Ave Maria» № 5—6 (96—97), 2003.
- Dołhinów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. — S. 106.
- Dołhinów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo (польск.). — Warszawa, 1900. — S. 426.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Даўгінава
- Даўгінава на Radzima.org
- Даўгінава на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Даўгінава, Вілейскі раён, Мінская вобласць Архівавана 15 кастрычніка 2008. (руск.)
- Даўгінава — я там быў Архівавана 21 лістапада 2008. (руск.)
- The Yizkor Book Database Архівавана 27 снежня 2008.
- Даўгінаўскай школе − 150 гадоў! Архівавана 5 чэрвеня 2012. «Рэгіянальная газета»
- Тайны адступаюць. Парад вядзе Юзаф Петражыцкі Архівавана 6 сакавіка 2016. «Рэгіянальная газета»