Бібліятэка Храптовічаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
І. Храптовіч, заснавальнік бібліятэкі.

Бібліятэка Храптовічаў — бібліятэка шляхецкага роду Храптовічаў, знаходзілася спачатку ў Варшаве, а з 2-й паловы XVIII ст. да 1913 года ў маёнтку Шчорсы (цяпер Навагрудскі раён).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснавана І. Л. Храптовічам, які набываў кнігі ў час падарожжаў па Францыі, Германіі, Галандыі, Польшчы. Калекцыя еўрапейскіх выданняў 16-17 ст. куплена з бібліятэкі рымскага кардынала І. Імперыяле. Пасля 1768 года куплены кнігазбор заснавальніка Варшаўскай публічнай бібліятэкі біскупа Ю. Залускага. Папоўнілася за кошт збораў з закрытых у 18-19 ст. кляштараў. Пасля смерці І. Л. Храптовіча бібліятэка перайшла да яго сына Адама. Адам Храптовіч давёў кнігазбор да 20 тысяч тамоў, сярод якіх творы антычных аўтараў, французскай і італьянскай класічнай літаратуры, працы па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, рукапісы, а таксама і новыя выданнямі.

У бібліятэцы працавалі даследчыкі І. Лялевель, Ф. Малеўскі, Я. Снядэцкі і А. Снядэцкі, У. Сыракомля, Ю. Ярашэвіч, яе наведваў А. Міцкевіч (сцвярджаюць, што менавіта тут ён ствараў сваю паэму «Гражына»). Бібліятэкарамі ў розныя часы працавалі Ф. Баброўскі, А. Ю. Глінскі, У. Сыракомля, Я. Чачот.

Пасля смерці Адама Храптовіча кнігазбор належаў яго пляменніку Міхаілу, рускаму дыпламату ў Неапалі, Бруселі, Лондане. Ад яго бібліятэка перайшла да сына яго сястры М. А. Храптовіча-Буцянёва, які разам са сваім братам, уладальнікам Шчорсаў -- К. А. Храптовічам-Буцянёвым, упарадкаваў бібліятэку, а гісторык С. Л. Пташыцкі склаў і выдаў яе каталог. На той час налічвала больш за 10 тысяч экзэмпляраў.

Флігель Шчорсаўскага палаца, у якім захоўвалася бібліятэка

У канцы 19 ст. браты Міхаіл і Канстанцін Храптовічы-Буцянёвы прынялі рашэнне пра перадачу родавага кнігазбору на дэпазітнае захаванне ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта св. Уладзіміра з умовай, што з адкрыццём універсітэта на радзіме, бібліятэку будзе перададзена туды. Гэта рашэнне імі было прынята пад уплывам вядомага вучонага М. Доўнар-Запольскага. Перадача бібліятэкі была завершана 14-15 верасня 1913 года. У Кіеў было перададзена 7000 асобнікаў (4500 назваў кніг і рукапісаў). Спачатку вывезеная ў Кіеў калекцыя захоўвалася ў бібліятэцы Кіеўскага універсітэта і ў Інстытуце народнай адукацыі ў нераспакаваных скрынях. У снежні 1924 года Народны камісарыят асветы БССР звярнуўся да Народнага камісарыята асветы УССР з просьбай вярнуць Бібліятэку Храптовічаў у Беларусь. Прэзідыум Наркамасветы згадзіўся з просьбай, але з невядомых прычын гэта не было зроблена. У 1926 годзе рэзалюцыю аб вяртанні бібліятэкі на Беларусь прыняў Першы з'езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі. Асноўная частка бібліятэкі зберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Украіны ў Кіеве. Таксама кнігазбор Храптовічаў двойчы вывозілі з Кіева у час Першай і Другой сусветных войнаў адпаведна ў Саратаў і Уфу. У 1985 годзе бібліятэка заінвентарызавана, улічана 2005 экзэмпляраў кніг. У Шчорсах засталася мастацкая літаратура, якая загінула ў 1939 годзе. 

Фонд[правіць | правіць зыходнік]

На ўсіх выданнях ёсць экслібрысы. Акрамя экслібрысаў Храптовічаў на кнігах захаваліся надпісы, наклейкі, штэмпелі былых уладальнікаў кніг: італьянскага кардынала І. Імперыялі, біскупа Юзафа Залускага і інш. Умоўна збор кніг можна падзяліць на 2 часткі:

  • Заходнееўрапейскія выданні XV—XVIII стст. — творы антычных аўтараў, старажытнагрэчаскіх філосафаў, гісторыкаў, проза, паэзія, драматургія, багаслоўская літаратура  і літаратура па геаграфіі асобных краін. Выданні з друкарняў Венецыі, Базеля, Лейпцыга, знакамітых друкароў Плантэнаў, Фрабэнаў і інш.
  • Польскія выданні XVI—XIX  стст. — творы арыгінальнай і перакладной літаратуры. Гістарычныя зборнікі хронік польскіх летапісцаў, выданні свецкага характару XVI — пач. XVIІ, у тым ліку з друкарняў Варшавы, Кракава, Торуні, Львова. Сярод найбольш рэдкіх — першыя выданні М. Рэя, Я. Каханоўскага, працы Папроцкага, Гваньіні, Кромера. Значная частка надрукаваных ў Вільні ў XVIІІ — пачатку XIX ст. Сустракаюцца гродзенскія выданні XVІІ ст., полацкія — пачатку XIX ст. Збор уключае 3 інкунабулы, 39 палеатыпаў (сярод іх Біблія выдадзеная ў Нюрнбергу ў 1501 г. Антонам Кобергерам і венецыянскае выданне прац Пталамея 1519 г.), некалькі кніг, якія выйшлі ў кракаўскай друкарні Іераніма Віетара, у тым ліку першая друкаваная гісторыя Польшчы «Польская хроніка» Мацея з Мехава, выдадзеная ў 1521 г. і інш.

Рукапісная частка бібліятэкі Храптовічаў, якую ў 1899 г. апісаў гісторык і архівіст Станіслаў Пташыцкі (129 рукапісаў), захоўваецца асобным зборам у аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя У. Вярнадскага. Рукапісы галоўным чынам на польскай і лацінскай мовах, але ёсць беларускія, рускія, украінскія, французскія і нават арабскія (сярод іх 4-хтомны рукапіс Браніцкага «Прамовы Яна Храптовіча Навагрудскага кашталяна», сеймавыя і сеймікавыя акты, дзённік С. Маскевіча 1594 г., Біблія на латыні, напісаная на пергаміне ў ХV ст., спіс 2-га статута ВКЛ, гісторыя роду Храптовічаў, 12 тамоў геаграфічна-статыстычнага апісання парафій Каралеўства Польскага з дадаткам карт кожнага прыходу, складзенага К. Пертэсам у 1791 г. і інш.). Да нашага часу захаваліся 112 рукапісаў.

У 1804 г. быў складзены «Katalog księg na materię wyłożonych… wzlg, kraju polskego w róźnich językach napisanych i do druku podanych w bibliotece J.Ch.». Ён належаў універсітэцкай бібліятэцы ў Варшаве і загінуў у пажары ў 1944 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 17. — Мн., 2003.
  • Фурс А. П. Бібліятэка Храптовічаў: пошукі, знаходкі, перспектывы // Матэрыялы Трэціх міжнародных Кнігазнаўчых чытанняў «Кніга Беларусі: повезь часоў» (Мінск, 16-17 верасня 2003 г.). — Мінск, 2005. С. 270—276.
  • Калі будзе вернута бібліятэка? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1989. — № 1. С. 33-37.
  • Каталог iнкунабул / Укл. Б. Зданевич; Центр. наук. б-ка. Киïв: Наук. думка, 1974. 252 с.
  • Каталог палеотипов: Из фондов Центр. науч. б-ки им. В. И. Вернадского НАН Украины. Киев: Наук. думка, 1995. — 550 с.
  • Пташицкий С. Щорсовская библиотека графа Литовара Хрептовича: краткие сведения о собрании рукописей. М., 1899.
  • Фурс А. П. Бібліятэка Храптовічаў: вяртанне ці сумеснае выкарыстанне? // Рэстытуцыя культурных каштоўнасцей: Праблемы вяртання і сумеснага выкарыстання (юрыдычныя, навуковыя і маральныя аспекты): Матэрыялы Міжнар. навук. канф., якая адбылася ў Мінску пад эгідай UNESCO 19-20 чэрв. 1997 г. Мн., 1997. С. 105—109.