Вольга Славаміраўна Бондарава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вольга Славаміраўна Бондарава
Дата нараджэння 20 кастрычніка 1982(1982-10-20) (41 год)
Грамадзянства
Партыя

Вольга Славаміраўна Бондарава (у дзявоцтве Каранкевіч, руск.: Ольга Славомировна Бондарева; нар. 20 кастрычніка 1982, в. Чарлёнка, Гродзенская вобласць[1]) — прарэжымная і прарасійская актывістка з Гродна. Стала вядомай падчас паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі 2020 года. Вядзе Telegram-канал «Бондарева. БЕЗ КУПЮР», агрэгатар прапагандысцкай інфармацыі і ўласных меркаванняў. Праз канал збірае подпісы аднадумцаў у падтрымку сваіх зваротаў. Выказванні Бондаравай і яе звароты рэгулярна становяцца прычынай спынення мерапрыемстваў, скасавання ініцыятыў і кантрактаў. СМІ называюць Бондараву «галоўнай даносчыцай краіны»[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 20 кастрычніка 1982 года ў в. Чарлёнка[1]. Імаверна, выхоўвалася без бацькі, пра гэта гаварылі прысутныя падчас аднаго з судовых пасяджэнняў[3].

Большасць часу нідзе афіцыйна не працавала. У 2018 годзе непрацяглы час была на невядомай пасадзе ў штаце кампаніі «Чысты свет плюс». Астатні час Бондарава ў дзяржаўных базах даных, паводле інфармацыі «Кіберпартызан», пазначана як «беспрацоўная»[4].

Прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за кантрабанду цыгарэт у Польшчу[5].

Не пазней за 2021 год уступіла ў Камуністычную партыю Беларусі. На старонках партыйнай газеты «Коммунист Беларуси» Бондараву называлі спецыялістам аддзела гістарычнага аналізу Цэнтра вывучэння перспектыў інтэграцыі ЕАЭС (2021)[6], выканаўцай абавязкаў сакратара па агульных пытаннях Мінскага гаркама КПБ і адказным сакратаром рэдакцыі (2023[7]). У красавіку 2023 года была ўзнагароджана медалём ЦК КПБ[8].

У 2022 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Вучыцца на бюджэце на дзённым аддзяленні філалагічнага факультэта, спецыяльнасць — «Беларуская мова і літаратура»[9].

Станам на красавік 2023 года разведзена. Мае дачку. Былы муж працаваў дальнабойшчыкам у Германіі[4], таксама падтрымліваў Лукашэнку, праз што меў праблемы з калегамі-беларусамі[2].

Грамадская актыўнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пратэсты 2020 года ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 2020 годзе ў самы разгар масавых акцый пратэсту Вольга Бондарава разам з былым супрацоўнікам спецслужбаў Дзмітрыем Беляковым заснавала ініцыятыву «Інфаспецназ Беларусь», якая супрацьстаяла інфармацыі з незалежных каналаў[4].

Праводзіла акцыю «Антывандал», узгодненую з «органамі правапарадку». Сутнасць акцыі, па словах Вольгі, «у ліквідацыі сімволікі дэструктыўнага зместу, якая нясе антыдзяржаўны сэнс». У практыцы гэта азначала, што Бондарава з аднадумцамі зрэзвала бел-чырвона-белыя стужкі і зафарбоўвала бел-чырвона-белую сімволіку на вуліцах Гродна. Гэта стала прычынай некалькіх канфліктаў з прыхільнікамі перамен, што вылілася ў шэраг судовых працэсаў.

Уступіла ў Саюз блогераў Беларусі, з якога яе выключылі ў ліпені 2021 года за «парушэнне прафесійнай этыкі»[10].

Пацярпелая ў судах[правіць | правіць зыходнік]

Вольга праходзіла пацярпелай па справе Васіля Пільца[5], якога абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на «хімію». 14 снежня 2020 года на вул. Агінскага ў Гродне Пілец быццам бы «схапіў яе за шыю левай рукой, здушваючы, прыцягнуў да сябе, затым заціснуў, здушваючы шыю, паміж плячом і перадплеччам правай рукі, тым самым прычыніў фізічны боль і маральныя пакуты». Па словах Вольгі, яна адчула пачуццё знявагі, страх за сваё жыццё і здароўе.

Васіль Пілец казаў, што выйшаў на шпацыр з сынам і з сабакам. Сабака пацягнула дзіця, тое ўпала на пешаходную дарожку і запэцкалася ў фарбе, якой карысталася Бондарава для замалёўвання надпісаў, што ёй не падабаліся. Пілец зрабіў Бондаравай заўвагу, а тая пачала здымаць яго на мабільны тэлефон[5].

З гэтага пачаўся канфлікт, які скончыўся ў судзе, дзе Бондарава спагнала з Пільца матэрыяльную кампенсацыю маральных пакут — 1000 рублёў. 12 лютага 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Гродна прысудзіў Васілю Пільцу год «хатняй хіміі» па ч. 1 арт. 339 КК «Хуліганства». Пазней Гродзенскі абласны суд замяніў «хатнюю хімію» на рэальную[3].

Па тым жа артыкуле з удзелам Бондаравай асудзілі на паўтара года калоніі Вадзіма Плаўскага[11]. У мясцовым скверы ён развешваў белыя стужкі, калі да яго падышла Бондарава і пачала здымаць на тэлефон. Адбыўся канфлікт, у выніку якога мужчыну асудзілі. Плаўскі адбываў тэрмін у ПК № 15 і 17 студзеня 2022 года выйшаў на волю.

Вольга Бондарава фігуравала таксама ў справе аб «штрафе за гноміка[12]» — звярнулася ў міліцыю па факце «пратэстнага дэкору» ў кватэры сваёй былой аднакласніцы.

Актывісцкая дзейнасць пасля заканчэння вулічных пратэстаў[правіць | правіць зыходнік]

У Вольгі сваё бачанне свету: яна змагаецца супраць беларускасці, у якой бачыць уцісканне рускамоўных у Беларусі, а таксама супраць заходняй моды і праяў заходняга ладу жыцця. Таксама хвалюецца за разбэшчванне моладзі.

Змаганне з заходнім уплывам[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы актыўнасці Бондаравай у Беларусі ў 2022 годзе забаранілі святкаваць Хэлоўін[13].

Па яе ініцыятыве ў снежні 2022 — студзені 2023 у Гродне адмянілі паказы навагодняга дзіцячага спектакля «Монстры на навагодніх канікулах».

З яе падачы з дзяржаўнага тэлебачання знялі сацыяльную рэкламу супраць гвалту над дзецьмі, якую спансіравала амерыканская арганізацыя USAID. Пасля скаргаў Бондаравай КДК пачаў правяраць пункты продажу цацкі «Хагі-Вагі», якую яна называла праявай сатанізму. Таксама скардзілася на кандытарскую, якая прадавала пірожныя ў форме мужчынскіх і жаночых палавых органаў[4].

Знайшла ў рэкламе бонсцікаў ад «Еўраопта» прапаганду ЛГБТ[14]. Пазней палічыла такой самай прапагандай выяву блогера Дзім Дзімыча ў іншай рэкламе «Еўраопта». У выніку сетка прыбрала рэкламы, якія не спадабаліся Бондаравай[15].

Змаганне супраць беларускасці[правіць | правіць зыходнік]

Менавіта Бондарава данесла на выстаўлены ў прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне партрэт беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара аўтарства Алеся Пушкіна. Пасля гэтага генпракуратура распачала крымінальную справу за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Прастору ліквідавалі[16], а мастака Алеся Пушкіна асудзілі[17] на пяць гадоў пазбаўлення волі. У ліпені 2023 года ён памёр у зняволенні[18].

Праз яе звароты бібліятэка ў Астраўцы не атрымала імя Адама Мальдзіса, як было запланавана. Бондарава назвала дзеяча «прапольскім калабарантам»[19].

Дзякуючы ёй са школьнай праграмы па літаратуры выключылі творы Артура Вольскага і Уладзіміра Ягоўдзіка.

Дабівалася зносу помніка Ларысе Геніюш у Зэльве на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы. Пасля ён проста знік.

Імаверна, датычная да знікнення памятнай шыльды ў гонар паўстанцаў 1863—1864 гадоў, у 1990-х гадах усталяванай на сцяне гродзенскага чыгуначнага вакзала[20]

Прымусіла гродзенскія ўлады прыбраць са спісу знакавых для горада персон на сайце гарадской бібліятэкі нацыянальных герояў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшку.

Канфлікты з уладамі[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 2023 года заявіла, што кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў высунуў супраць яе галаслоўныя абвінавачанні, і запатрабавала прад’явіць ёй афіцыйныя абвінавачанні[21].

«Мне стала вядома пра тое, што вы асмеліліся распаўсюджваць пра мяне не адпаведныя рэчаіснасці звесткі, што нібыта я з’яўляюся „другім Ціханоўскім“, абражаю Ю. Х. Караева і У. С. Караніка, што праз такіх, як я, адбыўся дзяржпераварот», — напісала Бондарава.

Праз тыдзень яна запісала відэа з выбачэннямі за свае словы[22].

«Спрыяе распальванню варожасці і нянавісці», — напісала яна ў заяве ў Генпракуратуру на дэпутата Ігара Марзалюка. Прычынай стаў выступ дэпутата на тэлеканале СТБ, дзе ён выказаўся за пазітыўную дыскрымінацыю беларускай мовы — своеасаблівыя льготы для беларускамоўных.

Шмат прэтэнзій да Бондаравай мае старшыня гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца, якая абуралася, што на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць прапагандыстка прыехала з «голай філейнай часткай»[4].

Вайна ва Украіне[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Бондарава перайменавала канал з ужываннем лацінскіх літар Z і V, сімваламі падтрымкі расійскай агрэсіі, і ён называўся «БондареVа. БеZ купюр». Распаўсюджвала праз канал рэпосты расійскага прапагандысцкага кантэнту[2].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б 41-гадовая даносчыца Бондарава расказала пра свой легальны вопыт працы — агулам два гады за жыццё . Наша Ніва. Праверана 5 лютага 2024.
  2. а б в Как гродненская контрабандистка стала самой известной доносчицей страны. Рассказываем историю Ольги Бондаревой (руск.). Зеркало (17 студзеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  3. а б HL. Активистка “ИнфоСпецНаз” Ольга Бондарева взыскала с политзаключенного 1000 рублей за моральные страдания . Hrodna.life (2 ліпеня 2021). Праверана 18 жніўня 2023.
  4. а б в г д «Галоўная даносчыца Беларусі». Хто такая Вольга Бондарава, якая змагаецца з Геніюш, Марзалюком і «Хагі-Вагі» . Радыё Свабода (28 красавіка 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  5. а б в "Пацярпелыя выконвалі свой дзяржаўны доўг па зафарбоўванню незарэгістраванай сімволікі". Прысуд Васілю Пільцу . spring96.org (12 лютага 2021). Праверана 18 жніўня 2023.
  6. Ольга Бондарева Вражеская пропаганда от Геббельса до наших дней // Коммунист Беларуси. — 21 мая 2021. — № 21 (1273). — С. 5.
  7. Ольга Бондарева Беларусь нуждается в законодательной защите от ЛГБТ-пропаганды // Коммунист Беларуси,. — 4 августа 2021. — 4 августа — № 31 (1387). — С. 4.
  8. Плавинский Александр. 21 апреля 2023 года в Минске прошел внеочередной XIV (XLVI) Съезд Коммунистической партии Беларуси | ВКонтакте. m.vk.com. Праверана 18 жніўня 2023.
  9. Пад абцасам: як гарадзенская інфаспецназаўка стала гаспадыняй цэлага рэгіёну. belsat.eu. Праверана 18 жніўня 2023.
  10. Право имеют. Telegram. Праверана 18 жніўня 2023.
  11. Вадзім Плаўскі — Палітычныя вязні ў Беларусі. prisoners.spring96.org. Праверана 18 жніўня 2023.
  12. Гном са сцяжком правёў адзіночны пікет на падваконніку. Цяпер яго ўладальніка судзяць . Hrodna.life (18 жніўня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  13. У Беларусі забаранілі святкаваць Хэлоўін. Плануюць «культурнае імпартазамяшчэнне» (руск.). VK. Праверана 18 жніўня 2023.
  14. vasia11. Бондарава хоча сцерці памяць пра Каліноўскі і Касцюшку і ваюе з «Еўраоптам» . Hrodna.life (24 ліпеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  15. antonio. Бондарава дамаглася, каб “Еўраопт” змяніў сваю рэкламу. Але на гэтым яна не спыняецца (абноўлена) . Hrodna.life (26 ліпеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  16. К, А.. У Гродне пачаўся суд над установай "Цэнтр гарадскога жыцця". Яе хочуць ліквідаваць . Hrodna.life (20 красавіка 2021). Праверана 18 жніўня 2023.
  17. Художника Алеся Пушкина приговорили к 5 годам лишения свободы. belsat.eu. Праверана 18 жніўня 2023.
  18. В Беларуси умер художник и политзаключенный Алесь Пушкин – DW – 11.07.2023 (руск.). dw.com. Праверана 18 жніўня 2023.
  19. Boradyn, Władysław. Бібліятэка ў Астраўцы ня будзе насіць імя Адама Мальдзіса. Яго назвалi «прапольскiм калабарантам» . Wb24.org - Wirtualna Białoruś (2 жніўня 2022). Праверана 18 жніўня 2023.
  20. У Гродне знік памятны знак паўстанцам 1863 года - Беларуская Служба - polskieradio.pl(нявызн.). polskieradio.pl. Праверана 18 жніўня 2023.
  21. antonio. Бондарава ўступіла ў канфлікт з галоўным міліцыянтам Гродзеншчыны: кажа, што адчувае “іспанскі сорам” за сілавікоў . Hrodna.life (16 чэрвеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  22. vasia11. Бондарава запісала "пакаяннае" відэа з самой сабой. Навошта? . Hrodna.life (21 чэрвеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.