Перайсці да зместу

Віктар Сяргеевіч Манаеў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Віктар Манаеў)
Віктар Сяргеевіч Манаеў
Віктар Манаеў у спектаклі «Translations»
Віктар Манаеў у спектаклі «Translations»
Дата нараджэння 7 жніўня 1958(1958-08-07) (65 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Адукацыя
Прафесія акцёр
Тэатр
Прэміі
Узнагароды
Народны артыст Беларусі Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Віктар Сяргеевіч Манаеў (нар. 7 жніўня 1958, Мінск) — беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі (2011).

Скончыў школу ў 1975 годзе, але ў тэатральны інстытут адразу не паступіў. Цэлы год да наступных уступных экзаменаў працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, а затым паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на лялечнае аддзяленне.[1] Скончыў інстытут па спецыяльнасці «Акцёр тэатра лялек» у 1980 годзе.

З 1980 года акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У 1997 годзе прысвоена званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», у 2011 годзе — «Народны артыст Беларусі».

Адна з найбольш значных роляў у творчым лёсе артыста — Лёнька Адуванчык у спектаклі «Радавыя», за якую ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР, стаўшы самым маладым уладальнікам гэтай узнагароды. А таксама роля Мікіты Зносака ў спектаклі «Тутэйшыя» Я. Купалы, якая прынесла яму Дзяржаўную прэмію Беларусі ў 1992 годзе.[2] Другі раз Манаеў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за роль Кручкова ў спектаклі «Пінская шляхта» ў 2013 годзе.

За амаль 40 гадоў Манаеў сыграў самыя розныя ролі. Цэлая эпоха ў жыцці артыста звязана з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, супрацоўніцтва з якім пачалося ў 1985 годзе.

Выступаў на адной сцэне з вядучымі майстрамі беларускага тэатра (Яроменкам (старэйшым), Кармуніным, Макаравай, Стомам). У тым ліку і з легендарнай Стэфаніяй Станютай (у спектаклях «Гаральд і Мод», «Тры Іваны — тры браты», «Снежная каралева»).

Сярод апошніх роляў на Купалаўскай сцэне — Кароль Лір, Гараднічы ў спектаклі «Рэвізор» М. Гогаля, Пранцысь Пустарэвіч у «Паўлінцы» Я. Купалы, станавы прыстаў Кручкоў у «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча, Сорын у «Чайцы» А. Чэхава, Эміль Фрамантэль у «Школе падаткаплацельшчыкаў», Гольдберг у спектаклі «Местачковае кабарэ».

Акцёрскае майстэрства артыста вызначае павышаная шчырасць, выразная пластыка і вострая гратэскная форма арганічна спалучаюцца з глыбокім веданнем псіхалогіі сцэнічных вобразаў.[1]

«Публіка любіць Манаева, — распавядаў Валерый Раеўскі, — за талент, за розум, за ўменне трымаць сябе на сцэне раскавана, выдатна адчуваючы свабоду мастака. Мне падаецца, гэта лепшая якасць артыста — яго свабода, свабода чалавека, які валодае масай. Ён выходзіць на трыбуну, — а тэатр — гэта трыбуна, — і з яе прамаўляе шмат добрых чалавечых слоў».[3]

Здымаўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Ідзі і глядзі», «Давай пажэнімся», «Павадыр», «У жніўні 44-га», «Franz + Polina», «Белыя Росы. Вяртанне», «Авантуры Пранціша Вырвіча» і інш.

Акрамя роляў у тэатры і кіно, агучваў шмат персанажаў у анімацыйных фільмах («Прыгоды Несцеркі», «Лагодны воўк» і інш.), прымаў удзел у дзіцячай праграме «Калыханка» («Парады доктара Зялёнкіна»).

Манаеў — з кагорты «радыйных» артыстаў, тых, хто мае сваю акцёрскую біяграфію на Беларускім радыё, і доўжыцца яна з 1981 года. Адзін з яго першых радыёспектакляў — «Салют, дыназаўрам», дзе артыст сыграў галоўную ролю хлопца-падлетка разам са Стэфаніяй Станютай.[4] Беларускага радыё захоўвае дзесяткі радыёспектаклей, пастановак, інсцэніраваных казак, у якіх Манаеў выконвае галоўныя ролі (Ярмаліцкі ў «Млечным шляху» К. Чорнага, Загорскі ў «Каласах пад сярпом тваім» У. Караткевіча і інш.).

Аб жыцці і творчасці Манаева ў 1999 годзе рэжысёрам Надзеяй Гаркуновай зняты дакументальны фільм «Несыграная роля», у якім артыст прадэманстраваў свой велізарны творчы патэнцыял.[1]

2 верасня 2020 года сышоў з Купалаўскага тэатра, далучыўшыся да сваіх калегаў, якія сышлі з тэатра, праявіўшы сваю грамадзянскую пазіцыю пасля прастэтаў у Беларусі.

Тэатральныя ролі: «Кароль Лір» (Лір) У. Шэкспіра, «Пінская шляхта» (Кручкоў) В. Дуніна-Марцінкевіча, «Чайка» (Сорын) А. Чэхава, «Школа падаткаплацельшчыкаў» (Фрамантэль), «Рэвізор» (Гараднічы) М. Гогаля, «Паўлінка» (Пранцысь Пустарэвіч) Я. Купалы, «Местачковае кабарэ» (Гольдберг), «Вельтмайстар-акардэон» (выканаўца песні «Калекі»), «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» (Банут), «Дон Жуан» (Сганарэль), «Макбет» (кароль Дункан), «Вячэра з прыдуркам» (Франсуа Піньён) Ф. Вэбера, «Плач перапёлкі» (Іван), «Бераг» (Салдат), «Закон вечнасці» Н. Думбадзэ (Дружынні), «Апошняе спатканне» (Славік), «Тая, якая сама па сабе блукае» (Сын), «Рэвізор» (Хлестакоў), «Наш Купала» (Янка), «Шлях» (Валодзя), «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М. Чарота (Мікіта), «Снежная каралева» Г. Х. Андэрсана (Кай), «Валенсіянскія вар’яты» (Валерыа), «Брама неўміручасці» (Генка), «Характары» (Пецька, Юрка), «Зоркі вечныя» (Веставы), «Радавыя» А. Дударава (Лёнька Адуванчык), «Тры Іваны — Тры браты» (Крумкач), «Даходнае месца» А. Астроўскага (Жадаў), «На Мінск!» (Андрэйка), «Трыбунал» (Валодзька), «Бура» (Арыэль), «Гаральд і Мод» (Гаральд), «30 дзён Кашчэя Бессмяротнага» (Пісар), «Дзеці сонца» (Міша), «Тарцюф» (Валер), «Надзея Путніна» (Сяргей Прадкін), «Дракон» Я. Шварца (Генрых), «Страсці па Аўдзею» (Андрэй), «Памінальная малітва» (Фёдар), «Царэўна-жабка» (Іванька-дурань), «Тутэйшыя» Я. Купалы (Мікіта Зносак), «Вежа» (Ромка), «Ромул Вялікі» (Апаліон), «Цынкавыя хлопчыкі» (1-шы салдат), «Тры сястры» А. Чэхава (Хвядоцік), «Дом на мяжы» (Стражнік), «Нежанаты мнагажэнец, альбо Залёты пана дэ Пурсаньяка» (Пурсаньяк), «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча (Ян Губач), «Translations» (Джымі Джэк), «Дон Жуан вяртаецца з вайны» (Дон Жуан), «Лес» (Буланаў), «Касцюмер» (Норман), «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» (Слуга, Фольрад, Сусед), «Сон у чарадзейную ноч пасярэдзіне лета» (Аснова), «К’ёджаўскія перабрэхі» (Ісідара), «Дзіўная місіс Сэвідж» (Ганібал), «С. В.» (Яе брат), «Чычыкаў» (Манілаў), «Сымон-Музыка» (Дзед Жабрак), «Стрыптыз» («Мікола-Тэатр») С. Мрожака, антрэпрыза «ART» (Іван / «Мікола-Тэатр») Я. Рэзы, «Вячэра з прыдуркам» (Франсуа Піньён / «Мікола-Тэатр»), «Як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» (Іван Іванавіч / «Мікола-Тэатр») і інш.

Прэміі і ўзнагароды

[правіць | правіць зыходнік]
  • Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1984),
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за персанаж Лёнькі Адуванчыка ў «Радавых» Аляксея Дударава;
  • Дыпламант фестываля «Прыбалтыйская тэатральная вясна-1985» за найлепшую мужчынскую ролю,
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1992) за выкананне ролі Мікіты Зносака ў п’есе «Тутэйшыя»;
  • Дыпламант тэатральнага фестываля «Залаты Віцязь-2005» за роль Дзеда Жэбрака ў спектаклі «Сымон-музыка» паводле паэмы Якуба Коласа,
  • Уладальнік Нагруднага знака Міністэрства культуры Беларусі «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2008),
  • Уладальнік дыплома «За майстар-клас для маладых акцёраў» на V Міжнародным моладзевым тэатральным форуме «Март-кантакт» (2010),
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2013) за выкананне ролі прыстава Кручкова ў спектаклі «Пінская шляхта» па п’есе В.Дуніна-Марцінкевіча,
  • Пераможца V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» (2018) ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля ў спектаклі тэатра драмы» за ролю Гараднічага ў «Рэвізоры»,
  • Пераможца ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля» за ролю Гараднічага ў «Рэвізоры» на XIV Міжнародным фестывалi «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (2019),
  • Уладальнік узнагароды за высокае прафесійнае майстэрства, значныя дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва, стварэнне ў тэатральным сезоне 2017—2018 гадоў вострахарактарных вобразаў у спектаклях «Рэвізор» і «Школа падаткаплацельшчыкаў» (2019).
  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 462. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Манаев Виктор // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В. Голубеў, А. Кіжэ, А. Смольскі, В. Трыгубовіч, Г. Ахметава, В. Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6
  • Манаев Виктор Сергеевич // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 428—429. — 751 с. — 10 000 экз.