Аляксей Дудараў
Аляксей Дудараў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 6 чэрвеня 1950 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 лютага 2023 (72 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, пісьменнік, сцэнарыст, празаік |
Жанр | п’еса |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Аляксей Ануфрыевіч Дудараў (6 чэрвеня 1950, в. Кляны, Дубровенскі раён, Віцебская вобласць — 27 лютага 2023, Мінск) — беларускі драматург.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і калгаснікаў. Скончыў у 1968 годзе Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў у 1976 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Мінск, 1976—1983). Быў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР (з 1979), сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1991—2002 гадах займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 год быў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска[1].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютаваў у друку ў 1973 годзе. Пісаў апавяданні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург. Выдаў зборнікі апавяданняў «Святая птушка» (1979). Паводле сцэнарыяў Аляксея Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.).[2]
Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў Вялікім Княстве Літоўскім напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя паводле матываў аднайменнай паэмы Міколы Гусоўскага. Гістарычныя асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.
У п’есе «Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Уладзіміра ў святле вялікіх пачуццяў, страсцей. Палачанка праклінае Уладзіміра, і праклён гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. Аляксей Дудараў вельмі актыўна працаваў у жанры гістарычнай драмы: п’есы «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Чорная панна Нясвіжа», «Крыж» і інш. Творам на гістарычную тэму ўласцівая дынамічнасць сюжэта, займальнасць інтрыгі, экзотыка і захаваны каларыт эпохі. Станоўчыя героі надзелены такімі вартасцямі, як вернасць ідэалу, высакароднасць, шляхетнасць, самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне.
Драматург абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў меладраму «Кім» (2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых неверагодных метамарфозаў і супадзенняў, твор мае шчаслівы канец. Да жанру «меладраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п’еса Аляксея Дударава «Люці» (2002).
Пераклаў на беларускую мову хроніку Уільяма Шэкспіра «Рычард III».
Тэатральныя пастаноўкі
[правіць | правіць зыходнік]Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета:
- 2013 — «Князь Вітаўт» (пастаноўка Юрыя Траяна)
Дняпроўскі акадэмічны тэатр драмы і камедыі:
- 2004 — «В сумерках» (пастаноўка Жана Мельнікава)
Прэміі і ўзнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і іншымі ўзнагародамі. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў «Святая птушка» і п’есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «Кола»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1977)
- «Дэбют»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1978)
- «Суседзі»: сцэнарый мастацкага фільма (1979)
- «Выбар»: п’еса (паст. 1979)
- «Святая птушка»: зборнік апавяданняў (1979)
- «Буслянё»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1980)
- «Як гартавалася сталь»: інсцэніроўка рамана М. Астроўскага (паст. 1980)
- «Парог»: п’еса (паст. 1981)
- «Сінявочка»: казка для дзяцей (1981)
- «Купальская ноч»: сцэнарый мастацкага фільма (1982)
- «Апошні ўзлёт»: п’еса (паст. 1982)
- «Вечар»: п’еса (паст. 1983)
- «Белыя росы»: сцэнарый мастацкага фільма (1984)
- «Радавыя»: п’еса (паст. 1984)
- «Восеньскія сны»: сцэнарый мастацкага фільма (1986)
- «Майстар і Маргарыта»: інсцэніроўка рамана М. Булгакава (паст. 1987)
- «Дыялог»: зборнік п’ес (1987)
- «Злом»: п’еса (паст. ў 1988)
- «Вежа»: п’еса, разам з У. Някляевым (паст. 1990)
- «Купала»: трагедыя (1994) — увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385
- «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа
- «Песня пра зубра» (1994) — па матывах паэмы М. Гусоўскага
- «Палачанка» (1998)
- «Чорная панна Нясвіжа» (1999)
- «Прынц Мамабук»: камедыя (1999)
- «Крыж»: зборнік п’ес (2000)
Зноскі
- ↑ У Мінску развіталіся з драматургам Аляксеем Дударавым . bel.sputnik.by (1 сакавіка 2023).
- ↑ Журбін, Якаў. Памёр беларускі драматург Аляксей Дудараў.. Вы дакладна ведаеце ягоныя творы . Onliner.by (28 лютага 2023). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2023. Праверана 23 мая 2023.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аляксей Дудараў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Астроўская, Т. Драматургічныя дамінанты ў апавяданнях Аляксея Дударава / Т. Астроўская // Роднае слова. — 2008. — № 6. — С. 30-32.
- Дудараў Аляксей // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Дудараў Аляксей // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч (і інш.). — Мн., 1993. — Т. 2. — С. 396—399.
- Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1998. — Т. 6. — С. 253.
- Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Памяць: Дубровенскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў (і інш.); мастак Э. Э. Жакевіч. — Мн., 1997. — Кн. 1. — С. 513—514.
- Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (і інш.). — Мн., 1996. — Т. 3. — С. 311—312.
- Нарадзіліся 6 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1950 годзе
- Нарадзіліся ў Дубровенскім раёне
- Памерлі 27 лютага
- Памерлі ў 2023 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
- Постаці Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача
- Супрацоўнікі часопіса «Мастацтва»
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
- Члены Беларускага ПЭН-цэнтра
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Лаўрэаты прэміі Ленінскага камсамола
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Драматургі Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі СССР
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Сцэнарысты СССР
- Драматургі СССР
- Драматургі XX стагоддзя
- Сцэнарысты Беларусі