Вікенцій Іванавіч Гечэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вінцэнт Янавіч Гечэвіч)
Вікенцій Іванавіч Гечэвіч
Ляліва
Ляліва
Мінскі губернатар
31 снежня 1818 — 26 лютага 1831
Папярэднік Казімір Сулістроўскі
Пераемнік Кірыл Цюфяеў[d]
крайчы віленскі[d]

Нараджэнне 5 красавіка 1770(1770-04-05)
Смерць 19 сакавіка 1840(1840-03-19) (69 гадоў)
Месца пахавання
Род Гечэвічы[d]
Бацька Ян Гечэвіч[d]
Маці Анастасія Вайноўская[d]
Жонка Эльжбета з Прушынскіх[d]
Дзеці Аляксандр Гечэвіч[d], Алена з Гечэвічаў[d], Іпаліт Гечэвіч, Сузанна з Гечэвічаў[d], Ружа з Гечэвічаў[d], Ядвіга з Гечэвічаў[d], Леан Гечэвіч[d] і Лізавета з Гечэвічаў[d]
Веравызнанне каталіцтва
Член у
Узнагароды
ордэн Святой Ганны 1-й ступені з імператарскай каронай ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені ордэн Святой Ганны 2 ступені

Вінцэнт Янавіч Гечэвіч, Вікенцій Іванавіч Гечэвіч, Вікенцій Іванавіч Гечан-Гечэвіч (руск.: Викентий Иванович Гечан-Гечевич, польск.: Wincenty Gieczewicz; 5 красавіка 177019 (31) сакавіка 1840, г. Санкт-Пецярбург) — дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі, мінскі губернатар (1818—1831).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Гечэвічаў герба «Ляліва», унесенага 14 мая 1802 у 6-ю частка ДРК Мінскай губерні і зацверджанага ў дваранстве ўказам Сената ад 31 сакавіка 1837 года. Рабіла вывады шляхецтва (1802). Нарадзіўся ў сям’і Івана (Яна) Ігнацьевіча Гечэвіча (пам. пасля 1795)[1], мечніка віленскага (1785), суддзі Віленскага гродскага суда, уладальніка маёнткаў Гэчаны і Жэймы Віленскага ваяводства, і Анастасіі (Настассі) Вайноўскай (пам. пасля 1770). Меў братоў Ігнація (пам. да 1837), харунжага (з 1792) і паручніка (з 1793) 3-га палка пярэдняй варты Булавы польнай літоўскай, удзельніка паўстання Т. Касцюшкі ў 1794 годзе, узведзенага ў ротмістры штабавыя; Яна (пам. паміж 1819 і 1837), капітана польскіх войскаў, масон, сястру Барбару, якая была ў шлюбе са Стэфанам Антонавічам Гечэвічам, сынам мечніка віленскага, асэсарам 1-га дэпартамента Віленскага галоўнага суда у 1817—1820 гг., уладальнікам маёнтка Жэймы Віленскага павета. Каталік.

Крайчы віленскі (26.11.1788), з 7 лютага 1791 года член, а з 8 лютага 1792 года старшыня аддзялення цывільна-вайсковай парадкавай камісіі Віленскага ваяводства, з 1793 па 1795 пражываў у маёнтку свайго цесця Каралішчавічы Ігуменскага павета, з 2 кастрычніка 1795 па 1798 першы засядацель 1-га дэпартамента Мінскага верхняга земскага суда, надворны саветнік (28.06.1796), з 1798 засядацель 1-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда (да новых выбараў). З 1 верасня 1802 па 1808 вілейскі павятовы падкаморы, абіраўся на два 3-годдзі запар.

З красавіка 1812 член Вілейскай павятовай прысутнасці для ваенных павіннасцяў, у час французскай акупацыі 1812 года займаў з 14 ліпеня 1812 пасады намесніка галоўнага камісара пры камандзіры 1-га корпуса Вялікай арміі[ru] маршале Луі-Нікаля Даву і з 27 ліпеня пасаду члена аддзела харчу адміністрацыі Мінскага дэпартамента ВКЛ.

У 1813—1814 гг. член Мінскай губернскай для ваенных павіннасцей прысутнасці, з 3 верасня 1814 член Вілейскага межавога нармальнага суда (на 3-годдзе), з 25 кастрычніка 1816 (заняў пасаду 10 снежня 1816) па 31 снежня 1818 года мінскі віцэ-губернатар, калежскі саветнік (24.09.1817), з 28 жніўня 1818 па 31 снежня 1818 выконваў абавязкі мінскага грамадзянскага губернатара, стацкі саветнік (31.12.1818). З 31.12.1818 па 26.02.1831 года займаў пасаду мінскага грамадзянскага губернатара, сапраўдны стацкі саветнік (06.12.1826), тайны саветнік (26.02.1831). З 26.02.1831 года сенатар (прысутнічаў ва 2-м аддзяленні, а затым у 1-м аддзяленні 5-га дэпартамента Сената).

У час службы пры генерал-губернатары Ц. І. Туталміне (1793—1796) і грамадзянскім губернатары З. Я. Карнееве (1797—1808) праводзіў на ўласныя сродкі камеральнае апісанне ў казённае ведамства маёнткаў грэка-ўніяцкага мітрапаліта, манастыроў базыльянаў у Лагойску, Лядах, Траецкага манастыра базыльянак у г. Мінску і Радашковіцкага староства, займаўся размежаваннем Віленскай і Мінскай губерняў, праводзіў следства аб коштаўтварэнні ў гандлёвых мястэчках Вілейскага павета. Спрыяў на заканадаўчым узроўні развіццю ў Мінскай губерні гандлю і наданні купецтву адмысловых палёгак і прывілеяў з мэтай прыцягнення іншага купецтва і барацьбы з манаполіяй яўрэяў у гандлі. Па асабістым даручэнні імператара Мікалая I, з 12.02.1828 па 19.05.1828 праводзіў канчатковае расследаванне ў Вільні і Гродне па справе асуджанай Віленскай крымінальнай палатай да высылкі ў Сібір на паселішча Агафіі Дзянісавай Любрэвічоўны за намер атруціць жонку віленскага губернскага пракурора Г. А. Батвінкі. Прымаў меры па барацьбе з эпідэміяй халеры, якая разгарэлася ў канцы 1830 годзе.

Дырэктар (з 15.03.1817) і віцэ-прэзідэнт (з 1818 па 12.04.1826) Мінскага аддзялення Расійскага Біблейскага таварыства.

Валодаў (да 30.12.1823) радавым маёнткам Ізабелін (Забелін) і набытым (у 1808) маёнткам Вязынь «з фальваркамі» ў Вілейскім павеце (усяго на 1811—1109, а на 1816—1098 душ прыгонных муж. полу), якія аддаў ва ўладанне сваім дзецям; на 1816 меў у закладным валоданні фальварак Раеўшчына (148 душ); часова (з 09.03.1823) валодаў Друйскім і Перабродскім войтаўствамі Дзісненскага павета; на 1834 выкарыстоўваў у якасці прыслугі 8 душ прыгонных (дваровых) муж. полу.

Пахаваны на Смаленскіх евангелічна-лютэранскіх могілках у Санкт-Пецярбургу.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Кавалер ордэнаў Св. Ганны 2-й ст. (24.09.1817), Св. Ганны 1-й ст. (29.10.1823) са знакамі, упрыгожанымі імператарскай каронай (25.06.1829), Св. Уладзіміра 4-й ст. (17.12.1829).

Найвышэйшыя спрыянні: за спраўнасць новых дарог у Мінскай губерні (16.10.1819); за аператыўнае спагнанне нядоімак па Мінскай губерні (20.01.1821); за бяздоімкавы збор рэкрутаў 92-га набору па Мінскай губерні (06.01.1829); за бяздоімкавы збор рэкрут 93-га набору па Мінскай губерні (14.05.1829); за выдатную руплівасць, праяўленую пры нарыхтоўцы ў 1829 паўкажушкаў для рэкрутаў 94-га набору (10.12.1830).


Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт жонкі Альжбеты з Прушынскіх. В. Ваньковіч, да 1842 г. Літоўскі мастацкі музей
Магіла жонкі Эльжбеты з Прушынскіх на каталіцкіх могілках у Вязыні

10 верасня 1793 года ажаніўся ў Каралішчавіцкім касцёле з Лізаветай-Антанілай-Ангелай Станіславаўнай з Прушынскіх (16.12.1778, маёнтак Новы Двор Мінскага павета — 03.09.1849, г. Мінск), стрыечнай цёцяй мінскага губернскага маршалка шляхты Яўстафія Станіслававіча Прушынскага, дачкой Станіслава Іосіфавіча Прушынскага (1753 — 02.09.1800, двор Каралішчавічы Ігуменскага павета), «старосты мінскага», генерала-ад’ютанта караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ігуменскага павятовага маршалка ў 1797—1800, уладальніка маёнткаў Каралішчавічы і Свіраны Мінскага павета. Паводле Юрыя Снапкоўскага жонка Лізавета пахавана 06.09.1849 на Залатагорскіх могілках Мінска, чаму, аднак, пярэчыць наяўнасць яе надмагілля на каталіцкіх могілках у Вязыні.

Дзеці:

На 28.11.1811 і 12.03.1816 Вікенцій быў апекуном будучага мінскага губернскага маршалка шляхты Людвіга Антонавіча Слатвінскага.

Сачыненні[правіць | правіць зыходнік]

  • «Отзыв к почтенным Минской губернии помещикам дворянству и ко всем сей же губернии сословиям» ад 21.01.1819 [з нагоды прызначэння яго мінскім грамадзянскім губернатарам] (НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Д. 33. Л. 104—105 об.).

Зноскі

  1. Сын Ігнація Уладзіслававіча Гечэвіча (часам бацькам называецца брат Ігнація — Нікадзім-Ігнацій)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • ГЕЧЕВИЧ Викентий (Винцент) Иванович // Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793-1917) : биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: Беларусь, 2016. — 398 с. — ISBN 978-985-01-1200-2.
  • Раюк, А.Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А.Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — №1. — С. 58—63.