Вітаўт Кіпель
Вітаўт Кіпель | |
---|---|
Дата нараджэння | 30 мая 1927 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 снежня 2022 (95 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Яўхім Яўсеевіч Кіпель |
Жонка | Зора Кіпель |
Дзеці | Алеся Кіпель |
Род дзейнасці | гісторык, літаратуразнавец |
Навуковая сфера | гісторыя |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Узнагароды | |
![]() |
Вітаўт Кіпель (30 мая 1927, Менск — 3 снежня 2022, ЗША) — беларускі грамадска-культурны эміграцыйны дзеяч, гісторык.
Разам з жонкай Зорай Кіпель сабраў і сістэматызаваў найбагацейшую калекцыю эміграцыйнай беларускай перыёдыкі і друку, выдадзеных на Захадзе[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 30 мая 1927 года ў Менску ў сям’і грамадскага дзеяча і вучонага Яўхіма (1895—1969) і Марыі Кіпеляў.
У 1933—1942 гадах разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся ў Мінску, пакуль у 1944 годзе не выехаў з бацькамі ў Германію. У пасляваеннай Германіі Вітаўт Кіпель скончыў Беларускую гімназію імя Я. Купалы, вучыўся на медыцынскім факультэце Цюбінгенскага ўніверсітэта. У 1953 годзе скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) са спецыяльнасцю геолага, у 1955 годзе атрымаў ступень доктара мінералогіі.
У 1955 годзе пераехаў у ЗША. У 1956 годзе пабраўся шлюбам з Зорай Савёнак (Кіпель), на наступны год у сям’і нарадзілася дачка Алеся. Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). У 1959—1985 гадах працаваў бібліятэкарам у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, дзе таксама на працягу многіх гадоў займаў пасаду памочніка начальніка аддзела навукі і тэхнікі[2]. Перадаў на захаванне ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку 171 скрыню з матэрыяламі па беларусістыцы, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў збіраў і сістэматызаваў[1].
У 1962—1963 гадах вучыўся ў магістратуры Ратгерскага ўніверсітэта (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці «Бібліятэказнаўства»[2]. Пры канцы 1960-х гадоў выкладаў у беларускай школе ў Брукліне. У 1960-1980-х гадах супрацоўнічаў з радыё «Свабода».
У 1985 годзе выйшаў на пенсію і працягнуў займацца грамадскай дзейнасцю[2].
Больш за 30 гадоў жыў у Ратэрфордзе, потым — у Гаварце, а ў апошні час — у Пойнт-Плезант-Біч[2].
Памёр 3 снежня 2022 года[1]. Пахаваны ў Іст-Брансуіку (штат Нью-Джэрсі) на беларускіх могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці[2].
Грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Падчас вучобы ў Германіі зацікавіўся скаўтынгам. З 1945 года быў скаўтмайстрам «Згуртавання беларускіх скаўтаў на чужыне» (пазней — у адміністрацыі нацыянальнай арганізацыі ЗША)[3]. Падчас вучобы ў Бельгіі, быў намеснікам старшыні Саюза беларусаў Бельгіі.
У 1972—1982 гадах — старшыня Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў. У 1974 годзе абраны старшынёй Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі[2]. Рэдактар газеты нью-джэрсійскіх рэспубліканцаў Heritage Review. Заснавальнік і дырэктар беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі (1976—1979). У 1972 годзе ў Вашынгтоне абраны на заступніка старшыні Нацыянальнай канфедэрацыі амерыканскіх этнічных груп. Губернатарам штата Нью-Джэрсі Брэнданам Бірнам быў прызачаны старшынёй Этнічнай Рады штата Нью-Джэрсі[2], працаваў на гэтай пасадзе ў 1978—1982 гадах.
Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый, у тым ліку Беларуска-амерыканскага задзіночання[2]. Ад 1982 года — старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
У 1997 годзе абраны ў склад Прэзідыума Рады БНР[4].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Аўтар шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, у т. л. артыкулаў беларусазнаўчай тэматыкі ў амерыканскіх энцыклапедыях. У 1993 годзе выйшла яго першая манаграфія «Беларусы ў ЗША» (беларускае выданне падрыхтаваў перакладчык Сяргей Шупа, англамоўнае выданне ў ЗША выйшла ў 1999 годзе). У 2017 годзе пабачыла свет другое выданне кнігі (больш як 600 старонак), багата ілюстраванае, дапрацаванае і дапоўненае новай інфармацыяй. Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і рэдактар Наталлі Гардзіенка[5].
Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную двухтомную бібліяграфію «Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе»[6] (2003, 2-е, дапоўненае выданне — 2006), настольную кнігу гісторыкаў эміграцыі і ўсіх зацікаўленых беларусістыкай. Выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць» (2015).
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]- Жонка — Зора Кіпель (дзяв. Савёнак; 1927—2003), грамадская дзяячка, літаратуразнавец, публіцыст.
- Дачка — Алеся Кіпель (нар. 1957), працуе ў Міністэрстве ўнутраных спраў ЗША, займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю.
- Сын — Георгій[7].
- Унукі — Аляксандр, Андрэй, Антон[7].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Медаль Паняволеных народаў Эйзенхаўэра (1975),
- медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2018)[8],
- ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (2020)[9] — «за самаадданасць справе беларускай асветы і культуры замежжа».
Працы
[правіць | правіць зыходнік]Кнігі
[правіць | правіць зыходнік]- Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography / Ed. by V.Kipel and Z.Kipel. — New York: БІНІМ, 1988. — 398 p.
- Why does Voice of America discriminate against the Byelorussian language? / [Я.Запруднік, В.Кіпель, Ю.Станкевіч]. — New York: [Byelorussian Youth Association of America], 1961. — 2 p.
- Беларусы ў ЗША. — Мн.: Беларусь, 1993.
- Жыць і дзеіць: Успаміны. — Мн.: Зміцер Колас, 2015.
Артыкулы
[правіць | правіць зыходнік]- Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. — 1956. — № 21 (303). — 20 травеня. — С. 4.[10]
- Мадзярскі дзень. Уражаньні ад спатканьня з Кардыналам Мідцэнты // Беларус. — 1973. — № 198. — Кастрычнік. — С. 5.
- Даклад пра Беларусь сяньня / В. Зубкоўскі // Беларус. — 1973. — № 199. — Лістапад. — С. 3.[11]
- Беларуская спадчына ў Амэрыцы. Айцец Франьцішак Дзеружынскі // Беларус. — 1975. — № 216. — Красавік. — С. 2 — 3.[12]
- Другі Ўсебеларускі Кангрэс — аналіз тагачаснае палітычнае сытуацыі рэфэрат, чытаны ў Саўт-Рывэры з нагоды 30-х угодкаў 2-га Кангрэсу / Вітаўт Кіпель // Беларуская думка [Саўт-Рывэр — Нью-Ёрк]. — 1974—1975. — № 18 — 19 — С. 4 — 7.
- Прафэсар Леў Акіншэвіч (1898—1980) // Беларус. — 1981. — № 286. — Люты. — С. 3 — 4.
- У памяць настаўніцы [Натальлі Орса] // Беларус. — 1990. — № 3367. — Люты. — С. 5.
Зноскі
- ↑ а б в Памёр Вітаўт Кіпель
- ↑ а б в г д е ё ж [1]
- ↑ Лозка А.Ю. Беларускі скаўтынг. — Мінск: Полымя, 1997. — 188 с. — 2 500 экз. — ISBN 985-07-0213-3.
- ↑ Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч. Рада БНР (1947—1970) — Падзеі. Дакументы. Асобы. Менск, 2013 — с. 93
- ↑ zbsb.org
- ↑ «Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе»
- ↑ а б Vitaut Kipel Obituary
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
- ↑ Пайшоў з жыцця ганаровы доктар ЕГУ Вітаўт Кіпель
- ↑ Адказ І. Касяку, аўтару кнігі «З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу»
- ↑ Гутарка-успамін Алеся Вожыка
- ↑ Роля ксяндзоў-беларусаў у гісторыі каталіцкай асветы ЗША
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сенька М. Вітаўту Кіпелю — 80 гадоў / Міхась Сенька // Беларуская думка [Саўт-Рывэр — Нью-Ёрк]. — 2007. — № 59. — Снежань. — С. 39.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
- Кі́пель Вітаўт // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 384. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Нарадзіліся 30 мая
- Нарадзіліся ў 1927 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 3 снежня
- Памерлі ў 2022 годзе
- Памерлі ў ЗША
- Пахаваныя на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку
- Выпускнікі Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы
- Выпускнікі Цюбінгенскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта
- Выпускнікі Ратгерскага ўніверсітэта
- Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Постаці беларускай эміграцыі
- Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
- Члены Беларускага інстытута навукі і мастацтва