Перайсці да зместу

Готфрыд Эрнст Гродэк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Готфрыд Эрнст Гродэк
польск.: Bogumił Ernest Groddeck
ням.: Gottfried Ernst Groddeck
Дата нараджэння 17 лістапада 1762(1762-11-17)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 11 красавіка 1825(1825-04-11) (62 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Беньямін Гродэк[d]
Род дзейнасці філолаг-класік, выкладчык універсітэта, бібліятэкар
Месца працы
Навуковая ступень доктар філасофіі
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Готфрыд Эрнст Гродэк (Годфрыд Эрнэст Гроддэк, ням.: Gottfried Ernst Groddeck, польск.: Godfryd Ernest Groddeck; 17621825, па іншых звестках 1826) — філолаг-класік нямецкага паходжання, спецыяліст па старажытных мовах, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Родам з Гданьска. Вучыўся ў Гётынгенскім універсітэце, які скончыў у 1786 годзе[2]. Доктар філасофіі. Быў выхавальнікам, затым бібліятэкарам князя Чартарыйскага ды ўсходазнаўца і пісьменніка В. І. Сянкоўскага. Меў вялікі горб, што адбілася ва ўспамінах сучаснікаў аб ім.

Заняўшы ў 1804 годзе кафедру класічнай філалогіі Віленскага ўніверсітэта, выкладаў старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы, антычную літаратуру. Член універсітэцкага цэнзурнага камітэта ў 1806—1814 гадах. Як вучоны і педагог аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне поглядаў І. Лялевеля і філаматаў[3]. Асабліва вядомы тым, што адхіліў магістарскую дысертацыю Адама Міцкевіча, — як мяркуюць, з-за неразборлівага почырку і арфаграфічных памылак.

Адначасова з 1804 года загадваў бібліятэкай універсітэта. Дзякуючы яму бібліятэка стала больш даступнай. З 1815 пачалася выдача кніг на дом супрацоўнікам універсітэта, студэнтам, служачым Віленскай навучальнай акругі, настаўнікам гімназіі. Бібліятэка была перанесеная ў Малую залу, дзе было абсталявана 90 чытацкіх месцаў. Па ініцыятыве Гродэка пачалося складанне каталогаў на картках — спачатку алфавітнага, затым сістэматычнага.

З 30 красавіка 1804 па 30 красавіка 1805 года быў рэдактарам газета «Gazeta Litewska». Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці віленскіх масонскіх ложаў.

Магіла Готфрыда Эрнста Гродэка ў В. Кіявец Валожынскага раёна (Беларусь).

Сябра Каралеўскага таварыства ў Гётынгене, майстар ложы «Zum Guten Hirten»[3]. Ганаровы сябра ложы «Паўночная паходня» ў Мінску, масон 7-й ст. у 1820; ганаровы сябра ложы «Шчаслівага Вызвалення» ў Нясвіжы, масон 7-й ст. у 1820, майстар ложы «Добры Пастар» у Вільні[3].

Незадоўга да смерці прыехаў у вёску Кіявец (недалёка ад Ракава) ва ўладанне Канстанцыі Ласкай з Гродэкаў. У час гэтай паездкі ён заразіўся пнеўманіяй і памёр праз некалькі дзён 11 красавіка 1825 года. Пахаваны на могілках у Кіявец (Беларусь)[4].

Аўтар мноства работ па класічнай археалогіі, літаратуры і гісторыі на лацінскай, нямецкай і польскай мовах. Артыкулы і рэцэнзіі публікаваў у розных перыядычных выданнях („Jenaische Allgemeine Literaturzeitung“, „Dziennik Wileński“, „Gazeta Literacka Wileńska“, „Tygodnik Wileński“, „Praeletiones in Universitate Literarum Caesoren Vilnensis“). Пісаў па пытаннях міфалогіі, мовы, літаратуры, гістарыяграфіі, нумізматыкі, педагогікі. Выдаваў са сваімі каментарамі сачыненні старажытнагрэчаскіх і рымскіх аўтараў.[2] Найважнейшыя працы:

  • „Über die Vergleichung der alten besonders greichischen mit der deutschen und neueren schönen Literatur“ (1788)
  • „Historiae Graecorum litterariae elemeta in usum lectionum coscrpsit“ (1811; другое выданне пад назвай „Initia historiae graecorum litterariae“ у двух тамах, 1821—1823).

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #116856696 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 24 красавіка 2014.
  2. а б VLE.
  3. а б в Швед, В. В. Гродэк Готфрыд Эрнст (Эрнэст) Багдан Веніямінавіч // Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн.. — Гродна: ГрДУ, 2007. — 275 с. — ISBN 978-985-417-866-0.
  4. На Воложинщине обнаружили могилу учителя Адама Мицкевича — Kraj.by