Гісторыя рускай мовы ва Украіне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Гісторыя рускай мовы ва Украі́не (укр.: історія російської мови в Україні) — гістарычныя падзеі адносна гісторыі Украіны, якія спрычыніліся да ўзнікнення носьбітаў рускай мовы на сучаснай тэрыторыі краіны.

Першыя згадкі пра наяўнасць на тэрыторыі сучаснай Украіны рускамоўнага насельніцтва адносіцца да невялікай этнічнай групы рускіхгаруноў, якія пасяліліся ў сучасным Пуціўльскім раёне Сумскай вобласці. Групы гэтых насельнікаў пасяліліся ва Украіне, верагодна, яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага або нават раней[1].

Перасяленне рускіх[правіць | правіць зыходнік]

Украінская мова на аўстра-венгерскіх і расійскіх тэрыторыях Украіны паводле перапісаў 1897—1910 гг.

Першыя хвалі расійскіх перасяленцаў ва Украіне прыпадаюць на канец XVI ст., калі расійскія перасяленцы пачалі займаць Слабажаншчыну (паўночны ўсход Украіны), прыходзячы на гэтыя тэрыторыі наўзамен татарскім плямёнам. Расійскія перасяленцы, аднак, былі ў меншасці ў параўнанні з украінцамі, якія ратаваліся ад жорсткіх умоў у сучаснай заходняй Украіне[2]. Іншае рускамоўнае насельніцтва пачало з'яўляцца пад канец XVII ст. на поўначы, поўдні і ўсходзе Украіны пасля паўстання Багдана Хмяльніцкага. Пасля Пераяслаўскага Савета, паводле якой поўнач і ўсход Украіны апынуліся ў складзе Маскоўскай дзяржавы, у цэнтральнай частцы Украіны крыху павялічылася дзель рускіх: так, у першую чаргу прыбыло некалькі тысяч салдат — у параўнанні, не-расійскае насельніцтва складала каля 1,2 млн чал.[2][3] Хоць колькасць расійскіх перасяленцаў ва Украіне заставаўся маленькім да XVIII ст., мясцовая арыстакратыя пачала пераходзіць на рускую мову як прэстыжную мову дзяржавы.

Пачынаючы з XVIII ст. вялікая колькасць рускіх перасялілася на нядаўна адваяваныя землі поўдня Украіны, вядомыя ў тагачаснай Расіі як «Наваросія» (літаральна Новая Расія). Да XVIII ст. гэтыя землі ў значнай ступені былі пустымі праз сталую пагрозу татарскіх набегаў, але па ліквідацыі татарскай дзяржаўнасці расійскія дваране атрымалі вялікія ўчасткі ўрадлівых зямель. Гэтыя землі араліся сялянамі-перасяленцамі і, нягледзячы на параўнальна вялікую колькасць этнічна расійскіх перасяленцаў, большую частку новых жыхароў Наваросіі склалі ўкраінцы[4].

У ХІХ ст. гарады тагачаснай Расіі, у тым ліку і ўкраінскія гарады, зазналі рэзкае павелічэнне свайго насельніцтва, рускія пачалі пераяжджаць у новыя індустрыяльныя гарады або гарады, што на той момант зведвалі рост. Гэты працэс выклікаў прцягненне найбуйнейшых гарадоў Украіны ў рускамоўнае грамадства, да пачатку ХХ ст. рускія былі самай буйной этнічнай групай амаль ва ўсіх вялікіх украінскіх гарадох: Кіеў (54.2%), Харкаў (63.1%), Адэса (49.09%), Мікалаеў (66.33%), Марыупаль (63.22%), Луганск (68.16%), Херсон (47.21%), Мелітопаль (42.8%), Днепрапятроўск (41.78%), Елізаветград (34.64%), Сімферопаль (45.64%), Ялта (66.17%), Керч (57.8%), Севастопаль (63.46%)[5].

Русіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

З паступовым ростам урбанізацыі грамадства ў ХІХ ст. украінскія жыхары сельскай мясцовасці пачалі перасяляцца ў гарады і, адпаведна, пераходзіць у рускамоўнае асяроддзе. Апрача таго, усе дзяржаўныя ўстановы і ўстановы культуры выкарыстоўвалі рускую мову, што таксама падштурхоўвала ўкраінцаў да выкарыстання рускай мовы.

Урад Расійскай імперыі спрыяў русіфікацыі не-расійскіх рэгіёнаў краіны і прыцісканню мясцовых кульутураў, што адбілася таксама на ўкраінскай мове. Асцерагаючыся росту ўкраінскага сепаратызму, які, на думку расійскіх чыноўнікаў, мог быць падтрыманым ростам украінскамоўных матэрыялаў у адукацыі, расійскі міністр унутраных спраў Пётр Валуеў у 1863 годзе выдаў указ, згодна з якім публікацыя рэлігійных і навучальных тэкстаў па-ўкраінску забаранялася[6]. Гэтая забарона была дапоўнена Эмскім указам, зацверджаным Аляксандрам II у 1876 годзе. Усе кнігі па-ўкраінску, тэксты песень і іх увоз трапілі пад забарону, акрамя гэтага, былі забаронены публічныя выступы, спектаклі і лекцыі па-ўкраінску[7]. У 1881 годзе палажэнні ўказу былі зменены, у выніку чаго паводле яго была знятая забарона на выданне тэкстаў і слоўнікаў па-ўкраінску, а таксама былі дазволены ўкраінскія тэатральныя пастановы ў выпадку ўхвалення мясцовых уладаў. Тым не менш, выключна ўкраінскамоўныя трупы засталіся забароненымі.

Па распадзе Расійскай імперыі і існаванні кароткатэрміновай украінскай дзяржаўнасці на ўкраінскіх трыторыях Расіі (гл. УНР, Украінская Дзяржава, Кубанская Народная Рэспубліка) ранейшае становішча рускай мовы ў гарадох захавалася нягледзячы на спробы палітыкі карэнізацыі. У сельскай мясцовасці руская мова ўжывалася пераважна толькі сярод перасяленцаў расійскага паходжання, колькасць якіх, зрэшты, была параўнальна маленькай.

Цягам некаторага часу ўкраінская дзяржаўнасць была ліквідавана, і амаль усе ўкраінскія тэрыторыі былой Расійскай імперыі трапілі ў склад савецкіх рэспублік (Украінская Народная Рэспубліка Саветаў, Данецка-Крыварожская Рэспубліка, УССР). У 1922 годзе ўкраінскія тэрыторыі былой Расійскай імперыі трапілі ў склад СССР, у якім, нягледзячы на заканадаўчую або канстытуцыйную адсутнасць дзяржаўнай мовы, пануючы статус захавала руская мова, якая дэ-факта набыла статус дзяржаўнай. У розныя перыяды існавання УССР украінская мова ў той ці іншай ступені зазнавала ціск (апроч перыяду карэнізацыі), што таксама прывяло да росту прэстыжу рускай мовы. Пачынаючы з 1930-х гадоў гэтаму асабліва спрыялі іднустрыялізацыя на ўсходзе Украіны, у выніку чаго пераважна ўкраінскамоўны ўсход Украіны стаў імкліва русіфікавацца праз плынь рускамоўных рабочых, што прыбывалі з іншых рэспублік СССР.

Сучасная Украіна[правіць | правіць зыходнік]

У незалежнай Украіне руская мова, незважаючы на адсутнасць у яе дзяржаўнага статусу, працягвае захоўваць прывілеяваны статус і шырокае распаўсюджанне ў гарадскіх і прамысловых рэгіёнах поўдня і ўсходу краіны, гэта значыць у рэгіёнах, дзе тэмпы русіфікацыі з'яўляліся найбольшымі.

Руская мова ў сучаснай Украіне мае статус мовы меншасці, з 2012 года па пачатку дзеяння ў краіне Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моў руская мова набыла рэгіянальны статус практычна ва ўсіх рэгіёнах паўднёвага ўсходу. У Аўтаномнай Рэспубліцы Крым руская мова мае афіцыйны статус поруч з украінскай і крымскататарскай па ўсталяванні крымскай аўтаноміі ў пачатку 1990-х гадоў.

Зноскі

  1. Климчук Ф. Д. Горюны: история, язык, культура. — Институт языкознания, Российская Академия Наук, 2004.
  2. 2,0 2,1 Slobidska Ukraine (укр.) . Энцыклапедыя Украіны ў інтэрнеце. Праверана 10 красавіка 2014.
  3. Orest Subtelny. Ukraine: A History. — University of Toronto Press, 2000. — 736 с.
  4. Ukraine (англ.) . Энцыклапедыя Britannica. Праверана 10 красавіка 2014.
  5. Дністрянський М.С. Етнополітична географія України. — Лівів: Літопис, видавництво ЛНУ імені Івана Франка, 2006. — С. 342. — ISBN 966-7007-60-4.
  6. Miller, Alexei. The Ukrainian Question. The Russian Empire and Nationalism in the Nineteenth Century. — Budapest-New York: Central European University Press, 2003. — ISBN 963-9241-60-1.
  7. Magoscy, R. A History of Ukraine. — Toronto: University of Toronto Press, 1996.