Дзераўная (Драгічынскі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Дзераўная, Драгічынскі раён)
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Дзераўная
017 - Odervanzi - See.jpg
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Ранейшыя назвы
Дырывная
Насельніцтва
звыш за 300 чалавек
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1644
Паштовы індэкс
225852
Аўтамабільны код
1
Дзераўная на карце Беларусі ±
Дзераўная (Драгічынскі раён) (Беларусь)
Дзераўная (Драгічынскі раён)
Дзераўная (Драгічынскі раён) (Брэсцкая вобласць)
Дзераўная (Драгічынскі раён)

Дзераўна́я[1] (трансліт.: Dzieraŭnaja, руск.: Деревная) — вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Імянінскага сельсавета. Размешчана за 18 кіламетраў ад Антопаля, за 25 км ад Драгічына і за 30 км ад Бярозы.

У вёсцы працуе васьмігадовая школа, дзейнічае сельскі дом культуры з кіназалай і сельскай бібліятэкай, ёсць свая лаўка, пошта і лазня, са школай суседнічае медыцынскі пункт — Дзераўнянскі ФАП. За школай раскінуўся вясковы парк, абсаджаны ўжо шматгадовымі тапалінымі дрэвамі па яго ўскрайку і маладымі рабінамі з дубам узжоўж акрая. У цэнтры парка размешчана футбольнае поле і валейбольная пляцоўка. Таксама на тэрыторыі парка ляжыць кацельня, якая топіць школу і сельскі клуб у халодны перыяд года.

Раней вёска мела сваю царкву, якая стаяла на невялікім узгорку ў колішнім цэнтры вёскі, які звалі і яшчэ сёння завуць Цвынтаром. Але з прыходам савецкай улады яе расцягнулі бульдозерамі і спалілі. Пасля гэтага царкву ніхто не аднаўляў, а вяскоўцы едуць — хто канём, хто на машынах — у суседнія вёскі Дзеткавічы, Зёлава, Субаты на вялікія царкоўныя святы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дакладная рэканструкцыя гістарычнага мінулага вёскі дастаткова цяжкая і ў некаторыя перыяды магчымая толькі з ускосных крыніц. Вядома, што ў старажытныя часы тэрыторыю засялялі плямёны дрыгавічоў.

У 1616 годзе на Брэстчыне адкрылася місія езуітаў. У 1620 годзе пры дапамозе Брэсцкага ваяводы Яўстафія Валовіча місія езуітаў была ператворана ў рэзідэнцыю, а ў складзе маёнтка Дзераўная з сёламі Мосткі і Меневеж быў утвораны езуіцкі калегіум. За адносна кароткі час дзякуючы падатковым прывілеям, укладам і каралеўскім дарам езуіты сталі ўласнікамі 269 сялянскіх гаспадарак Берасцейскага павета.[2].

На падворках вёскі…

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 года Дзераўная ў складзе Драгічыншчыны перайшла да Расійскай імперыі ў складзе Кобрынскага ўезду Слонімскай губерні. Пачынаючы з 1797 года вёска ў складзе Літоўскай губерні Расіі, а з 1801 года — ў Гродненскай.

У польскія часы вёска была маёнткам польскіх паноў. Пры Польшчы каля лесу пачаў будавацца піўны завод (магчыма завод алкагольных напояў), але пасля змены ўлады яго будаўніцтва было прыпынена, а цэглу жыхары вёскі разнеслі на будаўніцтва ўласных хат. У польскія часы ў месцы, якое сёння на вясковым дыялекце завецца Двор, быў закладзены батанічны сад з рэдкімі для Беларусі пародамі дрэваў. Непадалёку ад Двара ў сасняку знаходзіцца магільны склеп пані Завадскай. Невялікі бярозавы гай па правы бок ад Сукацкай дарогі носіць яе назву і завецца Паніна Бярэзіна (мясцовы дыялект: Паніна Бырызына).

У 1940—1954 гадах цэнтр Дзераўноўскага сельсавета Антопальскага раёна.

Наваколле[правіць | правіць зыходнік]

Тыповы ландшафт каля Новага Сяла

Наабапал амаль што кожнай прасёлачнай дарогі ў наваколлі вёскі цягнуцца ірвы, узнікшыя ў выніку асушэння балот мясцовасці. Па наваколлю вёскі раскідана шмат невялічкіх саджалак і азёр, назвы якіх вядомыя толькі на мясцовым дыялекце: Одырванцы, Кар'еры, Лужкы. З поўдня і захаду да самай вёскі падступае лес: хвойны (пераважна сасновы з невялікімі бярозавымі гайкамі) у напрамку дарогі на Сукачы, асінавы лісцвянік наабапал лясной дарогі на Дзеткавічы, бярозавы гай непадалёку ад Новага Сяла (частка і раён Дзераўной). Праз выганы і палі праходзіць Цэнтральны канал.

Флора і фауна[правіць | правіць зыходнік]

Тыповыя жыхары навакольнага лесу — воўк, дзік, ліса, заяц, лось, рысь, казуля, гадзюка звычайная, вуж, мядзянка. На палях шмат буслоў, курапатак. Буслы в'юць свае гнёзды на вясковых хатах і электрычных стаўпах. У невялікіх навакольных сажалках водзіцца пераважна срэбны карась.

Краснюкі

Большая частка навакольных лясоў — хваёвыя. Пераважныя пароды дрэў — сасна, бяроза, елка і дуб. Сасновы лес перамяжаецца з невялікімі па памерах дубравамі, ельнікамі і бярозавымі гаямі. Пачатак лесу па Дзеткаўскай дарозе сяляне называюць Гай (густы цёмны непраходны векавы лес з асінавым ускрайкам, які пераходзіць у ельнік). У гэту частку лесу менш за ўсё ступае нага вяскоўцаў. Сёння гэта адзінае месца ў наваколлі, дзе засталіся лясныя балоты. Але менавіта непраходны Гай хаваў насельніцтва вёскі ад нямецкіх карнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны і шмат каму выратаваў жыццё.

Летам у лесе з'яўляюцца лясныя ягады: чарніцы, брусніцы, суніцы, маліна. Растуць не ўсюды, а толькі на асобных, аблюбаваных раслінамі мясцінах. Бруснічныя паляны — у беразнячках пад Меневежам, за Сасноўкай і на Пагарэлым, маліна — ў Двары альбо ўздоўж заросшых хмызняком і чаротам каналаў. Бліжэй да восені пачынаецца грыбны сезон у вёсцы.

Геалагічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

У Дзераўной сустракаюцца ўсе тыпы звычайнай для Драгічынскага раёна глебы[3]: дзірванова-падзолістыя, сугліністыя, пясчаныя, супясчаныя і тарфяныя. Тарфянікі ляжаць у паўднёвым усходзе вёскі за лазняй на Выгане, паабапал Цэнтральнага і меншых каналаў без назваў. Зараз гэту зямлю выкарыстоўваюць як выган для ската і як пасяўную плошчу для загатоўкі сена і некаторых іншых кармоў. На Глінках за вясковым паркам — сугліністая глеба з высокай канцэнтрацыяй гліны. Пясчанікі і супясчанікі сустракаюцца ў сасновых лясах, напрыклад у Двары (гл. ніжэй). У самой вёсцы пераважна дзірванова-падзолістая глеба.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Дзераўная ўваходзіць у калгас «Радзіма». Асноўны від дзейнасці жыхароў вёскі — сельская гаспадарка. У калгасе ёсць свая жывёлагадоўчая ферма, з кароўнікам і свінарнікам. На калгасным двары размяшчаецца канюшня, ток. На ўскрайку вёскі стаіць млын.

Амаль што кожная сялянская сям'я трымае сваю карову. Большую частку малака сяляне здаюць за адпаведную аплату на перапрацоўку дзяржаўным прадпрыемствам. Частку малака малакавозы возяць раніцай і ўвечары на Бярозаўскі малочнаперапрацоўчы камбінат, частку адвозяць на перапрацоўку ў Драгічын.

Захад сонца над Дзераўной, від з дарогі на Імянін

У калгасе вырошчваецца бульба, збожжа, кармавы і цукровы бурак, лён, кукуруза, рапс. Лён вывозіцца на перапрацоўку ў Кобрынскі льназавод, збожжа на перапрацоўку ў Драгічын. Вядуцца лясныя вырубкі, некаторыя пароды дрэў ідуць на экспарт за мяжу, а таксама ў дрэваапрацоўчыя камбінаты і мэблевыя фабрыкі вобласці.

Цэнтральная сістэма апалу ў вёсцы адсутнічае, хаты топяць пры дапамозе звычайных цагляных печак. Амаль што ў кожным жылым будынку стаіць дзве печы: груба і вялікая печ з прыпечкам, комінкам і запечкам. Топяць пераважна дровамі, клопаты па загатоўцы якіх ляжаць на плячах самога вяскоўца. Дровы прывозяць з навакольнага лесу канём, на дровы ідзе сухастой і галлё. Кое-хто выпісвае дровы ў лясніцтве сельсавета. У якасці паліва таксама выкарыстоўваецца торф.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Дзераўная не ляжыць на буйных транспартных шляхах. У пяці кіламетрах ад вёскі (Дзеткавіцкі напрамак) праходзіць раённая дарога Антопаль — Бяроза. З раённым цэнтрам Дзераўная звязана аўтобусным маршрутам Драгічын — Мосткі, аўтобус ходзіць двойчы ў суткі, на досвітку і ўвечары. Звычайна гэта аўтобус ЛАЗ-695. З нядаўняга часу па выхадных уведзена маршрутнае таксі Брэст — Дзераўная. З Дзераўной ідуць дарогі на Мосткі (1км), Сукачы (3км), Субаты (6км) і Імянін (10км), Дзеткавічы (5км). Лясныя дарогі вядуць на Меневеж, Адзірванцы, Рашынь.

Назвы вясковых мясцін[правіць | правіць зыходнік]

Возера пад Адзірванцамі

Некаторыя назвы мясцін у наваколлі вёскі немагчыма знайсці на картах, яны перадаюцца вяскоўцамі вусна з пакалення ў пакаленне. Гэта Лужкі (Лужкы) — месца за могілкамі, магчыма некалі там стаяў хутар; Двор (Двір) — ускраек і пачатак лесу паабапал Сукацкай дарогі з лясной палянай, былая панская сядзіба; Радынь — сёння поле ў Імянінскім напрамку, магчыма таксама ранейшы хутар; Бровар — месца ў лесе за Дваром, дзе палякі пачалі будаваць піўзавод; Курачы — месца за калгасным комплексам; Сабачыя могілкі (Собаччы моглыцы) — частка лесу па правы бок Сукацкай дарогі; Паповая Гара (Попова Гора); Паніна Бярэзіна (Паніна Бырызына); Сасноўка (Сосныўка) — частка сасновага лесу наабапал лясной дарогі на Рашынь; Серанец (Сірынец) — месца за могілкамі да Лужак, дзе таксама хаваліся вяскоўцы ў час Вялікай Айчыннай вайны ад немцаў; Глінкі (Глынкы) — месца з гліністай глебай за вясковым паркам каля Новага Сяла, дзе жыхары вёскі бралі і ўсё яшчэ бяруць гліну на пабудову хат і іншых будынкаў; Канец (Конец) — заходні ўскраек вёскі да скрыжавання Дзеткаўскай і Сукацкай дарогі; Пагарэлае (Погорілэ) — беразняк каля лясной дарогі на Адзірванцы і Меневеж, дзе раней стаяў хутар; Маразы (Морозы) — часка вёскі ад Цвынтару да выгану на ўсходзе; Поплаў (Поплав); Кладка — месца каля драўлянай кладкі праз Цэнтральны канал; Пясок (Пысок) — частка сасновага лесу з пясчанай глебай пад Сукачамі да Сукацкіх кар'ераў, грыбное месца, на якім восенню збіраюць залёнкі і падзялёнкі.

Экалагічная сітуацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Драгічыншчына раптоўна апынулася ў спісе небяспечных раёнаў з павялічаным радыёактыўным фонам. Сёння пляма радыёактыўнага забруджання цягнецца па Драгічынскаму раёну трыма кроплямі з поўдня на поўнач. Пачынаецца яна з 5-7 кіламетровай паласы ў Радаставе, звужаецца каля Дняпроўска-Бугскага канала, зноў пашыраецца каля Палескай чыгункі і потым клінам ідзе ў Белаазёрска-Бярозаўскім напрамку [4]. Усё гэта зямля, забруджаная цэзіем-137. Вёску Дзераўная гэтая пляма абступала ў 1990 гады з усіх бакоў, але саму вёску не пакрывала, паселішча нібыта астраўком стаяла ў кальцы радыяцыйнай забруджанасці. Згодна аналізу навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут радыялогіі», у Драгічынскім раёне толькі Дзераўная і Галоўчыцы належаць да населеных пунктаў з самай невялікай ступенню ёдадэфіцыту (Крыніца: [1] старонка 32).

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Адзірванскае возера

Цэнтральная вуліца вёскі — асфальтаваная. Таксама асфальтаваная дарога з Мостак да цэнтру сельсавета — Імяніна. Лясныя дарогі на Дзеткавічы і Сукачы пасыпаны гравіем.

Месцамі адпачынку вяскоўцаў (асабліва моладзі), а таксама тых, хто прыязджае ў вёску проста так ці да сваіх бацькоў, з'яўляюцца Імянінскае возера і Адзірванскае возера. На вялікія святочныя падзеі — дзень вёскі, дажынкі, Новы год — вяскоўцы збіраюцца ў Дзераўнянскім сельскім клубе.

Насельніцтва вёскі пераважна беларускага паходжання, ёсць таксама шмат перасяленцаў з Расіі, Украіны. Летам на заработкі ў вёску прыязджаюць украінцы з Валыні і іншых мясцін.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. http://city.brest.by/article_in.php?tc=3&tc2=27&id=69
  3. http://brestobl.net/maps/07drogic/index.html
  4. http://www.bfrir-pinsk.org/docs/passport/pBrest05.pdf

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]