Дорсет (культура)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Археалагічная культура · Арктыка
Дорсет
Каменны век
Dorset longhouse.jpg
Рэшткі жытла носьбітаў культуры Дорсет
Лакалізацыя Грэнландыя, Канада
Датаванне сярэдзіна 1 тысячагоддзе да н.э.— сярэдзіна 2 тысячагоддзе н.э.
Носьбіты палеаэскімосы
Тып гаспадаркі паляванне, рыбалоўства
Пераемнасць:
Індэпэндэнс I

Культура Дорсет (англ.: Dorset culture, дацк.: Dorset-kulturen, фр.: Culture de Dorset) — археалагічная культура палеаэскімосаў. Існавала ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. - сярэдзіне 2 тысячагоддзя н. э. Ахоплівала Грэнландыю, Канадскі Арктычны архіпелаг, прыбярэжныя раёны на поўдзень ад яго, у тым ліку паўвостраў Лабрадор і востраў Ньюфаўндленд.

Атрымала назву паводле абшчыны мыс Дорсет у Нунавуце (Канада), дзе была знойдзена ў 1925 г.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Генетычныя даследаванні 2010 г. паказалі, што прадстаўнікі культуры Дорсет паходзяць з Сібіры і не звязаны з сучаснымі эскімосамі Канады і Грэнландыі, якія бяруць пачатак ад культуры Туле[1]. Група дорсетцаў сфарміравалася каля 4500 гадоў таму і мела толькі 1 жанчыну ў якасці продка. Іх колькасць ніколі не была вялікай — каля 3000 на тэрыторыі Канады і 1000 на тэрыторыі Грэнландыі. Даследчыкі адзначаюць надзвычайную ізаляванасць дорсетцаў ад іншых народаў Паўночнай Амерыкі, што, магчыма, тлумачыцца іх рэлігійнымі вераваннямі.

Археолагі адзначаюць, што культура Дорсет сфарміравалася на тэрыторыі паўночнай Канады на аснове так званай прэ-Дорсетскай археалагічнай культуры 2000 - 500 гг. да н. э.[2] Для яе былі характэрны тэхналогіі выкарыстання мікралітаў[3]. Прэ-дорсетцы займаліся вандроўным паляваннем на марскіх і сухапутных звяроў, птушак. Жылі невялікімі абшчынамі ў круглявых, відавочна скураных жытлах накшталт тыпі.

У перыяд 800 - 500 гг. да н. э. у паўночным паўшар'і адбылося пахаладанне клімату[4], што прывяло да далейшай адаптацыі прэ-дорсетцаў да ўмоў Арктыкі і ў выніку — да фарміравання культуры Дорсет.

Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

Прынята вылучаць тры асноўныя перыяды[5][6] ў існаванні археалагічнай культуры Дорсет:

  • Ранні (500 г. да н. э. - пачатак нашай эры, або 800 да н. э. - пачатак нашай эры), звязаны з распаўсюджаннем тыповых прыкмет культуры Дорсет, яе пранікненнем ў Грэнландыю.
  • Сярэдні (пачатак нашай эры - 500 г. н. э., або пачатак нашай эры - 600 н. э.), звязаны з прыстасаваннем да новага пахаладання. Не прадстаўлены ў Грэнландыі.
  • Позні (з VI ст. н. э.) — росквіт культуры і яе заняпад.

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Прыклад мастацкай разьбы культуры Дорсет

У адрозненні ад сваіх папярэднікаў, прадстаўнікі археалагічнай культуры Дорсет былі ў большай ступені скіраваны на эксплуатацыю багатых марскіх рэсурсаў, таму іх стаянкі найчасцей сустракаюцца непасрэдна каля ўзбярэжжа. Вывучэнне ранніх дорсетскіх паселішчаў у Грэнландыі паказала, што большасць касцяных рэштак належыла ластаногім, хаця трапляліся рэшткі птушак, карыбу і белых мядзведзяў[7]. У позні перыяд 80% рэштак наземных жывёл належылі пясцам[8], якіх здабывалі з-за футра. Дорсетскія стаянкі на Ньюфаўнлендзе ўтрымоўвалі складаныя нажы і скрэблы для апрацоўкі кітовых скур[9].

Асноўнымі матэрыяламі для прылад працы былі косць, камень, радзей драўніна[10]. Дорсетцы апрацоўвалі пераважна плоскі пясчанік і агат. Яны сустракаліся вельмі рэдка, і іх наяўнасць сведчыць пра шырокую сетку абменаў паміж абшчынамі. Разам з нажамі і скрэбламі знойдзены дзяржальні з жолабамі для крыві забітай жывёлы, навершы гарпуноў, элементы пастак. Мяркуецца, што носьбіты культуры Дорсет выраблялі лёгкія санкі, якія цягнулі самастойна без дапамогі сабак, а таксама каркасныя лодкі[11]. Захаваліся разныя мастацкія вырабы з косці і талькахларыта ў выглядзе жывёл, людзей, абстрактных фігур, але яны больш адметны ў позні перыяд.

Для дорсетскіх стаянак характэрны доўгія хаціны — зямлянкавыя каркасныя жытлы на каменнай платформе, крытыя дзёрнам. Яны выкарыстоўваліся ўзімку, меркавана адной сям'ёй. Ацяпляліся і асвятляліся стэарынавымі свяцільнямі, што пазбаўляла ад залежнасці ад рэдкіх запасаў драўніны. Магчыма, што дорсетцы ведалі пабудову часовых зімовых снежных хацін накшталт іглу. Захаваліся рассеянныя каменныя фундаменты часовых летніх хацін. Паселішчы былі невялікія. Відавочна дорсетцы праводзілі зімовы сезон разам, а ў цёплыя месяцы падзяляліся на малыя вандроўныя групы. Прысутнасць свойскай жывёлы, нават сабак, не заўважна.

Знікненне[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1 тысячагоддзя н. э. у паўночным паўшар'і пачаўся новы перыяд пацяплення, што падштурхнула новыя хвалі міграцыі ў Арктыку. У VIII - IX стст. прадстаўнікі позняй археалагічнай культуры Дорсет занялі паўночныя астравы Канадскага Арктычнага архіпелага, поўнач і паўночны ўсход Грэнландыі[12]. Назіраўся росквіт іх мастацтва. Разам з гэтым, пачалося перасяленне індзейцаў ў лясныя раёны паўвострава Лабрадор і вострава Ньюфаўндленд[13]. У канцы X ст. група нарманаў з Ісландыі заснавала 2 буйныя паселішчы на поўдні і паўднёвым захадзе Грэнландыі. Нарманамі таксама рабіліся спробы каланізацыі Вінланда[14], які мог уваходзіць у рэгіён распаўсюджання культуры Дорсет. У дорсетскіх паселішчах Канадскага Арктычнага архіпелага знойдзены некаторыя рэчы, якія маглі быць выраблены скандынавамі[15], аднак ніякіх звестак пра шырокія кантакты, ваенныя сутычкі або гандаль паміж еўрапейскімі і палеэскімоскімі пасяленцамі не маецца. Нягледзячы на гэта, высоўваецца гіпотэза пра тое, што носьбіты культуры Дорсет маглі пацярпець ад захворванняў, завезеных з Еўропы[16].

Знікненне культуры Дорсет супадае з распаўсюджаннем больш развітай культуры Туле, што належыла продкам сучасных інуітаў. На большасці раней занятых тэрыторый культура Дорсет знікла паміж 1150 г. і 1350 г.[17] У некаторых прыбярэжных раёнах Лабрадора носьбіты Дорсет маглі існаваць да XV ст.[18] Але ў выніку іх землі былі заняты продкамі інуітаў. Не вядома, ці прывялі да гэтага прамыя канфлікты паміж носьбітамі Туле і Дорсет, або ўзаемная канкурэнцыя за абмежаваныя рэсурсы Арктыкі. Думка некаторых археалагаў пра магчымасць узаемадзеяння паміж прадстаўнікамі дзвюх культур і ўплыву носьбітаў Дорсет на носьбітаў Туле ў нашы дні падвяргаецца сумневу[19]. У інуітаў захаваліся паданні аб туніт — дужых і палахлівых людзях, якія папярэднічалі міграцыі іх продкаў[20]. Некаторыя вучоныя атаесамляюць туніт з прадстаўнікамі культуры Дорсет.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]