Духоўная лірыка
Духо́ўная лі́рыка — фальклорныя i аўтарскія вершы i песні на рэлігійную тэматыку.
Гісторыя духоўнай лірыкі
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ ў перыяд Кіеўскай Русі на Беларусі вандроўныя лірнікі, жабракі-старцы выконвалі духоўныя песні, у аснове якіх былі сюжэты агіяграфічных i апакрыфічных твораў, старазапаветных i евангельскіх паданняў i міфаў.
Беларуская духоўная лірыка
[правіць | правіць зыходнік]Духоўныя песні на беларускай мове выконваліся ва ўніяцкіх храмах у 1596—1839 гг. (у перыяд існавання уніяцтва як асобнай канфесіі), часам уключаліся i ўключаюцца дагэтуль (асабліва ў ХХ ст., у перыяд нацыянальнага адраджэння) у багаслужбу ў касцёлах, цэрквах, пратэстанцкіх малітоўнях (побач з песнямі на польскай, рускай i стараславянскай мовах). Сярод іх вылучаюцца духоўныя гімны, як, у прыватнасці, гімн «Магутны Божа» (словы Н. Арсенневай, музыка М. Равенскага. Першыя з вядомых аўтарскіх духоўных вершаў напісаў Ф. Скарына i змясціў у некаторых сваіх прадмовах i пасляслоўях да перакладу Бібліі («Богу в Троици единому ко чти и ко славе», «Веруй в Бога единого», «Помни дни святые святити»). Шырокую вядомасць у свой час атрымалі напісаная па-беларуску ў элегічным стылі лірычная ананімная паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620), верш А. Філіповіча «Даруй пакой царкве сваёй, Хрысце Божа» (1646). Свайго найвышэйшага ўздыму духоўная лірыка знайшла ў асобе С. Полацкага, які i ў беларускі перыяд творчасці, i пасля пераезду ў Маскву (1664) неаднаразова звяртаўся да рэлігійнай тэматыкі, у прыватнасці выдаў «Псалтирь рифмованную» — пераклад рыфмаваным вершам старажытных псалмоў.
Духоўная лірыка ў пэўнай ступені знайшла пашырэнне ў новай, а таксама ў сучаснай беларускай літаратуры. З'явіліся прафесійныя аўтары духоўнай лірыкі, пераважна святары, — К. Сваяк, В. Адважны і інш. Рэлігійную тэматыку ў сучаснай паэзіі Беларусі распрацоўваюць Р. Барадулін, І. Багдановіч, Т. Бондар і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.