Магутны Божа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Магутны Божа
Мова песні беларуская
Кампазітар
Партытура гімна на магіле Міколы Равенскага

«Магу́тны Бо́жа», аўтарская назва «Малі́тва» — верш Наталлі Арсенневай, напісаны ў 1943 годзе. У 1947 годзе кампазітар Мікола Равенскі паклаў вершы на музыку і пад назвай «Магутны Божа» яны сталі рэлігійным гімнам беларускага эмігранцкага руху. На пачатку 1990-х гадоў «Магутна Божа» прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі[1]. Твор набыў новую папулярнасць у грамадстве са жніўня 2020 года на фоне масавых пратэстаў у Беларусі.

Тэкст

У тэксту гімна «Магутны Божа» ёсць некалькі варыянтаў. Найбольш прынцыповае адрозненне ў словах перадапошняга радка: «Зрабі свабоднай…» або «Зрабі магутнай…»[2]. Ніжэй пададзены два асноўныя варыянты тэксту.

Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхой і ветлай
рассып праменьне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай
на хлеб штодзённы, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
у нашу праўду, у прышласьць — дай!
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
краіну нашу і наш народ![3]

Магутны Божа! Уладар сусьветаў,
вялікіх сонцаў і сэрц малых!
Над Беларусяй[4], ціхай і ветлай,
рассып праменьні свае хвалы.
Дай спор у працы штодзённай, шэрай,
на лусту хлеба, на родны край,
павагу, сілу і веліч веры,
у нашу праўду, у прышласць — дай!
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот!
Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай
краіну нашу і наш народ![5]

Удзел у конкурсе на Дзяржаўны гімн

Пасля таго, як 19 верасня 1991 года ў якасці дзяржаўных сімвалаў былі зацверджаны герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, паўстала пытанне пра новы Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым Міністэрства культуры абвясціла адпаведны конкурс, які павінен быў прайсці ў два этапы: з 15 кастрычніка да 1 снежня 1991 года і з 1 снежня 1991 года да 1 студзеня 1992 года. Абвяшчэнне конкурсу выклікала ажыятаж сярод грамадскасці: паступіла звыш 300 варыянтаў новага гімна, з якіх да 1 студзеня 1992 года журы адабрала 50 найлепшых[6]. Яшчэ праз паўгады спіс кандыдатаў звузіўся да сямі твораў: трох класічных («Пагоня», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Магутны Божа»), трох сучасных («Жыве Беларусь!», «Радзіма Беларусь», «Не пакіне Бог нашу Беларусь») і аднаго чыста інструментальнага. Тэксты гімнаў былі апублікаваны 15 ліпеня 1992 года ў «Народнай газеце»[7], а 20 ліпеня ўсе сем твораў трансляваліся па радыё[6]. Прапанаваныя варыянты дзяржаўнага гімну выклікалі бурную рэакцыю сярод чытачоў і слухачоў, якія засыпалі журы лістамі з ухваленнем або абурэннем тым ці іншым кандыдатам[6].

Паколькі ніякіх сацыялагічных звестак па конкурсе не захавалася, то адзінай крыніцай, на якую можна абапірацца, з’яўляюцца наяўныя ў Нацыянальным архіве лісты чытачоў у падтрымку таго ці іншага варыянту гімну. Паводле гэтага крытэрыю гімн «Магутны Божа» атрымаў трэцяе месца[6]:

Аднак на гэтым пытанне з абраннем Дзяржаўнага гімну не было закрыта: працэс працягваўся яшчэ амаль тры гады, і на розных этапах на першы план выходзіў то адзін, то іншы твор. Кропка была пастаўлена 20 красавіка 1995 года, калі журы і парламенцкая камісія большасцю галасоў прагаласавалі за гімн «Магутны Божа»[8]. У выніку было прынята наступнае рашэнне[6]:

  • лічыць, што для Дзяржаўнага гімна найбольш падыходзіць песня Мікалая Равенскага на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа»;
  • прасіць Кабінет Міністраў забяспечыць штодзённую трохмесячную трансляцыю песні для азнаямлення па радыё і тэлебачанні ў зручны для слухачоў і гледачоў час;
  • унесці пытанне аб новым Дзяржаўным гімне на наступную сесію Вярхоўнага Савета.

Тым не менш, Вярхоўны Савет 12 склікання не толькі не зацвердзіў новы Дзяржаўны гімн, але нават не ўносіў гэта пытанне ў парадак дня[6].

У палітычным крызісе 2020-х гадоў

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў схопленых пратэстоўцаў, гімн «Магутны Божа» шматкроць спявалі ў розных месцах — на прыступках Белдзяржфілармоніі[9], у Вялікім тэатры оперы і балета[10], гандлёвых цэнтрах Dana Mall[11], Green City[12], «Галілеа»[13], «Сталіца»[14], на Камароўскім рынку[15] і чыгуначным вакзале[16] ў Мінску і іншых.

14 жніўня 2020 года хор духавенства Гродзенскай епархіі спеў гімн у падтрымку беларускага народа на прыступках Пакроўскага сабора[17]. У адказ расійскія чарнасоценскія арганізацыі ад імя праваслаўнага Брацтва імя Святога раўнаапостальнага князя Уладзіміра (без яго ведама) звярнуліся да патрыярха Кірыла з просьбай зняць з гродзенскай кафедры архіепіскапа Арцемія, бо, на думку аўтараў заявы, сярод духавенства Гродзенскай епархіі распаўсюджваюцца нацыяналістычныя ідэі, заснаваныя на русафобіі, спевы нацыяналістычнага гімна «Магутны Божа», падтрымліваюцца пратэсты ў Беларусі, прапаведуецца ідэалогія «змагарства»[18]. 14 кастрычніка 2020 года новапастаўлены мітрапаліт Веніямін раіў не спяваць у цэрквах «Магутны Божа», бо, на яго думку, гэта гімн свецкага характару і раздзяляе грамадства[19]. Заява мітрапаліта выклікала абурэнне грамадства. 15 кастрычніка 2020 года прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін патлумачыў, што мітрапаліт не рабіў праграмнай заявы на ўсю краіну і не ішло пра забарону выконваць «Магутны Божа», а тычылася найперш ужывання гімна ў богаслужэбным кантэксце[20].

Выкананне 13 лістапада 2020 года гімна «Магутны Божа» каля архікафедральнага касцёла ў Мінску

У 2020 годзе гімн увайшоў у патрыятычны музычны альбом «Годныя песні» Вольнага хора, прысвечаны забітаму ў час пратэстаў Раману Бандарэнку і ўсім беларусам, якія змагаюцца за сваю свабоду[21].

У адказ на ліст Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей з заклікам да канфесій арганізаваць «малітву за Беларусь» ва ўсіх храмах краіны 3 ліпеня 2021 года, калі адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі, прыняты паводле прапановы Аляксандра Лукашэнкі на рэферэндуме 1996 года, 16 чэрвеня Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі апублікавала[22] афіцыйны заклік маліцца ў гэты дзень у касцёлах пра адзінства і мір у Беларусі ды пра тое, каб рашэнні, якія прымаюцца цяпер «не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагоддзі», у канцы імшы было прапанавана выканаць гімн «Магутны Божа». Напярэдадні свята, 2 ліпеня, прамаўляючы на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі, А. Лукашэнка выступіў з пагрозай у адрас Касцёла[23]:

" І ў апошні час сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты пра тое, што ў касцёлах хочуць памаліцца (заўтра, ці то сёння) пад «магутны божа». Глядзіце – нарвяцеся.

"

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі выказаўся з гэтай нагоды:[24]

"

Гімн «Магутны Божа» гэта перш за ўсё малітва за нашу бацькаўшчыну і за наш народ. Кожная малітва нясе ў сабе неверагодную сілу і здольная зрабіць нават вялікія цуды. Калі ж пэўная малітва мае вялікую моц, то і д’ябал будзе змагацца з ёй з найбольшай сілай і рабіць шматлікія перашкоды, каб людзі гэту малітву не ўжывалі.

"

У альбомах

Год Альбом Спасылкі
2000 «Я нарадзіўся тут» [25]
2006 «Дыхаць!» [26]
2015 «Наша песня» [27][28]
2020 «Годныя песні» [29]

Зноскі

  1. «Магутны Божа», «Маладая Беларусь» і «Паланэз» Агінскага . «Новы час». Праверана 1 ліпеня 2018.
  2. Гімн «Магутны Божа»: «зрабі магутнай» ці «зрабі свабоднай» (недаступная спасылка). «Krynica.info». Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2021. Праверана 1 ліпеня 2018.
  3. Натальля Арсеньнева: Малітва (недаступная спасылка). «Родныя вобразы». Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2021. Праверана 1 ліпеня 2018.
  4. Licentia poetica: слушная граматычная форма слова «Беларусь» у творным склоне — «Беларуссю».
  5. "Магутны Божа" . «Радыё свабода». Праверана 1 ліпеня 2018.
  6. а б в г д е Аляксандр Кур’яновіч.. «Магутны Божа», «Маладая Беларусь» і «Паланэз» Агінскага . Сайт «Новы час» (4 верасня 2017). Праверана 12 ліпеня 2021.
  7. Беларускія песні і гімны 2012, с. 157—158.
  8. Дмитрий Корсак.. Такие песни любят не по распоряжению правительства. Историк про гимны Беларуси (руск.)(недаступная спасылка). Сайт «Onliner.by» (13 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2021. Праверана 12 ліпеня 2021.
  9. Белдзяржфілармонія падтрымала акцыі пратэсту(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2021. Праверана 29 студзеня 2022.
  10. Отъезд Алексиевич, штраф главреду «Нашай Нiвы», акции в микрорайонах. Что происходило 28 сентября Архівавана 30 верасня 2020.
  11. Люди поют «Магутны Божа» на акции солидарности в ТЦ Dana Mall в Минске
  12. Люди спели «Магутны Божа» и гимн «Пагоня» в ТЦ Green City в Минске
  13. В столичном ТРЦ Галилео люди спели «Магутны Божа» и «Пагоня».
  14. Как красиво! Поют «Погоню» в ТЦ Столица. С Днём независимости! | протесты в Беларуси 2020
  15. Люди поют «Магутны Божа» и «Пагоню» на Комаровском рынке
  16. Люди спели «Магутны Божа» и гимн «Пагоня» на ЖД вокзале в Минске
  17. «Магутны Божа» у падтрымку беларускага народа
  18. На беларускага архіепіскапа, які выступіў за Праўду, пачаліся нападкі Архівавана 26 кастрычніка 2020.
  19. Кіраўнік БПЦ Веніямін рэкамендаваў не выконваць у цэрквах «Магутны Божа»
  20. У БПЦ метафарычна патлумачылі, чаму забаранілі «Магутны Божа»
  21. «Вольны хор» прэзентаваў унікальны альбом «Годныя песні». 16-11-2020
  22. Паведамленне Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 16.06.2021
  23. Лукашенко об организаторах терактов: они перешли черту. 02 июля 2021
  24. facebook.com
  25. Я Нарадзіўся Тут (Супольны Музычны Праект) – Я Нарадзіўся Тут (Фотаальбом). Сайт «Discogs». Праверана 15 лютага 2021.
  26. Various – Дыхаць!. Сайт «Discogs». Праверана 15 лютага 2021.
  27. WZ-Orkiestra & Змiцер Вайцюшкевiч* – Наша Песня. Сайт «Discogs». Праверана 15 лютага 2021.
  28. Выйшаў новы альбом Вайцюшкевіча «Наша песьня» (аўдыё) . Сайт «Тузін Гітоў» (25 чэрвеня 2015). Праверана 15 лютага 2021.
  29. «Вольны хор» прэзентаваў унікальны альбом «Годныя песні»

Літаратура

Спасылкі