Ева Вежнавец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ева Вежнавец
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1972
Месца нараджэння
Грамадзянства
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца, журналістка
Узнагароды

Ева Вежнавец, сапраўднае імя Святлана Курс (нар. 1972, в. Загалле, Любанскі раён) — беларуская пісьменніца, журналістка.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Працавала ў «Нашай Ніве», потым 13 год на «Еўрарадыё». Галоўная рэдактарка часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек» (1996—1999). Аўтарка выданняў «Наша Ніва», «Свабода», «ARCHE», «Наша гісторыя», «Дзеяслоў», арт-праекта «Партызан», радыё «Свабода» і «Еўрарадыё», тэлеканала Белсат (1999—2020).

Жыве ў Польшчы. У 2020 годзе стала дапамагаць сталым людзям у сувязі з пандэміяй каранавірусу[1].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Піша прозу.

У першым нумары часопісу «Arche» ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданне «Мы два Хохлікі».

Суаўтарка зборніка практык тэатральных і вулічных хэпенінгаў «Свабода без цябе» (2003).

У зборніку апавяданняў «Шлях дробнай сволачы» (2008) Ева Вежнавец вывела галерэю нетыповых жаночых вобразаў. Яе моцныя, трывалыя гераіні шукаюць саміх сябе, спрабуюць выжыць у краіне «дробнай сволачы» і гатовыя на выпрабаванні.

У 2015 годзе ў Нашай Ніве апублікавала сваё апавяданне «Параска і яе чорны бык», не пад псеўданімам, а пад сапраўдным прозвішчам[2].

Як перакладчыца супрацоўнічае з Інстытутам Тэатральным імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве (2019). Дзяячка, аўтарка і перакладчыца Таварыства Маладых Творцаў «Да Тэатра» ў Познані.

У 2020 стала адной з дзвюх першых аўтарак выдавецкага праекта Святланы Алексіевіч «Пфляўмбаўм»[3], у межах якога выйшла аповесць «Па што ідзеш, воўча?» (2020). Жанр яе акрэслены як «балотная казка». Галоўная гераіня, алкагалічка сярэдніх гадоў, займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе і з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабулі-варажбіткі ў беларускую глушэчу. Тут ёй наканавана выправіць старыя грахі, пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

«Шлях дробнай сволачы» (Мінск, «Логвінаў», 2008)

«Па што ідзеш, воўча?» (Мінск, «Пфляўмбаўм»/ Цымбераў, 2020, «Пфляўмбаўм»/ «Альфа кніга», 2022)

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Стыпендыятка літаратурнай рэзідэнцыі Villa Aurora und Thomas Mann House, фінансаванай Міністэрствам замежных спраў і дзяржаўным упаўнаважаным па культуры Федэратыўнай Рэспублікі Германія (2013). Лаўрэатка Творчага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» (2018).

Уганараваная Прэміяй Ежы Гедройца за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове за кнігу «Па што ідзеш, воўча?» (2020).

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]