Кампаніла сабора Святога Марка
Кампаніла сабора Святога Марка (італ.: Campanile di San Marco) — звонавая вежа сабора Святога Марка ў Венецыі. Знаходзіцца на плошчы Сан-Марка.
Упершыню на гэтым месцы ў VIII стагоддзі была пабудавана гадзіннікавая вежа.
У сённяшнім выглядзе званіца была пабудавана ў 1514 годзе. Вежа служыла вартаўнічай вежай і маяком для караблёў, якія ўваходзілі ў лагуну.
Вежа вышынёй амаль 100 метраў, складалася з:
- трывалай цаглянай шахты, якую ў Сярэднявечча выкарыстоўвалі як умяшчальню для катавальнай клеткі;
- звонавай пляцоўкі, на якой размяшчаецца пяць званоў. Кожны са званоў меў сваё прызначэнне. Самы вялікі, пад назвай «Мараньёна», заклікаў людзей на працу рана раніцай і званіў падчас абеду;
- пляцоўкі агляду.
Вежа ўвянчана пірамідальным шпілем з флюгерам у выглядзе залатога анёла, які быў устаноўлены напачатку XVI стагоддзя.
Побач са званіцай размяшчаецца ладжэта, у якой размяшчалася ахова Палаца Дожаў. Ладжэта была пабудавана Джакапа Сансавіна.
14 ліпеня 1902 года званіца цалкам абрынулася. Прычынамі падзення сталі землетрасенні, удары маланак і агульны знос пабудовы. Пры падзенні вежа разбурыла таксама і ладжэту. Цікава, што пры разбурэнні вежы не пацярпеў ніводны чалавек. Было вырашана аднавіць вежу, у дакладнасці паўтарыўшы вонкавы выгляд і ўзмацніўшы канструкцыю. Адноўленая званіца была адкрыта ў Дзень Святога Марка 25 красавіка 1912 года.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Giulio Lorenzetti, Venezia e il suo estuario, Trieste, Edizioni Lint, 1963. ISBN 88-86179-24-3
- Giuseppe Tassini, Curiosità veneziane, Venezia, Filippi editore, 1988.
- AA.VV., Il campanile di San Marco - Il crollo e la ricostruzione, Milano, Silvana editoriale, 1992. ISBN 88-366-0399-8
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кампаніла сабора св.Марка