Перайсці да зместу

Касмічная біялогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Касмічная біялогія (касмабіялогія) — навука, якая вывучае магчымасці жыцці ва ўмовах касмічнай прасторы і пры палётах на касмічных лятальных апаратах, а таксама прынцыпы будовы біялагічных сістэм забеспячэння жыццядзейнасці членаў экіпажаў касмічных караблёў і станцый. Разглядае адсутнасць уплыву на арганізм сілы цяжару, магчымасць існавання арганізмаў у вакууме, наяўнасць, распаўсюджанне, асаблівасці і эвалюцыю жывой матэрыі ў Сусвеце (экзабіялогія). Выкарыстоўвае дасягненні розных раздзелаў біялогіі, астраноміі, геафізікі, радыёэлектронікі і інш[1].

У касмічнай біялогіі вылучаюцца: гравітацыйная біялогія, касмічная мікрабіялогія, фізіялогія, генетыка, біятэхналогія. У эксперыментах касмічнай біялогіі выкарыстоўваюць больш за 60 відаў біялагічных аб'ектаў (ад вірусаў да сысуноў)[1].

Ксенабіялогія — прыватны від касмічнай біялогіі, займаецца вывучэннем магчымасці разумнай жыцці ў космасе; назва паходзіць ад грэчаскага «ксенас» — чужы, чужародны.

У 1834 годзе Ё. Я. Берцэліус даследаваў вугляводзістыя сляды ў каменных метэарытах.

Праблема населенасці Сусвету асвятлялася ў працах К. Э. Цыялкоўскага.

У 1940—1960-х гадах уведзены навуковыя паняцці «астрабіялогія» і «астрабатаніка» (Г. А. Ціхаў), «экзабіялогія» (Дж. Ледэрберг). Практычная работа па касмічнай біялогіі ў СССР пачалася з адпраўкі паветранымі шарамі (1935), ракетамі (1949) у стратасферу, ШСЗ (1957) у космас эксперыментальных блокаў з жывёламі (мышы, пацукі, трусы, сабакі і інш.).

Біялагічныя даследаванні ў касмічнай прасторы праводзяць ЗША, Францыя, Германія, Італія, Японія, Індыя і іншыя.

На Беларусі даследаванні па праблемах стварэння і выпрабавання новых субстратаў для вырошчвання раслін у кантраляваных умовах праводзяць у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі, Інстытуце эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.

Зноскі

  1. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8). С. 148